Камандзір «Пагоні» зняпраўдзіў інфармацыю пра дэпартацыю двух беларускіх байцоў


Камандзір роты палку «Пагоня» Мікалай Сікорскі апублікаваў відэазварот, у якім паведаміў пра тое, што тэлеграм-канал вайсковага фармавання захоплены іншымі людзьмі.

Учора ўначы ў тэлеграм-канале палку «Пагоня» зʼявілася інфармацыя, што 14 кастрычніка пасля двухтыднёвай планавай праверкі Службы бяспекі Украіны перад заключэннем вайсковых кантрактаў два маладых байцы «Пагоні» атрымалі афіцыйнае рашэнне аб дэпартацыі, прычым адзін з іх нібыта падазраецца ў супрацы з КДБ. У паведамленні змяшчалася супярэчлівая інфармацыя: з аднаго боку сцвярджалася, што хлопцы «самавольна пакінулі размяшчэнне сваёй вайсковай групы», з іншага боку распавядалася, што байцы «пакінулі тэрыторыю Украіны, атрымаўшы ад камандавання «Пагоні» сродкі на квіткі да бліжэйшай бяспечнай краіны».

Камандзір роты палку «Пагоня» Мікалай Сікорскі заявіў, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Паводле яго, беларускія байцы з пазыўнымі Франц і Карыч насамрэч паспяхова прайшлі паліграф СБУ. «Хлопцы не зʼяўляюцца агентамі КДБ», – падкрэсліў ён.

Самавольна пакінуць размяшчэнне сваёй вайсковай групы яны таксама не маглі, бо іх там і не было – яны знаходзіліся ў цэнтры Кіева, сцвярджае Сікорскі. А сродкі на дарогу байцы атрымалі асабіста ад Сікорскага і ад блогера Virus.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў