Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы


Тут пануе свабода выбару і палітычных перакананняў. Адны рыхтуюцца да партызанскага руху, іншыя – да ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Але ўсе ведаюць, дзе на целе маецца заглыбленне, у якое гэтак спрытна прылягае прыклад аўтамата. Адно што рэплікаў зброі і ўніформы ўжо бракуе, а фінансавай дапамогі няма. За некалькі тыдняў да Дня Волі «Белсат» пабываў на палявым выхадзе варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння.

Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

12 сакавіка, на гадзінніку – 14:00, мёрзлы бясснежны лес каля Варшавы. Дзяўчына ў балаклаве сціскае ў руках аўтамат. «Вы…» – «Звяртайцеся да мяне Манро». – «Мэрылін Манро?» Замест адказу дзяўчына ссоўвае чорную балаклаву ніжэй за падбароддзе. Усе змаўкаюць і глядзяць на нас. А ў нас – заняло мову…

Манро: Больш камфортна, чым на абцасах

Манро смяецца і адкладае аўтамат. На фоне партызанскіх соснаў і парваных хмараў над верхавінамі дрэваў дзяўчына выглядае фантастычна. Вельмі падобная да амерыканскай кіназоркі 1950-х. Як кажуць, волас у волас. Такая ж чароўная. З-пад шапкі выбіваецца бялявая пасмачка.

Кажа, што пачала наведваць заняткі Паспалітага рушэння ў студзені, навучылася ўжо тактыцы і стойкам, а галоўнае – карыстацца зброяй:

«Да прыходу сюды я ўяўляла сабе, што вось пачынаецца вайна, каля мяне ляжыць аўтамат, а я не ведаю, што з ім рабіць. І тады пастанавіла далучыцца да рушэння. Лічу, што сёння кожны павінен валодаць зброяй. Бо трэба быць пільным і падрыхтаваным, калі твой сусед – Расея».

На выгляд ёй каля 25 гадоў. Высокая і шчуплая, апранутая ў вайсковую, на некалькі памераў завялікую куртку. Але Манро пасуе. Прызнаецца, што ёй камфортна і ў гэтым адзенні, і ў берцах.

Манро з аўтаматам стаіць у цэнтры.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У кожным разе больш камфортна, чым на абцасах, – смяецца. – З формай у нас сапраўды праблема. Прыходзяць новыя людзі, і яны пакуль не маюць вайсковага адзення. Штосьці полк Каліноўскага дасылае, дзелімся з іншымі харугвамі. Так і існуем…»

Кедышка пра тое, чаму гэта не страйкбол

Удзельнікі варшаўскай харугвы адзетыя сапраўды троху па-партызанску – неаднастайна. Ва ўніформе толькі тыя, хто запісаўся ў харугву з пачатку года. Рэкруты-навабранцы пакуль збольшага ў цывільным.

Тых, хто прыйшоў у гэты дзень у харугву ўпершыню, шасцёра чалавек. Камандзір варшаўскай харугвы асобна адпрацоўвае з імі каманды і ўскідванне аўтамата. Страйкбольныя рэплікі зброі таксама розныя.

Калі не прыслухоўвацца да тлумачэнняў камандзіра, можа падацца, што гэта звычайны інструктаж страйкбольнай каманды. Але прэс-сакратар Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка, які таемнымі сцежкамі прывёў нас на месца заняткаў, тлумачыць, што паміж трэнаваннем рушэння і страйкболам маецца прынцыповая розніца.

«Страйкбалісты – людзі, якія ўсё жыццё гуляюцца ў салдацікаў. Для іх гэта хобі. А мы не бавімся – мы рыхтуемся. Людзі вымушана гэтым займаюцца, бо нармальны грамадзянін не можа стаяць у баку ад таго, што адбываецца.

Мусім пачаць рыхтавацца да вызвалення радзімы. Мы выехалі, але не забыліся на Беларусь. І не забудземся», – кажа Сяржук Кедышка (дарэчы, стрыечны ўнук таго самага героя – падпольшчыка Мікалая Кедышкі, чыім імем названая вуліца ў Менску).

Што да зброі, тлумачыць, то так: яна тут такая ж, як у страйкболе, пнеўматычная (ASG, або airsoft guns), інакш – страйкбольная рэпліка зброі, ці прывады.

«Але гэта не палка і не камень, гэта муляж зброі. Чалавек атрымлівае навыкі, як прыціскаць, цэліць, націскаць на цынгель. І калі ў руках апынецца баявая – не разгубіцца і будзе ведаць, што рабіць», – расказвае Кедышка.

«Ніякія спецслужбы нас не фінансуюць»

Паводле Сержука Кедышкі, за апошні месяц Паспалітае рушэнне паболела на 100 чалавек (агулам цяпер каля 250 рэзервістаў). Людзі пачалі актыўна запісвацца ў харугвы пасля абвяшчэння рушэннем сваёй самастойнасці 8 лютага 2023 года. Кедышка кажа, што з такім наплывам рэкрутаў пакуль не могуць даць рады, бо бракуе рук, каб хутка верыфікаваць усіх кандыдатаў. Людзі чакаюць ухвалення некалькі тыдняў. Формы і страйкбольных прывадаў на ўсіх навабранцаў не стае.

Прэс-сакратар Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І гэта наш пакуль асноўны клопат – як знайсці рэсурсы, каб працягваць справу і прыцягваць новых людзей. Яшчэ раз заяўлю афіцыйна: ніякія спецслужбы нас не фінансуюць, як не фінансуе і польскі ўрад. Але ад Аб’яднанага кабінету таксама пакуль што мала дапамогі. Так, былі перамовы і сустрэча ў офісе Святланы Ціханоўскай. Мы атрымалі невялікую дапамогу, але яна разавая.

І гэта парадаксальна, бо ідзе вайна, у якую ўцягнутая Беларусь, а такая структура, як мы, раптам аказваецца нікому не патрэбнай. Нам кажуць: ага, вельмі добра, што вы ёсць, дзякуй вам і – развіцця! На гэтым усё», – наракае прэс-сакратар Паспалітага рушэння.

Фінансавы збор на закуп 100 камплектаў экіпіроўкі для «Паспалітага рушэння» абвясціў нядаўна BYSOL, так што дапамагчы добраахвотнікам цяпер можа кожны беларус.

Сяржук дадае: нягледзячы на цяжкасці, рушэнне працягне развівацца і рухацца наперад («Няма варыянтаў»). І працягне рыхтаваць людзей для вайсковых падраздзяленняў беларусаў ва Украіне. Прычым да гэтага, як сцвярджае Кедышка, ніхто нікога не прымушае. Паехаць ці не паехаць ваяваць ва Украіну – справа не кантракту ці прымусу, а добрай волі («Няма такога, што мы вось цябе тут «паднатаскаем» – і ты абавязаны ісці на вайну»).

Паводле Сержука, з харугваў на вайну выправіліся ўжо 15 чалавек, адзін з іх паехаў нядаўна ва Украіну са сцягам Паспалітага рушэння. Арганізацыя рыхтуе рэзерв для ўсіх беларускіх падраздзяленняў (не толькі для палка Каліноўскага), якія бʼюцца за свабоду Украіны.

Ніксан: Працую, каб зарабіць грошай і купіць амуніцыю

Трэнаванне адбываецца на беразе невялікага стаўка, зарослага сухім чаротам. Вакол – лес, які вельмі нагадвае беларускі (Заслаўль? Лагойск?). Сосны і бярозы зазіраюць у чорную ваду. Халодна. 

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Патруль, кантакт, калена!» – гучаць каманды з боку групы навабранцаў.

Бывалыя займаюцца тапаграфіяй, вымяраюць даўжыню сваіх крокаў, каб потым шукаць паводле каардынатаў пазначаныя ў партызанскім лесе меткі. А рэкрутам абвяшчаюць перакур.

«У лістападзе 2021 года прыехаў сюды, пайшоў на працу, каб зарабіць грошай і купіць амуніцыю. Потым запісаўся ў Паспалітае рушэнне. З самага пачатку вайны вырашыў, што павінен быць ва Украіне. Не магу згадзіцца з тым, што там гінуць дзеці і мірнае насельніцтва», – расказвае адзін з навабранцаў з пазыўным Ніксан.

Прызнаецца, што ўжо «цвёрда пастанавіў ехаць» у полк Каліноўскага бараніць Украіну, а пасля перамогі – вызваляць і Беларусь «ад гэтага Лукашэнкі паганага і ад расейскіх акупантаў». Ніксан кажа, што ваеннаю справаю зацікавіўся яшчэ ў 2014-м: чытаў кнігі, глядзеў ваенныя дакументалкі, вывучаў тэхніку бою. Сённяшнія заняткі яму вельмі спадабаліся.

«Як камандзір? Ой, вельмі прыемны чалавек», – гаворыць рэкрут Ніксан.

Камандзір варшаўскай харугвы просіць пра радыкальную ананімнасць, каб не называлі нават ягонага пазыўнога. Ён мае ваенны досвед і ахвотна дзеліцца ім з навічкамі, а сам пры гэтым адточвае свае навыкі. Паводле камандзіра харугвы, новыя людзі прыходзяць пастаянна. У варшаўскай сабралася больш за ўзвод. Заняткі праходзяць паводле праграмы, распрацаванай для ўсіх беларускіх харугваў у Польшчы. Збор – два дні на тыдзень. У залежнасці ад плану на дзень, ад трох да шасці гадзінаў. Лакалізацыя збораў пастаянна змяняецца. Бываюць і вечаровыя, і начныя трэнаванні.

Манро з аўтаматам ляжыць злева.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэтак, сёння на занятках каля 20 чалавек, у тым ліку шасцёра рэкрутаў, з якімі мы займаліся базаю: стойкі, ускідванні, палажэнні і гэтак далей. Дзяўчаты? Дзяўчаты да нас з самага пачатку ходзяць. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але дзяўчаты яшчэ больш старанныя, чым хлопцы, да іх наагул няма пытанняў, малайцы», – адзначыў камандзір харугвы.

Мона: Сіла і гвалт – гэта спосаб камунікацыі

Карыстаюся перакурам (хоць амаль ніхто не курыць), каб паразмаўляць з рэзервісткаю з пазыўным Мона. Гледзячы, як усім целам дрыжыць ад холаду журналіст «Белсату», Мона прапануе гарбаты і з усмешкай зазначае, што гэта не самы халодны дзень («Займаліся і на марозе»). Жанчына пазірае на нас цёмнымі цёплымі вачыма з-пад акуляраў, але цалкам твару не паказвае. 

Кажа, што ў 2020 годзе ёй было «дзіўна назіраць», як пратэстоўцы адмаўляліся ад сілавога супраціву, бо верылі, што ГУБАЗіК ці АМАП будуць мець літасць хаця б да дзяцей і жанчын:

«Гэта была ілюзія. Тым, хто разумее толькі мову гвалту і моцы, трэба адказваць на зразумелай ім мове. І я вырашыла асвоіць гэтую мову. Бо акурат яна цяпер патрэбная. Як спосаб камунікацыі з імі. На іншай з намі ніхто не будзе размаўляць: ні Лукашэнка, ні ягоныя ланцужныя сабакі. Толькі на мове страху і мове моцы. Гэта мой адказ на пытанне, чаму я прыйшла ў Паспалітае рушэнне».

Гэтаю моваю Мона ўжо троху валодае, прызнаецца. Не выключае, што праз некаторы час можа апынуцца ва Украіне, каб бараніць людзей, якія калісьці прытулілі ды абаранілі яе ад рэпрэсіяў. Але галоўная мэта – вызваленне Беларусі і вяртанне туды дэмакратыі.

Ігнацы: Толькі блытацца буду паміж вайскоўцамі

Адзін з удзельнікаў харугвы адасабляецца, падыходзіць да берага стаўка і летуценна пазірае ўдалечыню. Пазыўны – Ігнацы. Добрая беларуская мова. У цывільным жыцці даследуе беларускую культуру. «Я больш творчы чалавек», – прызнаецца.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я не пайшоў ваяваць ва Украіну. І пакуль не збіраюся, бо лічу, што гэта больш украінская справа, але калі б меў большы досвед – паехаў бы, чаму не. Пакуль жа ад мяне там толку будзе мала – толькі блытацца буду паміж вайскоўцамі», – пасміхаецца Ігнацы.

Зазначае, што сэнс цяперашняга Паспалітага рушэння, на жаль, не зусім адпавядае таму шляхетнаму сэнсу, які яму надаваўся ў ВКЛ, бо цяпер рушэнне фармуецца не на беларускай зямлі:

«Але апынаешся ў асяродку людзей, якія прагнуць быць разам і прагнуць вызвалення Беларусі. Такая нашая атмасфера. Няхай у эміграцыі, але ты паміж беларусаў і адчуваеш утульнасць».

«Граната!» – гучыць раптам за нашымі спінамі. Шукаю вачыма дрэва, каб схавацца, але да найбліжэйшай сасны – метраў 30. Аказваецца, трэба падаць. На жывот ці на спіну. Першы (point man) – абавязкова падае на спіну, каб мець магчымасць назіраць і, калі трэба, адстрэльвацца. Ногі самкнутыя…

Раман Халілаў: Тут не важна, як ты называеш Бога

Усё гэта расказвае і паказвае групе рэзервіст з пазыўным Рокі. Тлумачыць, чаму з гарантамі не заўсёды працуе правіла трох секундаў (дэтануе па трох секундах пасля адстрэлу скабы). Часу ў таго, да каго прыляціць граната, можа быць менш, бо, па-першае, граната можа быць саматужна мадыфікаваная, а па-другое («і гэта папулярна ў русні»), той, хто яе кідае, можа затрымаць яе ў руцэ лішнія пару секундаў…

Раман Халілаў, удзельнік харугвы Паспалітае рушэнне.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прызямляемся, ногі зводзім разам – і каб былі гатовыя працягваць весці агонь…» – камандуе Рокі.

Пад пазыўным Рокі і пад чорнаю балаклаваю крыецца вядомая асоба – анархіст Раман Халілаў. Кажа нам, што ў ягоным выпадку захоўваць ананімнасць не мае асаблівага сэнсу, бо яго і так усе і ўсюды пазнаюць. Хаця б паводле аксамітна-чорных бяздонных вачах.

«Не, я тут не інструктар, хоць і маю пэўную падрыхтоўку. Проста праз адсутнасць фінансавання мы не можам аплочваць працы інструктараў, таму, калі хто штосьці ўмее, паказвае іншым. Усё трымаецца на энтузіязме. Гэта вымушана. Я сябе вычарпальным экспертам у сапёрскай справе не лічу», – смяецца Раман Халілаў.

Прызнаецца, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне перагледзеў свае анархісцкія погляды:

«Бо твае тэорыі – яны ў кніжках, а людзі паміраюць тут і цяпер. Ты можаш крытыкаваць і ўкраінскую дзяржаву, але разумееш: калі яна прайграе, людзі, пра якіх ты рупішся, апынуцца ў пекле. Зло, несправядлівасць, тыранію, катаванні, забойствы і галечу – усё гэта прынясе Расея. І ты разумееш, што твой абавязак як чалавека, які змагаецца за раўнапраўе і дэмакратыю, быць з гэтымі людзьмі, баронячы іхныя свабоды. А кніжкі, яны і ёсць кніжкі».

Кажа, што даўно разумеў: ад Лукашэнкі не пазбавіцца мірнымі пратэстамі ці перамовамі. Раман можа пайсці на перамовы хіба толькі ў выпадку поўнага пройгрышу Расеі. А калі тая прайграе, але захавае сілы, каб уплываць на Беларусь, тады ўзнікае шмат пытанняў…

«Што я дакладна ведаю, дык гэта тое, што Лукашэнка не пойдзе з нейкіх гуманістычных меркаванняў. Гэтага не будзе. У ім няма нічога чалавечнага. Таму так: спадзявайся на лепшае – рыхтуйся да горшага. То бок калі спатрэбіцца партызанскімі дзеяннямі са зброяй у руках вычышчаць гэтае зло ў Беларусі, я буду да гэтага гатовы. Таму і прыйшоў сюды, да гэтага і рыхтуюся», – падсумоўвае Халілаў.

Раман мяркуе, што на голым энтузіязме, без фінансавай падтрымкі Паспалітае рушэнне можа трываць яшчэ якіх паўгода, але потым пачнуцца праблемы («На сваім унутраным гарэнні людзі доўга не працягнуць»). А ў будучым адсутнасць падрыхтоўкі і матэрыяльна тэхнічнага забеспячэння можа выліцца ў чыесьці жыцці, кажа. Важная справа патрабуе падтрымання.

«Так, тут як адна сямʼя. Тут не важна, як ты называеш Бога. Размаўляеш па-беларуску ці на расейскай. Не важныя і твае палітычныя погляды. Важнае толькі тое, што ты хочаш бачыць Беларусь свабоднай дэмакратычнай краінай і які ты баец. Усё другараднае адпадае», – зазначае Раман Халілаў, які не можа паехаць ваяваць ва Украіну, бо мае забарону на ўезд па лініі СБУ.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Мы станем усенародным рухам»

Невядома, ці Бог (як бы яго ні называлі) прыдумаў гэтае заглыбленне каля пляча, да якога гэтак спрытна прылягае прыклад «калаша», але ўсе рэзервісты і рэзервісткі ўжо ведаюць пра яго. Некалькі групаў разыходзяцца па каляваршаўскім лесе (рыхтык каля Менску) у пошуках метак – паводле пазначаных каардынатаў. Ніякіх тэлефонаў і гугл-мапаў – у руках толькі компасы.

«Мы станем усенародным рухам, бо… Нават калі не кажам, што ідзе вайна на тэрыторыі Беларусі, то яна акупаваная. І калі хочам вярнуцца дадому, а я вельмі хачу і вельмі па ім сумую, мы мусім ператварыцца ў сапраўднае народнае рушэнне.

Рабіць гэта, бо ніхто за нас гэтага не зробіць», – кажа на развітанне Манро, і з-пад ейнай кепкі выбіваецца бялявая пасмачка.

Сілуэты Манро, Рокі, Белага, Ігнацыя ды іншых беларусаў знікаюць у гушчары польскага лесу. Патаемнымі партызанскімі сцежкамі прабіраемся да аўтамабіля. Неба над Варшаваю рэпетуе вясну. Над Беларуссю – таксама.

Беларускія харугвы Паспалітага рушэння існуюць на сёння ў Польшчы ў шасці гарадах – у Беластоку, Варшаве, Вроцлаве, Гданьску, Лодзі і Познані. Дзве харугвы дзеяць і ў Літве – у Вільні і Коўне. Каб далучыцца да Паспалітага рушэння, пішыце ў чат-бот у тэлеграм-канале арганізацыі.

Аб’ектыў
«Паспалітае рушэнне» далучылася да супрацьстаяння
2023.02.09 22:24

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў