«Адзін данат паралізаваў працу рэдакцыі». Reform.by сабраў за два дні € 17 тысячаў


Выданне Reform.by паведаміла, што сабрала ад чытачоў больш за € 17 тысячаў. Адна асоба ахвяравала за раз € 10 тысячаў, і гэта «проста паралізавала працу рэдакцыі».

Фёдар Паўлючэнка
Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў рэдакцыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Чытачы Reform.by за двое содняў ахвяравалі выданню больш за € 17 тысячаў.

«На гэты момант больш за 280 чалавек адправілі 17002,34 еўра. Адзін данат проста паралізаваў працу рэдакцыі – чалавек перавёў за раз 10 тысяч еўраў! Збор працягваецца», – паведаміла выданне.

Ужо сабраных грошай хопіць на 4 месяцы працы.

Тым часам некалькі невялікіх фондаў і еўрапейскіх некамерцыйных арганізацыяў, у якіх у канцы года засталіся нявыдаткаваныя грошы, паабяцалі хуткім часам ахвяраваць Reform.by ад 500 да 2000 еўраў.

«Пасля такой хвалі салідарнасці мы ні за што не закрыем Reform.by. І пастараемся адпрацаваць кожны еўрацэнт, атрыманы ад вас. Дзякуй, што паказалі патрэбнасць нашага праекту. Імаверна, гэта прывядзе да з’яўлення стабільнага фінансавання», – адзначаецца ў паведамленні рэдакцыі.

Hавiны
Незалежнае выданне Reform.by апынулася пад пагрозай закрыцця
2023.12.21 11:44

21 снежня галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка заявіў, што выданне апынулася на мяжы закрыцця праз нястачу грошай. За некалькі дзён да гэтага рэдакцыя атрымала ліст ад галоўнага донара, які адмовіўся ад далейшага фінансавання.

Праект быў створаны ў 2018 годзе журналістамі Аляксеем Жукавым, Аляксандрам Атрошчанкавым і Фёдарам Паўлючэнкам. Пасля 2020 года Reform.by быў забаронены ў Беларусі, рэдакцыя выдання вымушаная працаваць з-за мяжы.

Сёлета выданне сталася лаўрэатам прэміі «Free Media Awards».

Ахвяраванні можна пералічыць тут праз сэрвіс «DonorBox», або тут праз фонд «BYSOL». Перавод грошай з картак беларускіх і расейскіх банкаў небяспечны.

Інтэрв’ю
Фёдар Паўлючэнка з Reform.by: Якасць беларускай журналістыкі, нягледзячы ні на што, застаецца высокая
2022.06.20 18:57

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў