Такаеў пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеіі: Трэба нешта рабіць з гэтай праблемай


Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў назваў Саюз Беларусі і Расеі «феноменам» у сусветнай гісторыі і заклікаў «нешта рабіць з гэтай праблемай». Як перадае блізкі да прэсавай службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого», прэзідэнт Казахстану выступіў на Еўразійскім эканамічным форуме ў Маскве. У форуме бярэ ўдзел і Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў выступае на Еўразійскім эканамічным форуме. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

24 траўня ў Маскве пачаўся Еўразійскі эканамічны форум. У ім прымаюць удзел кіраўнікі краінаў ЕАЭС і Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у сваім выступленні звярнуў увагу на складаную канфігурацыю еўразійскай інтэграцыі і назваў наяўнасць Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праблемай, з якой трэба нешта рабіць.

У прыватнасці казахстанскі лідар зазначыў, што ў Еразійскім эканамічным саюзе ёсць Саюзная дзяржава, «у сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен, як хочаце, стварэнне дзяржавы па формуле дзве краіны, адна дзяржава».

Такаеў засяродзіў увагу на тым, што Беларусь і Расея маюць адзіную палітычную, юрыдычную, ваенную, эканамічную, валютную, культурную і гуманітарную прастору, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам, «і нават ядравую зброю маюць адно на дваіх цяпер».

Падчас гэтых слоў Уладзімір Пуцін нешта сказаў Лукашэнку, і яны абмяняліся поціскамі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяняліся поціскамі пад словы Такаева пра адну на дваіх ядравую зброю. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

Аднак Такаеў звярнуў увагу на тое, што наяўнасць Саюзнай дзяржавы ў ЕАЭС – гэта праблема, і з гэтым трэба нешта рабіць, таму што астатнія краіны ЕАЭС маюць не такі цесны ўзровень інтэграцыі.

«Ёсць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўлены Казахстанам, Кыргызстанам, Арменіяй, і з гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах? Гэта пытанне канцэптуальнае. Нам трэба, я думаю, у тым ліку і на гэтым эканамічным форуме, абмеркаваць дадзеную праблему», – сказаў Такаеў.

Каментар
«Лукашэнка русіфікуе свой народ». У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
2023.05.24 19:58

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў