«Мы пабачылі д'ябла на зямлі». Уладзімір Зяленскі даў прэс-канферэнцыю ў гадавіну вайны


Прэзідэнт Украіны зладзіў прэс-канферэнцыю на гадавіну пачатку расейскага ўварвання. На яе акрэдытавалі больш за 300 журналістаў. На іхныя пытанні Уладзімір Зяленскі адказваў амаль 2,5 гадзіны, перадае карэспандэнт «Белсату».

Пачалася прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. На пачатку прэзідэнт Украіны ўшанаваў памяць загінулых хвілінай маўчання. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Сёння – гадавіна пачатку вайны ва Украіне. У краіне адзначаюць Дзень нязломнасці.

Ва ўступным слове Уладзімір Зяленскі падзякаваў журналістам за працу.

«Нізкі паклон вам за то, што вы гаворыце пра Украіну, увесь свет ведае пра Украіну», – сказаў прэзідэнт і абвесціў хвіліну маўчання ў памяць журналістаў, што загінулі падчас вайны.

На пытанне пра тое, як ён бачыць перамовы, Зяленскі распавёў, што Украіна прапанавала формулу міру на G20. Там ёсць фіксацыя міру і заканчэння вайны, гарантыі бяспекі для нас і ўсёй Еўропы. «Мы ідзем да дыпламатычнай фіксацыі канца вайны», – запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што хоча, каб гэтую формулу падтрымалі краіны з розных кантынентаў, Афрыкі Лацінскай Амерыкі, Кітаю.

Пачалася прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. На пачатку прэзідэнт Украіны ўшанаваў памяць загінулых хвілінай маўчання. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Уладзіміра Зяленскага папрасілі пракаментаваць галасаванне ў Генасамблеі ААН за рэзалюцыю, ухваленую 23 лютага. Адна з сямі краінаў, што прагаласавалі супраць, – Беларусь. Прэзідэнт заявіў, што гэтым дзяржавам складана давесці пра жахі вайны.

«Няўжо трэба, каб вайна прыйшла ў кожную краіну, каб гэта зразумець?» – сказаў Зяленскі.

Зяленскі пракаментаваў мірны план Кітаю, сказаў, што гэта толькі думкі, аднак важна, што Пекін гаворыць пра Украіну.

«Пытанне – што пойдзе за словамі. Які будзе вынік для нас? Ёсць думкі, з якімі я не пагаджаюся. Але гэта – ужо хаця штосьці. Мы мусім гэта выкарыстаць і папрацаваць з Кітаем. Нашая задача – сабраць усіх, каб ізаляваць аднаго».

Пачалася прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. На пачатку прэзідэнт Украіны ўшанаваў памяць загінулых хвілінай маўчання. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Украінскі лідар сказаў, што проста зараз не гатовы да перамоваў з Расеяй. Напачатак агрэсар мусіць прызнаць права ўкраінцаў жыць на сваёй зямлі, спыніць бамбаванне, забойства, пашкоджанні інфраструктуры.

Зяленскі заявіў пра планы стварыць спецыяльны трыбунал для Расеі на пляцоўцы ААН, аднак большасць краінаў баяцца ствараць такія трыбуналы і нават думаць пра гэта.

Уладзімір Зяленскі распавёў, хто расчараваў яго пасля пачатку вайны: гэта тыя асобы, якія мусілі абараняць гарады і вёскі, але ўцяклі. Таксама ён прызнаў, што за год нарабіў багата памылак, але яны не былі фатальнымі. Самай жудаснай падзеяй прэзідэнт назваў паездку ў Бучу:

«Самы страшны дзень – Буча, тое, што я там пабачыў. Было вельмі страшна. Мы пабачылі, што д’ябал ёсць на зямлі».

Прэзідэнт Украіны выказаў надзею, што некалі краіна атрымае знішчальнікі ад заходніх партнёраў. Паводле ягоных словаў, саюзнікі не далі б багата зброі, калі б не пабачылі поспехаў Украіны на полі бою.

«Мы знайшлі ключ, паказалі, што мы ў стане адваёўваць свае землі. Без вызвалення Херсону, Харкаўшчыны ў нас не было б новай зброі. Сёння мы гаворым пра знішчальнікі. Мы хочам выкарыстоўваць іх для абароны свайго неба. Мы пачынаем трэнаванні пілотаў на F-16», – распавёў Зяленскі, падсумаваўшы, што пасля гэтага будуць шанцы на атрыманне самалётаў.

Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Журналісты яшчэ раз запыталі Уладзіміра Зяленскага пра мірныя прапановы Кітаю. Ён адзначыў, што гэта хутчэй не прапановы, а проста думкі, сігнал:

«Суб’ектам ініцыятываў можа быць толькі тая краіна, дзе ідзе вайна. Я ўспрымаю гэта як сігнал. Я не ведаю, што будзе далей. Хачу верыць, што Кітай не будзе даваць зброю Расеі, што ён будзе на нашым баку».

Гаворачы пра адзін з пунктаў кітайскага плану, прэзідэнт падкрэсліў, што павага тэрытарыяльнай цэласнасці без вываду расейскіх войскаў Украіне не пасуе.

Турэцкі журналіст запытаў, ці гатовы Уладзімір Зяленскі сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у Турцыі хаця заўтра, калі б Рэджэп Таіп Эрдаган здолеў бы зладзіць перамовы.

«Там няма з кім гаварыць. Ён ужо не тая асоба», – адказаў на гэта прэзідэнт Украіны.

На пытанне журналіста з Нідэрландаў, ці разлічвае Зяленскі на суд над Пуціным у Гаазе, украінскі лідар адказаў, што верыць у моц судовай сістэмы, хаця справядлівасці даводзіцца чакаць доўга:

«Вы даводзіце да канца ўсе справы. Мы разам давядзем справу MH17 і вайну да суду і справядлівага пакарання».

Зяленскі папярэдзіў, што Расеі можа ўварвацца ў любую іншую краіну, і «Украіна не можа пасці, дзеля таго, каб зберагчы еўрапейскі кантынент ад глабальнай вайны».

Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Зяленскі назваў расейскім фэйкам паведамлення аб тым, што Украіна рыхтуецца да ўводу войскаў у Прыднястроўе:

«Мы цэнім незалежнасць іншых дзяржаваў. Прыднястроўе – Малдова. Расея правакуе, каб мы ўвайшлі на законныя тэрыторыі Малдовы. Але ўварвацца можа Расея з тэрыторыі Прыднястроўя».

Журналісты згадалі праблему дзяцей, якіх вывезлі ў Расею з акупаваных тэрыторый Украіны. Зяленскі канстатаваў, што сілаю забраць гэтых дзяцей немагчыма. Адначасова ён адзначыў: «Мы можам ціснуць». Хутка ў Львове адбудзецца саміт, на якім будуць абмяркоўвацца ўсе магчымыя крокі ў вяртанні дзяцей, у тым ліку праз трыбунал:

«Расея не прызнае, што яна скрала дзяцей. Аднак будзе адказнасць за ўсё. Заканчэнне вайны, нашая перамога – і дзеці вернуцца. Дзеці мусяць вярнуцца дадому».

Зяленскі таксама распавёў пра рыхтаванне да вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторыяў, у тым ліку Крыму:

«Ёсць вайсковыя крокі, мы да іх рыхтуемся. Мы гатовыя маральна. Мы рыхтуемся тэхнічна. Далей будуць справядлівыя дэакупацыйныя крокі. І дай бог нам, каб яны былі ўдалымі».

Падчас прэс-канферэнцыі на экране транслююць фатаграфіі з усяго свету з падтрымкай Украіны ў гадавіну поўнамаштабнай вайны. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Прэзідэнт Украіны назваў умовы для пачатку перамоваў з Расеяй:

«Мы мусім быць моцнымі на полі бою, каб быць моцнымі на перамовах. Тады вы можаце дайсці да справядлівага міру на ўмовах цывілізаванага свету. Гэта самае галоўнае. Калі ты адступаеш, калі цябе акупуюць – вы бачылі, якія яны выстаўлялі ўмовы».

Скончылася прэс-канферэнцыя асабістым пытаннем: пра жонку і дзяцей. Ледзь стрымліваючы слёзы, Зяленскі прызнаўся, што яму «бясконца пашчасціла з сям’ёю і дзяржаваю».

Прэзідэнт Украіны адказваў на пытанні амаль 2,5 гадзіны.

Журналістам забаранілі разгалашаць інфармацыю пра тое, дзе адбываецца прэс-канферэнцыя, да ейнага заканчэння. Таксама не быў вядомы дакладны час пачатку – усё дзеля бяспекі. Паводле карэспандэнта «Белсату», размову з прэзідэнтам зладзілі на мінус першым паверсе гатэлю ў цэнтры Кіева. Агулам на прэс-канферэнцыю акрэдытавалі каля 300 журналістаў, і, натуральна, не ўсе атрымалі магчымасць задаць пытанне.

Агляд
«Гэта быў год болю, нязломнасці, надзеі». Заявы прэзідэнтаў і палітыкаў на гадавіну вайны
2023.02.24 15:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў