Як кампанія Аляксандра Шакуціна атрымлівае субсідыі з дзяржаўнага бюджэту


Ініцыятыва «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» дакументам, у якім кіраўніцтва прадпрыемства «Амкадор» просіць беларускі ўрад аб рэфінансаванні пазыкі. Гаворка ў дакуменце вядзецца пра выдаткаванне велізарных сумаў з дзяржаўнага бюджэту, а фактычна – з кішэні беларускага падаткаплатніка.

Калі гэтых грошай не атрымаць, сцвярджаецца ў дакуменце, прадпрыемства чакаюць сур’ёзныя праблемы. Здавалася б, тыповая беларуская сітуацыя, але ёсць адзін нюанс: гэтае прадпрыемства мае прыватную форму ўласнасці і належыць так званаму гаманцу Аляксандра Лукашэнкі – бізнесоўцу Аляксандру Шакуціну.

Аляксандр Шакуцін.
Фота: Onliner

Што ў дакуменце

У студзені 2023 года кіраўніцтва ААТ «Амкадор» – кіроўная кампанія холдынгу» звярнулася з хадайніцтвам у Міністэрства прамысловасці на імя першага намесніка міністра Аляксандра Агароднікава аб рэфінансаванні запазычанасці памерам 114 млн беларускіх рублёў. Апроч гэтага, у дакуменце ўтрымлівалася просьба аб дадатковым фінансаванні прадпрыемства на суму 40 млн беларускіх рублёў.

Выступаючы з хадайніцтвам, кіраўніцтва прадпрыемства спасылаецца на ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 93 «Аб дадатковых захадах для забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі».

Сродкамі, атрыманымі ад ураду, ААТ «Амкадор» збіралася рэфінансаваць крэдыт, узяты ў кастрычніку 2022 года ў ААТ «АСБ Беларусбанк»: у жніўні – кастрычніку 2023-га прадпрыемству трэба было штомесяц плаціць за гэты крэдыт 38 млн рублёў (у суме выходзіць акурат 114 млн рублёў).

Усяго ж у крэдытным партфелі ААТ «Амкадор» на 2023 год, адзначаецца ў дакуменце, былі прадугледжаныя выплаты памерам амаль 318 млн беларускіх рублёў.

«Аднак з улікам існых унутраных і вонкавых фактараў, рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння, для выканання запланаваных прагнозных мэтавых паказнікаў, у тым ліку ў аб’ёме вытворчасці, экспарце, ААТ «Амкадор» прагназуе недастатковасць грашовай плыні», – гаворыцца ў дакуменце.

Недастатковасць грашовай плыні, у сваю чаргу, прывядзе да значных праблемаў, звязаных з фінансаваннем працэсу вытворчасці для выканання запланаваных паказнікаў. Гэтак, у выпадку, калі пазыка прадпрыемства не будзе рэфінансаваная, на прадпрыемстве ў чацвёртым квартале 2023 года прагназавалася недастатковасць грашовых сродкаў на суму 150 344 000 рублёў.

Сярод прычынаў, што прыводзяць да такой складанай сітуацыі, кіраўніцтва «Амкадору» спасылаецца на глабальную эканамічную рэцэсію, выкліканую пандэміяй, і санкцыйны ціск на Беларусь з боку заходніх краінаў, гаворыць пра парушэнне звыклых кааперацыйных сувязяў паміж вытворцамі і праблемы з купляй камплектавальных, а таксама пра тое, што альтэрнатыўныя дастаўнікі перайшлі выключна на перадаплату.

«Амкадор», кажуць аўтары дакументу, і надалей «плануе своечасова і ў поўным аб’ёме» выконваць свае дамоўныя абавязанні ў межах крэдытных дамоваў, але ў «цяперашніх умовах» адток грашовых сродкаў «прывядзе да змяншэння аб’ёмаў вытворчасці, замарозіць працу для імпартазамяшчэння». Касавы разрыў (часовы недахоп сродкаў на абавязковыя расходы) можа «прывесці да ўзнікнення пратэрмінаванай запазычанасці перад Банкамі, абцяжарыць выплату заробку працаўнікам, што ў сваю чаргу можа прывесці да спынення вытворчага працэсу ў цэлым». Такія невясёлыя перспектывы свайго прадпрыемства малюе перад Міністэрствам прамысловасці кіраўніцтва «Амкадору», калі грошы ўсё ж не будуць вылучаныя.

Дзяржава не кіне

Але разам з тым кіраўніцтва «Амкадору» ў асобе Аляксандра Шакуціна добра ведае, што дзяржава ў асобе Аляксандра Лукашэнкі не дасць прапасці, падтрымае. Бо так ужо было і, падобна, не адзін раз.

Вядома, што за часоў, калі «Амкадорам» пачаў кіраваць Аляксандр Шакуцін, прадпрыемства запрацавала ў мінус. На канец 2021 года доўгатэрміновая пазыка дасягнула 120 млн долараў, а непакрытыя страты – 42 млн долараў. Аднак кампенсаваць страты ўдавалася вельмі проста: для гэтага браліся пазыкі з дзяржаўнага бюджэту. Цалкам магчыма, праз такія ж хадайніцтвы, як і апісанае вышэй.

Аляксандр Шакуцін дэманструе тэхніку Аляксандру Лукашэнку.
Фота: Беларускі расследавальніцкі цэнтр

Напрыклад, напрыканцы 2021 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ № 391 «Аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацыяў», згодна з якім Шакуцін атрымаў пазыку на суму каля 50 млн долараў пад 0,5 стаўкі рэфінансавання (гэта каля 4 % гадавых). І гэтую пазыку не абавязкова было аддаваць грашыма – ва ўказе прапісаная магчымасць узаемазаліку і пагашэння доўгу акцыямі.

«Гэта [«Амкадор». – Заўв. «Белсату»] адзін з тых прыкладаў прыватызацыі паводле мадэлі сённяшняй улады. Вельмі часта прыватызацыя ў інтарэсах гэтак званых гаманцоў Аляксандра Лукашэнкі адбываецца так, што прыбыткі ідуць ім, а страты бярэ на сябе дзяржава.

І ў гэтым сэнсе «Амкадор» падобны на любое стратнае беларускае прадпрыемства з той толькі розніцай, што Аляксандр Шакуцін, які пад санкцыямі як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі, мае магчымасць, валодаючы гэтай фірмай, аддзяляць прыбыткі для сябе і пакідаць страты на субсідаванне дзяржавы», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Больш за тое, сам Лукашэнка ў 2015 годзе асабіста пацвердзіў, што дапамагае Шакуціну і ягонаму прадпрыемству нароўні з прадпрыемствамі дзяржаўнымі:

«У нас ёсць «Амкадор» – прыватнае прадпрыемства. Шмат такіх, але я бяру спецыяльна гэтае прадпрыемства, якое падобнае з нашым МАЗам, БелАЗам і іншымі. Яно прыватызаванае. Вы што думаеце, яны там бога за бараду ўзялі? Я, ведаючы добра Шакуціна, паколькі мы нарадзіліся практычна ў адной вёсцы, і ён, часам сустракаючыся, мне расказвае: «Аляксандр Рыгоравіч, дапамажыце там, дапамажыце там, дапамажыце там, вось гэта не вырашаецца, гэта…» – і мы дакладна так, як да МТЗ ці МАЗу, БелАЗу, ставімся да «Амкадору», падтрымліваючы яго, дапамагаючы і гэтак далей… Вось яно, прыватызаванае прадпрыемства. Структуравалі мы на прыкладзе «Амкадору» нашую эканоміку, яно што, квітнее? Не!» – казаў Лукашэнка перад беларускімі і заходнімі журналістамі 9 гадоў таму.

Пра тое, што крэдытаванне – гэта адзіная магчымасць выжыць для прадпрыемства, гаворыць Уладзімір Жыгар, прадстаўнік арганізацыі «BELPOL», што ў гэты момант займаецца ўласным расследаваннем адносна «Амкадору» і ў хуткім часе абяцае апублікаваць вынікі.

«Фінансаванне «Амкадору» за кошт крэдытаў, субсідыяў (не толькі беларускіх, дарэчы) – гэта адзіная магчымасць для «Амкадору» выжыць. Гэта прадпрыемства абсалютна стратнае, яно не мае свабодных абаротных сродкаў, і ім неабходна атрымліваць крэдыты для таго, каб былі нейкія грошы ў прадпрыемства, яны закладаюць сваю маёмасць пры атрыманні рознага кшталту крэдытаў. І калі цяпер не выдаць аднаго нейкага крэдыту «Амкадору», то ён закрыецца, а гэта больш за 7 тысячаў працаўнікоў, і ўсё гэта па ланцужку, натуральна, разбурыцца», – адзначае прадстаўнік «BELPOL».

Пры гэтым Уладзімір Жыгар дадае, што лукашэнкаўскі рэжым называе «Амкадор» слупам эканамічнай бяспекі Беларусі, перадавым прадпрыемствам. Калі разбурыцца яно, то што тады наогул можна казаць аб беларускай эканоміцы і машынабудаўніцтве ў цэлым?

Са словаў прадстаўніка «BELPOL», кіраўніцтва прадпрыемства гаворыць аб тым, што бярэ крэдытныя грошы на так званую інавацыйную вытворчасць, «хаця тут відавочна, што «Амкадор» проста атрымлівае крэдыты, каб заплаціць за крэдыты і адсоткі мінулых і спадзявацца, што неяк сітуацыя праз некаторы час нармалізуецца».

Праца ў мінус?

Стратнасць прадпрыемства пацвярджаецца і яго ўладальнікамі: у бізнес-плане, які трапіў у рукі «BELPOL», у 2023 годзе сума чыстага прыбытку дасягнула 12,95 млн рублёў са знакам мінус.

У той жа час цалкам магчыма, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне справы Шакуціна пайшлі ўгару. І гэта нягледзячы на тое, што сам бізнесовец у лістападзе 2020 года трапіў пад дзеянне санкцыяў Еўразвязу. Як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, каб абыходзіць санкцыйныя абмежаванні, Шакуцін пабудаваў у Расеі прынамсі пяць заводаў «Амкадору», на якіх тэхніка збіраецца з нямецкіх і італьянскіх камплектавальных.

Паказнікі дзейнасці «Амкадору» за 2023–2024 гады.
Фота: слайд з прэзентацыі бізнес-плану холдынгу на 2024 год

Акрамя таго, ён наладзіў паралельны імпарт у Расею і Беларусь будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі замежных вытворцаў, што заявілі аб сыходзе з расейскага і беларускага рынкаў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Для гэтага Шакуцін выкарыстоўвае зарэгістраваную ў Нямеччыне кампанію пад назвай «SV Maschinen GmbH». Расследавальнікам удалося высветліць, што ўсяго з красавіка да канца чэрвеня 2023 года гэтай кампаніі ўдалося прадаць у Расею 50 тавараў на суму 12,5 млн еўраў.

«Для Шакуціна гэтая вайна, гэтыя санкцыі – гэта свята, – кажа прадпрымальнік і вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч, – ён павінен тут адкрываць шампанскае за Пуціна, таму што з рынку Расеі сышлі іншыя заходнія кампаніі, і для яго адкрыўся рынак».

На думку Аляксандра Кныровіча, на сённяшні дзень даходы ў Шакуціна растуць, і ён атрымлівае немалыя грошы ад дзяржавы ў выглядзе расейскіх і кітайскіх інвестыцыйных крэдытаў. Аднак пры гэтым наш суразмоўца сумняецца, ці растуць ад гэтага даходы беларускай дзяржавы: «Калі дзяржава тыя ж ільготы прадавала б на тэндары, то атрымлівала б нейкія грошы ў бюджэт. А тут чалавек мае ўсё што мае і нічога за гэта не плоціць у бюджэт», – падкрэсліў Кныровіч.

Будынак «Амкадор-Анега» ў Рэспубліцы Карэліі, Расейская Федэрацыя.
Фота: amkodor-onego.ru

Цікава, што, нягледзячы на стратнасць, прадпрыемства актыўна займаецца развіццём інвестыцыйных праектаў. Пяць з іх ажыццяўляецца ў Беларусі: тры ў Менску – адзін на ААТ «Амкадор-Унімад» і два на вопытна-эксперыментальным заводзе ААТ «Амкадор», а яшчэ па адным на ААТ «Амкадор-Семаш» у Дзяржынску і «Амкадор-Лясмаш» у Лагойску. Акрамя ўласных сродкаў «Амкадору», у якасці крыніцаў фінансавання гэтых праектаў пазначаныя інавацыйныя фонды Менгарвыканкаму і Менаблвыканкаму, Беларускі інавацыйны фонд і іншыя, прычым іх доля ў аб’ёме фінансавання часам дасягае амаль 65 %.

Акрамя таго, «Амкадор» мае пяць інвестыцыйных праектаў у Расеі на агульную суму больш як 62 млрд расейскіх рублёў. Крыніцы фінансавання ў гэтых праектах не называюцца, але з улікам таго, што беларуская дзяржава субсідуе сам «Амкадор», можна меркаваць, што ёсць сярод крыніцаў фінансавання і грошы з беларускага бюджэту.

«Амкадор» – бадай што найбуйнейшы атрымальнік наўпроставых дзяржаўных субсідыяў. Але практычна ўсе бізнесы «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі заснаваныя на так званай кармушцы, гэта значыць, што або бюджэт ім плаціць нешта ні за што, прынамсі часткова, або яны недаплочваюць у бюджэт тое, што мусяць плаціць астатнія», – падсумоўвае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў