Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі на строгі турэмны рэжым


Палітвязня Дзяніса Івашына, абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве, перавялі з магілёўскай калоніі ў жодзінскую турму. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка журналіста Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын. Крыніца: dzianisivashyn / Telegram

Вольга піша, што пра перавод Дзяніса на турэмны рэжым стала вядома з ліста, які ёй прыйшоў поштай. Не вядома нават, ці быў суд аб змяненні рэжыму ўтрымання, – прынамсі, блізкім пра паседжанні не паведамлялі.

«Імаверна, такім чынам таварыш Лазарэнка, начальнік ПК-15, вырашыў пазбавіцца ад «галаўнога болю» ў выглядзе нязломнага Дзяніса, яшчэ й адпомсьціць ні ў чым не вінаватаму журналісту, за тое, што таго размеркавалі ва ўстанову, якой ён кіруе, – піша жонка палітвязня. – Дробная помслівасць і апантанасць ужо сталіся хіба прыкметамі сістэмы, якая здыхае, здольная толькі псаваць і знішчаць усё, да чаго яна дакранаецца».

Дзяніс Івашын застаецца ў следчай турме № 8 у Жодзіне з 19 чэрвеня. За гэты час родныя не атрымалі ад яго ніводнага ліста.

Вольга распавядае ў сваім допісе, што сям’я Дзяніса мае некалькі пацверджанняў таго, што ў ПК № 15 у Магілёве яго збівалі.

«Адпаведна, адказнасць за гэта кладзецца на Лазарэнку А. В., вядомага тым, што ўласнаруч збіваў некаторых вязняў. І паводле закону менавіта ён адказвае за жыцці і здароўе ўсіх вязняў, якія перабываюць у калоніі, а таксама за сваіх падначаленых. Барацьба за вызваленне краіны трывае!» – піша Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 835 дзён. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 года.

14 верасня 2022 года суддзя Валер Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК РБ («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяцу калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Турэмны рэжым – гэта камерныя ўмовы ўтрымання, дзе, у адрозненне ад калоніі, зняволеныя ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі колькасцю ад 3 да 12 чалавек.

У турме ёсць два рэжымы – строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму зняволены трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода паводле рашэння начальніка ўстановы.

На строгім рэжыме не могуць трымаць цяжарных жанчын і жанчын з няпоўнагадовымі дзецьмі, а таксама асуджаных з інваліднасцю 1 і 2 групы.

Строгі рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў