Разбіраемся, чаму польскія транспартнікі вінавацяць у сваіх праблемах беларусаў і расейцаў


22 сакавіка ў Польшчы адбыўся страйк польскіх транспартнікаў. Больш за 200 грузавікоў сабраліся на дарогах і арганізаванай калонай праехалі ў кірунку Варшавы. Асноўная прычына забастоўкі – выцясненне польскіх дальнабойнікаў з рынку беларускімі і расейскімі кіроўцамі. Страйкоўцы выставілі свае патрабаванні да ўраду і далі 14 дзён на іх выкананне. «Белсат» разбіраўся, што гэта за патрабаванні, у чым прычына іх з’яўлення.

Паразмаўлялі з прадстаўнікамі беларускіх транспартных кампаній ў Польшчы, каб зразумець, што адбываецца ўнутры галіны, звязанай з перавозкамі.

22 сакавіка страйкоўцы пачалі збірацца а 10-й гадзіне раніцы. Пасля прэс-канферэнцыі дзве сотні грузавікоў вырушылі ў бок Варшавы па галоўных дарогах Польшчы. Спачатку калоны не перашкаджалі руху іншых аўтаў, але пасля 13-й гадзіны на адной з дарог утварыўся вялізны затор, які цягам дзвюх гадзінаў фактычна перакрываў аўтамабільны рух. Калоны не заязджалі ў саму Варшаву, а толькі аб’ехалі вакол яе. Такім чынам кіроўцы вырашылі звярнуць увагу на свае патрабаванні.

Страйкоўцы падчас прэс-канферэнцыі.
Фота: Twitter/@KONFEDERACJA

У чым жа сутнасць гэтых патрабаванняў і чаго хочуць дамагчыся польскія транспартнікі?

Арганізатарамі страйку сталі кампаніі з Люблінскага ваяводства і палітыкі польскай правай партыі «Канфедэрацыя». Як сцвярджаюць страйкоўцы, у выніку дзіравых санкцый польскія перавозчыкі страцілі доступ да ўсходніх рынкаў, а беларускія і расейскія прадпрыемствы могуць іх абыходзіць без вялікіх цяжкасцяў. У той жа час украінскія перавозчыкі беспадстаўна атрымліваюць аднабаковыя льготы. Многія транспартныя кампаніі стаяць зараз на мяжы банкруцтва па прычыне недобрасумленнай замежнай канкурэнцыі, сцвярджаюць удзельнікі страйку. Але польскі ўрад, адзначаюць яны, з гэтым нічога не робіць. Асноўнай задачай арганізатараў акцыі ёсць жаданне змяніць гэтую сітуацыю і не даць разваліцца адной з найважнейшых галін польскай прамысловасці.

Усяго страйкоўцы высунулі 4 асноўныя патрабаванні:

  1. Блакаванне ўезду расейскіх і беларускіх паўпрычэпаў у Польшчу.

Паводле словаў Рафала Меклера, кіраўніка «Канфедэрацыі» ў Любліне і аднаго з арганізатараў страйку, кампаніі з Расеі і Беларусі паступова выцясняюць польскіх транспартнікаў з рынку.

«Сёння яны ў стане забяспечыць кліентаў транспартам на ўсім участку паміж, напрыклад, Заходняй Еўропай і Беларуссю, таму што, у адрозненне ад нас, ім не трэба перагружаць тавары на мяжы. Беларускія і расейскія кампаніі, у якіх ёсць свае філіялы ў Польшчы, сёння фактычна не маюць ніякай канкурэнцыі», – адзначае Меклер.

  1. Забарона на рэгістрацыю ў Польшчы кампаній з беларускім і расейскім капіталам.

Адзначаецца, што беларусы і расейцы ствараюць у Польшчы ў першую чаргу транспартныя і лагістычныя кампаніі па прычыне выгаднасці гэтага бізнесу. Сапраўды, з сакавіка 2022 года ў Польшчы назіраецца інтэнсіўны рост атрыманых ліцэнзій на міжнародныя перавозкі. Толькі за першыя 7 месяцаў 2022 года было выдадзена 5,8 тыс. ліцэнзій на перавозкі аўтамабілямі масай звыш 3,5 тоны.

  1. Увядзенне адказнасці адправіцеля грузаў за аплату паслуг транспартнай кампаніі.

Паводле словаў Рафала Меклера, неабходна паўплываць на адпраўшчыкаў грузаў, каб яны больш адказна выбіралі пасярэднікаў. «Мы хочам увесці заканадаўчы абавязак адпраўшчыка грузаў аплаціць паслугу, калі пасля перавозкі высветліцца, што пасярэднікі неплацежаздольныя». Ён адзначыў, што ўсё яшчэ здараюцца выпадкі, калі з-за ўдзелу ў лагістычным ланцужку так званых «лжээкспедытараў» перавозчыкі не атрымліваюць аплату пасля выканання заказу.

  1. Вяртанне дазволаў для ўкраінскіх перавозчыкаў на двухбаковыя перавозкі.

Страйкоўцы патрабуюць увядзення дазволаў для перавозчыкаў з Украіны на тэхнічныя патрабаванні да іх аўтамабіляў (мінімальны дазвол на аўто стандарту Еўра-3).

«Мы будзем патрабаваць ад урада аднавіць гэтыя патрабаванні, а таксама ўвесці ўмову, што перавозчык, які ўязджае ў Польшчу з Украіны, павінен выкарыстоўваць транспартны сродак, які адпавядае стандарту Еўра-3. Такая экалагічная ўмова ў свой час была ўведзена ўкраінскім бокам, але не нашым», – падкрэсліў Рафал Меклер.

Трэба адзначыць, што не ўсе прадстаўнікі транспартнай галіны Польшчы падтрымалі патрабаванні страйкоўцаў. Сярод іх – прэзідэнт асацыяцыі TLP («Transport i Logistyka Polska») Мацей Вроньскі. «Мне па-чалавечы сорамна. Мне сорамна за маіх калег-перавозчыкаў, якія не разумеюць, што (…) ва Украіне гінуць людзі, руйнуецца суседняя краіна, а яе абаронцы спыняюць расейскую агрэсію. Агрэсію, якая, калі б не іх барацьба, праз некалькі гадоў магла б распаўсюдзіцца на Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію», – адзначыў ён.

Мацей Вроньскі таксама выказаў неразуменне таго, чаму трэба забараняць або абмяжоўваць адкрыццё бізнесу ў Польшчы беларусам:

«Падчас апошніх сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў яны паказалі, што як нацыя яны на баку дэмакратыі. Канечне, яны павінны дзейнічаць у адпаведнасці з польскім законам, як і польскія перавозчыкі. І тут з’яўляецца роля польскіх правяраючых службаў, якія павінны сачыць за тым, каб закон выконваўся. У кампаніях як з польскім, так і з беларускім капіталам», – заявіў ён.

Мы паразмаўлялі з беларусамі, якія працуюць у транспартнай сферы ў Польшчы, каб зразумець, як ставяцца да гэтай сітуацыі нашы суайчыннікі.

Адзін з нашых суразмоўцаў, які папрасіў застацца ананімным, сапраўды пацвердзіў, што ў Польшчы цягам мінулага года адкрылася нямала кампаній, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца беларусы і расейцы. Гэта ўсё стала выклікаць незадаволенасць польскіх транспартнікаў.

Справа ў тым, кажа суразмоўца, што ў Расею польскія перавозчыкі не едуць з-за санкцый, накладзеных Расейскай Федэрацыяй (дзейнічаюць да 30 чэрвеня 2023 года). Праз Беларусь ім таксама праезд закрыты (з 17 лютага 2023 года). Адзінае, што зараз могуць рабіць польскія перавозчыкі, – гэта прыехаць з прычэпам і выгрузіць тавар на склад часовага захоўвання або «абмяняцца» на мяжы прычэпамі, загружанымі таварамі, з беларускай кампаніяй. Але рызыкі такога «абмену» вельмі высокія, бо гарантый вярнуць свой прычэп у будучыні няма. Таму застаецца апошні варыянт – перагрузка тавара на мяжы. А гэта звязана з часавымі і, натуральна, грашовымі выдаткамі. У той жа час, нават паводле саміх польскіх перавозчыкаў, беларусы і расейцы з такімі праблемамі не сутыкаюцца. Так, па словах польскага транспартніка Давіда Сворчука, у мінулым годзе «беларускія паўпрычэпы перавозілі цягачы польскіх кампаній. Ад мяжы на захад за таварамі адна кампанія, назад – іншая. Цяпер усе перавозкі абслугоўвае перавозчык з беларускім або расейскім капіталам».

Трэба адзначыць, што ўсходні напрамак з-за вышэйшых ставак усё адно застаецца для польскіх перавозчыкаў больш цікавым, чым заходні.

Пры гэтым на фоне ўсіх падзей суразмоўца адзначае хвалю праверак, якія пачаліся ў Польшчы сярод транспартных кампаній з беларускім і расейскім капіталам. Падчас іх інспектары звяртаюць увагу фактычна на ўсё – ад рэгістрацыі да выканання правілаў тэхнікі бяспекі. «Магчыма, гэта такі спосаб адсейвання», – рэзюміруе ён.

«Спрабуюць зрабіць вінаватымі беларусаў і расейцаў»

Зусім іншую прычыну ў з’яўленні патрабаванняў, агучаных страйкоўцамі, бачыць транспартнік з Бялай-Падляскі Ілья, які адначасова з’яўляецца прадстаўніком ініцыятыўнай групы па стварэнні Асацыяцыі незалежных перавозчыкаў Польшчы. Ён кажа, што патрабаванні паўсталі на фоне палітычнай барацьбы, якая разгортваецца напярэдадні выбараў, што маюць прайсці ў Польшчы напрыканцы года.

«Такія партыі, як радыкальная правая «Канфедэрацыя», спрабуюць хайпануць на гэтай тэме. Бо тыя патрабаванні, якія яны высоўваюць, абсурдныя, непрымальныя для нармальнай рынкавай эканомікі, гэта такая дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце», – кажа Ілья.

Ён адзначае, што нават польскія чыноўнікі з іншых саюзаў аўтамабілістаў гавораць пра тое, што немагчыма кантраляваць фірмы, зарэгістраваныя беларусамі ці ўкраінцамі, але пры гэтым не правяраць кампаніі, у якіх уладальнікамі з’яўляюцца палякі. Замест таго, каб агучваць сапраўдныя праблемы ў транспартнай сферы, лічыць суразмоўца, страйкоўцы спрабуюць зрабіць вінаватымі беларусаў і расейцаў, як гэта яшчэ да пачатку вайны было з украінцамі.

На думку Ільі, страйк не мае шырокай падтрымкі па ўсёй Польшчы. Яму даводзіцца часта размаўляць з калегамі, і ўсе яны цудоўна разумеюць, што праблема не ў беларусах і расейцах, а ў новых санкцыйных спісах, новых забаронах, закрытых пераходах, у змяненні эканамічнай сітуацыі на рынках і г.д. Усё гэта правакуе лагістычны спад, зніжэнне інтэнсіўнасці перасоўвання тавараў і як вынік падзенне ставак.

«Мы палічылі, што адкрылася 100 фірмаў транспартных за прошлы год у Бялай-Падлясцы. Па ўсёй Польшчы, можа, тысяча. У сярэднім на гэтых фірмах было 2-3 машыны. Гэта ў суме 2-3 тысячы. А ўсяго ў Польшчы – 700 тысяч зарэгістраваных фур. Вы ж разумееце, што гэта кропля ў моры. Гэта такі малы працэнт, ад якога нічога не можа залежаць», – звяртае ўвагу транспартнік.

Страйкоўцы далі ўладам 14 дзён на адказ на іхныя патрабаванні. Мы будзем сачыць за тым, як будзе развівацца гэтая сітуацыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў