«Няма рашучасці прызнаць памылку». Беларус, якога прызналі «пагрозаю Польшчы», назваў крыўднаю пастанову пра дэпартацыю


Павел Юшкевіч, якому пасля 16 гадоў жыцця ў Польшчы пагражае дэпартацыя, упэўнены, што «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» яго прызналі памылкова. У размове з «Белсатам» ён прызнаўся, што захоўвае аптымізм, хаця пастанову польскіх уладаў назваў вельмі крыўднаю.

Павел Юшкевіч на акцыі супраць ягонай дэпартацыі. Торунь, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Marek Krupecki / Facebook

Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) яшчэ ў 2013 годзе прызнала Паўла Юшкевіча «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Такую выснову спецслужба зрабіла, калі беларус падаў заяву на польскае грамадзянства. Ужо тады Юшкевіча хацелі дэпартаваць, аднак пастанову ўдалося аспрэчыць у судзе.

Надоечы на падставе пастановы ABW 11-гадовай даўніны беларусу анулявалі дазвол на жыхарства і далі яму месяц на збор рэчаў і выезд.

«Ніколі ў мяне не было ані адміністратыўных, ані крымінальных справаў у Польшчы. У мяне такое тлумачэнне, што нехта проста памыліўся, цяпер «цягнуць гуму», бо няма рашучасці прызнаць памылку», – кажа спадар Павел.

Ён упэўнены, што калі б сапраўды ўяўляў нейкую пагрозу краіне, з ім бы не цырымоніліся і ўжо даўно б дэпартавалі:

«Калі б яны валодалі нейкімі дакладнымі пацверджаннямі, што мая прысутнасць у Польшчы ёсць нейкай пагрозаю, то справа б скончылася імгненна. А я ўсе гэтыя гады жыў, працаваў, скончыў аспірантуру, абараніў доктарскую дысертацыю, выкладаю, адкрыў сваю фірму. З 2020 года актыўна ўдзельнічаў у падтрыманні нашых беларускіх уцекачоў. Таму мне вельмі крыўдна, што польскія ўлады пастанавілі да канца стаяць на сваім і прызнаваць мяне пагрозаю для Польшчы».

Паводле суразмоўцы «Белсату», Агенцтва ўнутранай бяспекі не прымае пастановы раз і назаўсёды.

Hавiны
Беларусу, які жыве ў Польшчы 16 гадоў, пагражае дэпартацыя. Яго палічылі «пагрозаю нацбяспецы»
2024.01.14 16:30

«Яны могуць гэтую пастанову змяніць, пагатоў цяпер, мне здаецца, добры момант для гэтага, бо змянілася кіраўніцтва Агенцтва ўнутранай бяспекі. Планую напісаць хадайніцтва новаму кіраўніцтву, я, дарэчы, рабіў гэта не аднойчы, але ўсе мае лісты засталіся без адказу. Я пісаў, што гэта памылка, што, калі да мяне ёсць пытанні, нешта вам не спадабалася ў 2013 годзе, а ўжо прайшло 10 гадоў, то гэта можна было высветліць і ўладкаваць. Ні на адзін ліст мне не адказалі», – канстатаваў Юшкевіч.

ABW ніколі не тлумачыць прычынаў, з якіх прызнае асобу пагрозаю нацыянальнай бяспецы. У прэс-службе ведамства не адказалі «Белсату» на пытанне, ці можа Агенцтва перагледзець «кейс Юшкевіча»:

«Агенцтва ўнутранай бяспекі не ёсць удзельнікам працэсаў у легалізацыі перабывання на тэрыторыі Польшчы і ў надаванні польскага грамадзянства. Агенцтва дае кампетэнтным органам інфармацыю ў межах сваіх статутных задачаў».

Спецслужба параіла звяртацца па каментары да ваяводы, які мае паўнамоцтвы разглядаць пытанні, звязаныя з грамадзянствам і легалізацыяй замежнікаў.

Акцыя салідарнасці з Паўлам Юшкевічам. Торунь, Польшча. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Marek Krupecki / Facebook

Прэс-сакратарка куяўска-паморскага ваяводы Наталля Шчэрбіньска растлумачыла «Белсату», чаму з моманту прызнання беларуса «пагрозаю Польшчы» да патрабавання пакінуць краіну мінула столькі часу:

«Ануляванне дазволу на сталае жыхарства ў 2017 годзе ініцыяваў ваявода Мікалай Багдановіч на падставе заявы кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі. Пастановай ад 3 красавіка 2023 года ваявода пазбавіў Паўла Юшкевіча дазволу на сталае жыхарства. Працяглы тэрмін разгляду справы быў абумоўлены неабходнасцю гарантаваць права грамадзяніна на актыўны ўдзел у разборы. Спадар Павел неаднаразова карыстаўся гэтым правам, падаючы скаргі і апеляцыі».

Таксама Шчэрбіньска паведаміла, што новы ваявода, Міхал Штыбэль, папрасіў кампетэнтныя органы прыпыніць дэпартацыю беларуса з Польшчы да канца судовых працэсаў.

Hавiны
Ваявода заступіўся за беларуса Юшкевіча, якому пагражае дэпартацыя з Польшчы
2024.01.20 12:13

Цяпер справа Юшкевіча трапіла ў Ваяводскі адміністратыўны суд у Варшаве.

«Суд можа паглядзець, што ў гэтай выснове ABW, якая там інфармацыя, ці актуальная яна, чаго тычыцца. Суд можа накіраваць справу на паўторны разгляд. У суда тут багата кампетэнцыяў», – сказаў спадар Павел, спаслаўшыся на тлумачэнні юрыстаў.

Юрысты асцярожна выказваюць спадзевы, што праблема залагодзіцца найлепшым чынам.

«Вучу студэнтаў талерантнасці, як жыць у міжкультурным асяроддзі, вучу іх адкрытасці, а з іншага боку сутыкаюся з тым, што мяне прызнаюць пагрозаю. Намагаюся захоўваць аптымізм, але складана. І вельмі крыўдна», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
У Польшчы затрымалі беларуса, якога шукалі праз Інтэрпол на запыт Беларусі
2024.01.15 18:13

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў