Як Гуцэрыеў хаваў свае актывы. «The Guardian» апублікавала супольнае расследаванне з камандаю «Белсату»


Журналісты высветлілі, якім чынам Міхаіл Гуцэрыеў, сябар Лукашэнкі, выводзіў з-пад санкцыяў асабнякі і капіталы.

Летась Міхаіл Гуцэрыеў, расейскі алігарх і вялікі сябар Аляксандра Лукашэнкі, трапіў пад цэлы спіс санкцыяў – і еўразвязаўскіх, і брытанскіх. Аднак вялікую долю маёмасці ён здолеў зберагчы.

Нядаўна былы працаўнік офісу Гуцэрыевых перадаў у СМІ спіс маёмасці ў Лондане, якую сям’я алігарха кантралявала праз афшорныя кампаніі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр у партнёрстве з «Белсатам», Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), «Transparency International» і «The Guardian» праверылі гэтую інфармацыю. Брытанскае выданне апублікавала расследаванне.

Адзін з абʼектаў Гуцэрыевых у фешэнебельным раёне Лондану – Паўднёвым Кенсінгтане – трапіў у скандал у 2013 годзе. Тады сямʼя расейскага алігарха пастанавіла абʼяднаць два дамы на вуліцы Кўінз-Гейт у адзін шасціпавярховы асабняк з турэцкаю лазняю, трэнажорнаю залай і памяшканнямі для персаналу. Гэта былі помнікі архітэктуры, што выклікала шмат незадаволенасцяў. Эксперты брытанскага выдання «The Times» ацанілі сумарныя ўкладанні ў гэтыя два дамы прыкладна на $ 47 мільёнаў.

Дакумент з выцеку «Архіў Пандоры» пра траст «Safmar». Крыніца: Pandora Papers
Дакумент з выцеку «Архіў Пандоры» пра траст «Safmar». Крыніца: Pandora Papers
Дакумент з выцеку «Архіў Пандоры» пра траст «Safmar». Крыніца: Pandora Papers
Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці. Крыніца: investigatebel.org
Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці. Крыніца: investigatebel.org
Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці. Крыніца: investigatebel.org
Дакумент з выцеку «Архіў Пандоры» пра траст «Safmar». Крыніца: Pandora Papers

Праз афшорныя фірмы Гуцэрыевы валодаюць яшчэ адным асабняком у цэнтры Лондану – на Грын-стрыт. У жніўні 2004 года нерухомасць купіла кіпрская фірма, сляды якой вядуць да Саіда Гуцэрыева, сына Міхаіла Гуцэрыева.

Самы дарагі будынак Гуцэрыевых – на Фліт-стрыт. У красавіку 2012 года яго купіла афшорная фірма з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адзін з бенефіцыяраў якой – Саід Гуцэрыеў, які тады толькі пачынаў сваю карʼеру. Будынак каштаваў 70 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, ці больш за 110 мільёнаў долараў.

Самы дарагі будынак – на Фліт-стрыт. Крыніца: commerciallistings.cbre.co.uk

А ў кастрычніку 2017 года група кампаніяў «Сафмар» набыла офісны будынак «Gloucester Building» у прэстыжным лонданскім раёне Гэмэрсміт за больш як 24 мільёны долараў. На паперах актыў запісалі на афшорную кампанію з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адным з бенефіцыяраў якой быў Саід Гуцэрыеў. Акрамя гэтага, пасля ўвядзення санкцыяў супраць Гуцэрыева, сямʼя пазбавілася офіснага будынку на Гэнавэр-Скўэр, яго прадалі за 92 мільёны долараў.

Офісны будынак на Гэнавэр-Скўэр, які прадалі за $ 92 млн. Крыніца: londonofficespace.com

Калі першая інфармацыя пра нерухомасць Гуцэрыевых у Лондане ў кастрычніку мінулага года ўсплыла ў выцеку «Архіў Пандоры», прадстаўнікі сямʼі заявілі The Guardian, што Міхаіл Гуцэрыеў не мае ніякага дачынення да актываў, набытых 15 гадоў таму, а ягоны сын Саід Гуцэрыеў, прадпрымальнік і афшорны бенефіцыярны ўладальнік большай часткі маёмасці, быў грамадзянінам Вялікай Брытаніі. Але Гуцэрыевы куплялі нерухомасць у Лондане ў асноўным з 2004 да 2009 года, калі Саід Гуцэрыеў яшчэ вучыўся, не працаваў і не вёў бізнесу. Некаторыя абʼекты былі набытыя кампаніямі, у канчатковым выніку кантраляванымі трастам, створаным Міхаілам Гуцэрыевым у інтарэсах Саіда Гуцэрыева. Прадстаўнікі Саіда Гуцэрыева паведамілі Бі-Бі-Сі, што ў яго не было «ніякіх дзелавых сувязяў з бацькам».

Саід Гуцэрыеў.
Фота: safmargroup.ru

Мы накіравалі запыт у брытанскае Міністэрства фінансаў, які сочыць за выкананнем санкцыяў, а таксама сямʼі Гуцэрыевых, але не атрымалі адказу.

Як санкцыі адбіліся на Гуцэрыеве?

За дзесяць дзён да ўвядзення санкцыяў алігарх пакінуў узначалены ім савет дырэктараў «Роснефти», а каля 37 % акцыяў сваёй ключавой структуры перадаў брату Саіт-Саламу Гуцэрыеву, які ператварыўся ў захавальніка ўсіх галоўных нафтавых актываў сямʼі.

Сын Гуцэрыева таксама паспяшаўся скінуць актывы. Ён пакінуў пасаду кіраўніка нафтагазавай кампаніі «Фортэінвест», якую ўзначальваў з 2014 года, прадаў долі ў трох крыптабіржах кампаньёну Пракапеню і міжнароднай крыптабіржы FTX. У кастрычніку 2021 года Гуцэрыеў-малодшы адрокся ад беларускага «Парытэтбанку» на карысць малавядомага расейскага прадпрымальніка.

Нагадаем, Міхаіл Гуцэрыеў ужо расставаўся з «Роснефтью» ў 2007 годзе, калі быў вымушаны пакінуць Расею і прадаць кампанію Міхаілу Прохараву праз крымінальны пераслед. Але ў 2010 годзе з алігарха знялі ўсе абвінавачанні, бізнесовец вярнуўся ў Расею і выкупіў 49 % «Роснефті». Да 2013 года ён аднавіў кантроль у кампаніі. То бок Гуцэрыеў-старэйшы ўжо меў досвед працы ва ўмовах абмежаванняў.

Асабняк сям’і Гуцэрыевых у цэнтральным Лондане на Грын-стрыт. Крыніца: buildington.co.uk

Аднак нельга сказаць, што санкцыі зусім не закранулі Міхаіла Гуцырыева. Цяпер пад пытаннем аказалася рэалізацыя самага амбітнага праекту расейскага бізнесоўца ў Беларусі – будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбінату (ГАК), як ібліжэйшымі гадамі павінен быў вырабляць да 2 мільёнаў тон калійных угнаенняў за год.

Узводзіць камбінат кампанія «Слаўкалій», у якой старшыняваў Міхаіл Гуцэрыеў. Будаўніцтва ішло, пакуль не былі ўведзеныя заходнія санкцыі ў дачыненні Гуцэрыева і ягоных структураў. Не ўратавала нават перадача Гуцэрыевым брату Саіт-Саламу кантролю над акцыянерам «Слаўкалію» – брытанскай «GCM Global Energy». У выніку ўлетку 2021 года Банк развіцця Кітаю не пералічыў чарговага траншу «Слаўкалію», а еўрапейскія кампаніі адмовіліся працаваць з кампаніяй, якая і сама трапіла пад санкцыі. Будоўля новага калійнага камбінату застопарылася.

Стужка навінаў