Прэзідэнтка Еўракамісіі выказала салідарнасць з беларускай апазіцыяй і Ціханоўскай


Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен выказала словы салідарнасці Святлане Ціханоўскай і беларускай апазіцыі. І дадала: падтрыманне будзе надавацца на працягу ўсёй барацьбы за свабоду Беларусі. Заява прагучала на форуме Моладзевага звязу Нямеччыны, у якім брала ўдзел і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.

Святлана Ціханоўская і Урзуля фон дэр Ляен у Браўншвайгу.
Фота: Tsihanouskaya / Twitter

«Дзякую, паважаны Моладзевы звяз Нямеччыны, за цудоўны прыём на «Deutschlandtag 2023». Вы бераце на сябе адказнасць за будучыню Еўропы. Мы разам стаім на баку Ізраілю і Украіны. Мы салідарныя са Святланаю Ціханоўскай і апазіцыяй у Беларусі», – напісала Урзуля фон дэр Ляен у X (былы Twitter).

Як паведамляе тэлеграм-канал прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах, кіраўніца Еўракамісіі падчас выступу на форуме ў Браўншвайгу звярнулася да Святланы Ціханоўскаю: «Святлана, мы захапляемся адвагаю мужчынаў і жанчын Беларусі, якія трапілі ў турмы з палітычных прычынаў. І мы будзем падтрымліваць вас столькі, колькі будзе працягвацца вашая барацьба».

Таксама Урзуля фон дэр Ляен пагадзілася з ранейшым выказваннем Ціханоўскай пра гучную вайну, якую вядзе Пуцін супраць Украіны і пра ціхую вайну – супраць людзей у Беларусі:

«Ты маеш рацыю. У Менску гэта здушаныя крыкі зняволеных, крыкі збітых і закатаваных дыктатарам. У Кіеве і Адэсе – гэта выбухі ракетаў, гукі сірэнаў, плач людзей, якія страцілі матак, бацькоў і сыноў. Святлана, мы не дапусцім, каб гэтыя аўтакраты тапталі свабоду і правы чалавека ў Еўропе, і мы будзем на вашым баку столькі, колькі вы будзеце весці барацьбу за свабоду Беларусі».

Святлана Ціханоўская і Урзуля фон дэр Ляен у Браўншвайгу.
Фота: Tsihanouskaya / Twitter

У адказ на выказванні прэзідэнткі Еўракамісіі, Святлана Ціханоўская напісала:

«Дарагая Урзуля фон дэр Ляен, я высока цаню вашую рашучую пазіцыю і цвёрдае падтрыманне дэмакратычнай Беларусі. Наяўнасць сярод нашых сяброў такога выбітнага лідара ўмацоўвае нашую ўпэўненасць у барацьбе за свабоду. Мы заклікаем вас і надалей падтрымліваць нас на шляху да дэмакратыі і ў Еўропу».

Форум Моладзевага звязу Нямеччыны, у якім брала ўдзел лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў, праходзіў у нямецкім горадзе Браўншвайг 20–22 кастрычніка.

Hавiны
«Я выходжу!» Святлана Ціханоўская заклікала далучацца да Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада
2023.10.22 15:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў