Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны выехаў з Беларусі


Пра тое, што былы палітвязень Міхаіл Жамчужны выехаў з Беларусі, сталася вядомым дзякуючы анонсу сустрэчы з ім у Вільні. Агулам на радзіме ён прабыў за кратамі 11 гадоў.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны. Віцебск, Беларусь. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Апошняя дагэтуль згадка пра Міхаіла Жамчужнага ў медыях з’явілася 25 студзеня. Тады паведамлялася, што яго затрымалі падчас маштабнага рэйда сілавікоў супраць былых палітвязняў і іх сваякоў. З таго моманту аніякіх звестак пра лёс Жамчужнага не было.

Сёння Telegram-канал арганізацыі «Дапамога» паведаміў пра сустрэчу з актывістам у Вільні:

«Экс-палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо некаторы час як выехаў з Беларусі і жыве ў Замку, куды сёння, 24 лютага, запрашае вас на сустрэчу-дыскусію».

Замкам называюць дом у Вільні для беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў і вымушаныя былі бегчы з Беларусі. Там уцекачоў падтрымоўваюць валанцёры «Дапамогі».

Міхаіл Жамчужны быў асуджаны ў 2015 годзе на 6,5 года калоніі за нібыта падбухторванне да наўмыснага выдавання звестак, што складаюць службовую тайну, незаконнае набыццё сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама за дачу хабару. Ён выйшаў на волю 19 лютага 2021 года.

Яшчэ раней, у 2007 годзе, Жамчужнаму далі 5 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Як паведамлялі праваабаронцы, тады спадар Міхаіл зазнаў крымінальны пераслед, бо адмовіўся ад супрацы з КДБ.

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў