news
Інтэрв'ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
«Калонія «Віцьба-3» не цукар і не маліна для «палітычных»
23.08.202308:32

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка каля 1000 дзён правёў у няволі, адбываючы незаконны вырак лукашэнкаўскага суда. Паўтара года з гэтага тэрміну – у папраўчай калоніі № 3 «Віцьба». Пра смерць, сны і хісткія нары на зоне пад Віцебскам былы палітзняволены распавядае «Белсату» ў вялікім інтэрв’ю на дваццаць сёмы дзень па вызваленні.

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка.
Фота: Андрэй Стрыжак / Facebook

«Белсат»: – Леанід, вы ўжо месяц на свабодзе. Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская прызнавалася ў размове з намі, што працягвае прачынацца а 5-й раніцы – паводле распарадку ШІЗА. Ці спынілі вы ўжо свой зонаўскі будзільнік?

Леанід Судаленка: – Спыніў ужо. Цяпер залежыць усё ад таго, калі кладуся спаць. Ну і Вольга шмат прабыла ў ШІЗА, а я толькі 10 содняў, перад вызваленнем. Але так, там у 5:00 падʼём. Цябе будзяць, прышпільваюць твой умоўны ложак да сцяны, і ты можаш толькі сядзець. Калі ляжаш на падлогу – парушэнне, за якое дададуць новыя содні. Астатняя калонія ў 6:00 падымаецца.

«Баішся нават кашлянуць на шконцы»

– Перад вызваленнем выключна ўсіх палітычных прапускалі праз ШІЗА?

– Насамрэч не ўсіх. Некаторыя палітвязні выходзілі як звычайныя зэкі. Увечары прастаўлялі ў атрадзе тры вядры гарбаты, ладзіліся праводзіны. У маім выпадку, напэўна, не хацелі, каб мяне актыўна праводзілі і актыўна сустракалі. Ведалі, хто я і чым займаюся. Іншага тлумачэння я не маю.

Падкрэсліваю, калі адбываў тэрмін, я быў злосны парушальнік, але ў ШІЗА мяне не кідалі. Можа, зважалі на стан майго здароўя, не ведаю. Але калі спатрэбілася, не паглядзелі ні на што. Не выканалі нават нормы Крымінальна-выканаўчага кодэксу, якая прадугледжвае перад змяшчэннем у ШІЗА агляд у лекара.

Бо там насамрэч, мякка кажучы, складаныя ўмовы. Уначы – калатун, бо, паводле адчуванняў, было 10–12 градусаў, зуб зуба паганяе. Штогадзіны ўстаеш, каб сагрэцца. Адзежы і асабістай тэрмабялізны не даюць, бялізны і матрацу не даюць – нічога не даюць. Вельмі халодна ўначы. І гэта лета. Калі заехаць туды ўвосень ці ўвесну, там, кажуць, не толькі ляжаць, але і сядзець немагчыма – мерзнеш.

– Але і ў атрадзе спаць было не вельмі салодка? Палітзняволеныя, якія прайшлі праз зону, распавядаюць пра хісткія шконкі. На «Віцьбе» таксама хісталіся?

– Сапраўды так. На СІЗА, прыкладам, шконкі намёртва ўмураваныя і не хістаюцца, калі залазіш на другі ярус. А ў калоніі ляжыш і баішся не тое што павярнуцца, а нават проста кашлянуць – ложак ужо хістаецца. Падкладвалі там брусы паміж шконкай і сцяной, але гэта толькі часткова дапамагала.

Hавiны
Вызвалены праваабаронца Леанід Судаленка сустрэўся з маці. Ад яе хавалі, што сын у турме
2023.07.23 17:08

І гэта праўда: усе палітычныя спяць на другім ярусе. Нават калі ёсць вольнае месца на першым, табе не дазволяць яго заняць – ты ж палітычны. Я хадзіў да начальніка медсанчасткі і спрабаваў давесці, што маю захворванні і ўначы вымушаны саскокваць – у сваім узросце – з гэтай шконкі, каб схадзіць у прыбіральню. Адказ быў такі: «Каб у вас была эпілепсія, я б вам дазволіў спаць на першым паверсе». Параіў яшчэ рабіць усё магчымае, каб з мяне знялі прафулік. Але ж я разумеў, што гэта немагчыма. Так увесь тэрмін і праспаў на верхнім ярусе.

«Хацеў спаліць сваю турэмную форму»

– Восьмы атрад, так? Якісь фрагмент свабоды бачылі праз вокны?

– Так, з аднаго боку была псіхушка, так званая віцебская «дзявятка». З прыбіральні ці ўмывальні кожны дзень на яе глядзеў праз вокны. Там гай такі перад ёй, дык улетку салаўі спяваюць. А з самога бараку з вокнаў была відаць траса, як машыны там ездзяць за калючым плотам. Усе баракі двухпавярховыя. Наш атрад на другім паверсе быў.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Белсат

– Запомніліся якія-небудзь турэмныя сны?

– Самыя запамінальныя – калі сняцца блізкія: дзеці, жонка. Сямʼя. Калі дом сніцца. Прачынаешся тады і думаеш: чаму ж я так рана абудзіўся? Калі б паспаў яшчэ троху – пабыў бы які час яшчэ разам з сямʼёю. Але як ты паспіш? «Атрады, падʼём!» Гэта па гукаўзмацняльніку, ці, як у нас там казалі, – «па фазе».

І наагул, калі ўваходзіш у рэжым, то ўжо і не «па фазе» прачынаешся, бо трэба да фіззарадкі паспець у прыбіральню. Каб не стаяць у чарзе, некаторыя а пятай гадзіне ўстаюць, іншыя ў 5:30. Я таксама прачынаўся ў 5:40, каб не цярпець на фіззарадцы ад таго, што ў цябе мачавы пухір лопаецца. Бо калі ў 6:00 падымаешся, то маеш на ўсё пяць хвілінаў – у 6:05 павінен стаяць на зарадцы.

Спазненне – гэта ўжо «наруха», то бок парушэнне. Адмазкі, што ты затрымаўся праз чаргу ў прыбіральню, не пракатваюць. Адразу – рапарт. Атрымліваеш ці спагнанне, ці вымову, ці пазбаўленне званкоў або перадачаў, а кагосьці кідаюць у ШІЗА.

– Зарадку які-небудзь спецыяльна вызначаны зэк праводзіць – фізрук?

– Не, усё па фазе: рукі ўгору, рукі ўніз і гэтак далей. Гукаўзмацняльнік кіруе. Ведаеце, гэта як калісьці была вытворчая зарадка за Саветамі. І незалежна ад надворʼя. Мінус 30 на вуліцы ці плюс 30, дождж ці снег – няважна. Мне за паўтара года ніводнага разу не ўдалося ўнікнуць зарадкі.

– У такую спёку, якая цяпер у Беларусі, ці можна было зняць робу?

– Не. Кліфт (на турэмным жаргоне – роба), феска (так на зоне называюць шапку) – заўжды такая форма. Хіба на промцы, калі ў цэху плюс 30, дазвалялі быць у майцы, але і на ёй мусіць быць нашытая адпаведная бірка. Калі заходзіш у жылую зону – кліфт, штаны, чаравікі, феска абавязковыя. Зімой пад кліфт можна швэдар паддзець, каб цяплей было.

Леанід Судаленка. Першы фотаздымак пасля вызвалення. Крыніца: Леанід Судаленка / Facebook

– Сваю форму прывезлі на свабоду?..

– Так, мне ж не далі пераапрануцца ў сваё, бо выйшаў з ШІЗА. Выкідвалі ў шэсць гадзінаў раніцы. Напэўна ж, бачылі фотаздымак, у якім я выглядзе быў адразу па вызваленні. Калі прывёз у Гомель, думаў спаліць гэта ўсё, але кінуў на антрэсоль, там і ляжыць. Зразумеў, у якія ўмовы трапіў: кожны дзень мяне зноў маглі арыштаваць. Дык было не да формы. Адчуваў, што ёсць вялікая рызыка пайсці па новай…

«Каб Кныровіч заехаў цяпер – змяніў бы сваё меркаванне»

– Вернемся на «Віцьбу-3». Былы вязень гэтай зоны Аляксандр Кныровіч казаў пра яе як пра «найлепшую калонію ў Беларусі». Згодныя з ім?

– Каб казаць, што лепш, а што горш, трэба паспрабаваць. Я, апроч «Віцьбы», дзякуй Богу, нідзе не быў. Не ведаю, якія падставы меў Кныровіч так казаць. Дасканала не ведаю ягонай гісторыі. Але сядзеў ён паводле эканамічнага артыкулу, як звычайны асуджаны (Кныровіч выйшаў на волю ў жніўні 2021 года).

Думаю, каб Кныровіч заехаў цяпер і пабачыў, што адбываецца з палітычнымі, магчыма, памяняў бы сваё меркаванне.

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

 

– Яшчэ адзін сядзелец віцебскай калоніі, аўтар кнігі «Нараджэнне герояў» Уладзімір Патокаў, які, дарэчы, працаваў на «Віцьбе» цырульнікам, згадваў пра шахматныя турніры на зоне, у якіх вы бралі ўдзел.

– Не, не памятаю яго. Стрыгся ў хлопца, які быў асуджаны на 8 гадоў паводле 328 артыкулу. Хіба, можа, з самага пачатку ў Патокава стрыгся.

Наконт шахматаў: так, я заняў на турніры ў калоніі другое месца. Але зноў жа, нават тыя, хто заняў 3-е і 4-е месцы, атрымалі нейкія падзякі: дадатковыя спатканні ці званкі, а мне нават тую грамату, з якой я сфатаграфаваўся для газеты ДВП (Дэпартаменту выканання пакаранняў) да сённяшняга дня падпісваюць. Гэта прыклад таго, як ставяцца да «жоўтых», – да тых, хто носіць жоўтую бірку «экстрэміста». Цябе проста не заўважаюць, калі не хочуць. Гэта як прыклад дыскрымінацыі.

Да нас яшчэ прыязджаў гросмайстар на сеанс адначасовай гульні. Чыноўнік з аддзелу спорту і турызму Віцебскага гарвыканкаму. З дзесяццю чалавекамі гуляў адначасова. Я таксама хацеў згуляць, але нікога з «жоўтых» не дапусцілі. Дарэчы, адзін зэк з белай біркай звёў тады партыю з гросмайстрам унічыю, а я яго раней перамагаў. Аднак шанцу мне не далі.

– Калі ўявіць віцебскую зону шахматнай дошкай, то ці былі якія шанцы ў пешак, каб неяк пагражаць каралю, – каб хоць шах абвесціць?

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

– Не, ніякага. Пагражаць каралю, то бок начальніку калоніі, ці, як у нас кажуць, «хозяйке», гаспадыні (начальніка калоніі зэкі называюць паміж сабой акурат у жаночым родзе), – гэта новы крымінальны артыкул. Калі гатовы атрымаць новы тэрмін – пагражай, калі ласка.

– Ніякіх намёкаў на бунты ці змовы?

– Нічога такога. Калі я заехаў, яны пабачылі мой артыкул і папярэдзілі мяне, каб я нават не падыходзіў да людзей, не абʼядноўваў іх вакол сябе, каб не дапамагаў як юрыст. У сваёй справе скаргі можаш, маўляў, пісаць, але, калі даведаемся, што хаця б параду дасі іншаму, – адразу на ШІЗА паедзеш.

Яны кантралююць гэта праз сваіх людзей, якія з імі супрацоўнічаюць. Я мяркую, кожны божы дзень хадзілі і дакладвалі, як сябе Судаленка ў атрадзе паводзіць, з кім размаўляе і на якія тэмы. Напэўна, так.

«Хто сядзеў у Расеі, казалі, што там лягчэй»

– Што скажаце пра віцебскую «гаспадыню»?

– Пры мне дзве памяняліся. Першая – Аляксей Старавойтаў. Яна мне на камісіі пасля каранціну жыццю вучыла: маўляў, як ты, Леанід Леанідыч, да такога жыцця дакаціўся. Ён палкоўнік. Кажуць, што сам падаў у адстаўку. Потым прыйшла новая «гаспадыня». Прозвішча не згадаю зараз. Прыйшла з віцебскага СІЗА-2, дзе была намеснікам начальніка СІЗА ў рэжыме [прозвішча удакладняем. – «Белсат»].

Яны абодва былі такія вялікія, пузатыя і такія спітыя, што цяжка сказаць, колькі ім гадоў. На выгляд – 60, а насамрэч недзе 45–47.

– Пасля этапу ў Віцебск вас утрымлівалі ў СІЗА-2, які называюць «віцебскім Гуантанама»?

– Не. У мяне кругасветка была на берасцейскім цягніку. Толькі з заездам у віцебскі СІЗА, дзе разгружалі хлопцаў, і там ані дня не прабыў – адразу павезлі на «Віцьбу».

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

– «Віцьба» – чыста «чырвоная», як кажуць, «мянтоўская», зона, і там сапраўды ніякія «вараўскія законы» не дзеяць? Гэта так?

– Слушная заўвага. Людзі, якія да гэтага сядзелі ў Расеі, расказвалі, што там зусім па-іншаму. «Віцьбу» ж цалкам кантралюе адміністрацыя. Яшчэ недзе да 2017–2018 гадоў там, кажуць, хадзілі мабілы сярод зэкаў, а цяпер гэтага няма. Пры мне «заехала» да аднаго зэка мабіла – яго адразу ўзялі і на год у ШІЗА закрылі, – напэўна, і дабавяць яшчэ. Казалі, што вылічылі і таго супрацоўніка, які прынёс мабілу на зону. Не ведаю, як гэта схема спрацавала. Але гэта такі выключны выпадак.

– Тым, хто адбываў да гэтага тэрміны ў Расеі, на «Віцьбе» было цяжэй?

– Безумоўна. Казалі, што лепш там. Ну таму што ў Расеі на зону заходзіць усё: і алкаголь, і нават марыхуана. Пытанне кошту. Калі ў цябе ёсць грошы, то ў Расеі вельмі добра будзеш сядзець. За грошы можна вырашыць любыя пытанні, і мабіла ў кішэні будзе.

«Галоўнае правіла – не касячыць»

– Але няпісаныя правілы паводзінаў сярод асуджаных існуюць і на беларускіх зонах? Ці могуць, напрыклад, чалавека «апусціць»?

– Ты мусіш проста годна сябе паводзіць сярод асуджаных. Як у нас казалі, не касячыць. Калі ты заязджаеш, у каранціне табе тлумачаць правілы. Што ты павінен рабіць, а чаго рабіць нельга. Калі заязджаеш у атрад, там яшчэ дадуць месяц «на раскумарку». Цягам месяца яшчэ можаш касяк дапусціць. Потым – не.

То бок пэўная субкультура захавалася. Усе правілы празрыстыя, і калі ты іх выконваеш, нікому не ствараеш перашкодаў і паводзішся годна, да цябе будзе адпаведнае стаўленне. І наадварот.

Што такое «апусціць»? Гэта проста абмежаваць цябе: ніхто з табой не будзе вітацца, самі асуджаныя вырашаць, што ты ім не цікавы, з табой ніхто не будзе сядзець у курылцы, у сталоўцы з табой за адзін стол ніхто не сядзе. На такім узроўні гэта існуе, так.

зона.бел
«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка
2022.10.23 13:00

Ну і ёсць людзі з нізкім сацыяльным статусам, але гэта людзі, якія заязджаюць па пэўных артыкулах: 166 КК і гэтак далей, гвалтоўныя артыкулы. Яны аўтаматычна такі статус атрымліваюць, менавіта праз артыкул. Хоць не ўсе. Напрыклад, заехаў да нас чалавек, які ўласную жонку згвалтаваў, але не быў у касце людзей з нізкім сацыяльным статусам. Звычайна гэта тры-пяць чалавек на атрад, то бок на 100 чалавек – вось такіх.

Прабачце, але туалет камусьці трэба прыбіраць. Звычайны зэк у прыбіральні ніколі нічога не возьме, паедзе на ШІЗА, калі ад яго будуць такое патрабаваць, але не возьме ў рукі анучу, каб памыць прыбіральню, напрыклад.

– Якія яшчэ касякі могуць быць?

– Галоўнае, каб ты не ствараў праблемаў іншым. Бо калі сто мужыкоў жыве ў адным атрадзе… Касяк, калі без чаргі ў прыбіральню пайшоў. А ў чарзе стаяць усе: і хто дваццаць гадоў сядзіць, і хто толькі заехаў. Карацей, не трэба спрабаваць быць хітрэйшым за іншых. На кожным кроку мусіш думаць, што ты не адзін і не павінен іншых вучыць жыццю.

– Правіла, якое вельмі прыдалося і на волі…

– Пра што і кажу. Пада мной, на першым ярусе, спаў чалавек, які 22 гады адседзеў за забойства і тры гады яшчэ сядзець. Забойца. Але я цяпер не пра стаўленне да таго, што ён зрабіў, – з ім было прыемна размаўляць. Кожнае ягонае слова – прадуманае, нічога лішняга. Так турма выхавала. Вельмі стрыманы, ведае, калі, што, дзе і як сказаць.

У яго было чаму павучыцца насамрэч.  З вышыні адбытага ім тэрміну ён падказваў табе, што нават калі 25 гадоў, – трэба жыць і не губляць сэнсу жыцця.

«Змяняць трэба ўсё»

– Хто ўваходзіў у вашае блізкае кола?

– У першую чаргу – палітычныя. Некалькі чалавек, добра выхаваныя, адукаваныя. Той жа Вадзім Чапялевіч, дзіцячы трэнер па футболе. Ці Яўген Бабак, памочнік пракурора аднаго з менскіх раёнаў. Казалі: «Леанідыч, не падымай цяжкага, пасядзі, мы самі гэтыя паддоны перанясём». Гэта на працы. З імі піў гарбату, размаўляў, абменьваўся думкамі. Людзі, з якімі было камфортна.

Былі і іншыя, у тым ліку непалітычныя. Пасябраваў з чалавекам з Расеі, які правёў некалькі дзён у камеры пажыццёвага зняволення, а потым яму далі канкрэтны і вялікі тэрмін. Ён разумеў мяне – я яго. Паважліва ставіліся адзін да аднаго. Ён не «грэўся» (гэта значыць, не атрымліваў пасылак з харчамі) там. І калі я меў магчымасць купіць пачак цукру для яго, я яму купляў. Бо чалавеку, які там не «грэецца», складана. Сябраваў з ім.

Былі і іншыя, якіх трымаў на большай адлегласці. Пражыўшы паўтара года ў атрадзе, ужо разумееш, хто ёсць хто: з кім вітацца кіўком, ці працягнуць руку, ці пабратацца. Там хутка ўсё на месцы расстаўляецца.

– У адным з інтэрвʼю вы казалі, што ведалі пра траіх чалавек, якіх падчас вашага перабывання на зоне павезлі ў морг. Што казалі асуджаныя пра смерць палітвязня Мікалая Клімовіча?

– Не ведаў пра гэты выпадак. Калі казаў пра смерці, гэта пра чалавека з анкалогіяй і ў іншым выпадку, калі малады мужчына, гадоў трыццаці пяці, увечары лёг, а зранку не прачнуўся. Яны былі непалітычныя. Ад вас цяпер чую, што быў і палітвязень. У траўні 2023-га? Калі гэта сапраўды праз два тыдні пасля пераводу ў калонію, то, магчыма, на каранціне ўсё здарылася, і ў атрады і не пайшла інфармацыя. Значыцца, гэта ўжо чацвёрты, пры мне…

– Калі пра смерць, то на тэрыторыі калоніі стаіць жа царква, так? Хадзілі чуткі, што тамтэйшы бацюшка атрымлівае чвэрць стаўкі ад МУС…

– Ну за эканамічныя стасункі паміж дзяржавай і гэтым бацюшкам нічога не скажу, але разумею, пра каго вы. Толькі аднойчы наведаў тую царкву, калі мне прынеслі тэлеграму, што памёр бацька. Ведаў, што гэта не мой бацька, а бацька жонкі, цесць мой. Ён памёр у суботу, а тэлеграму мне далі толькі ў аўторак, калі яго ўжо пахавалі. Адміністрацыя заўсёды паведамляе толькі пасля пахавання. Выклікаюць да псіхолага. Мне налілі шклянку вады і далі сурвэтку на выпадак, калі слёзы пацякуць…

Цяжка было даведацца. З цесцем вельмі сябравалі, ён сапраўды быў мне, можна сказаць, другім бацькам. Тады я наведаў  царкву, паставіў свечку за супакой… Ну вось і ўсё, што магу сказаць пра свае стасункі з рэлігіяй.

– А з Богам?

– Мне пасярэднікі ў гэтым не патрэбныя былі. Веру, што з ім наўпрост магу камунікаваць. У мяне свой Бог, унутраны.

– Які дапамог вам выжыць…

– І пабачыцца са сваёй маці, бо марыў пра тое, каб яна мяне дачакалася. І гэта збылося.

– Калі Беларусь стане вольнай, якія змены, датычныя ўтрымання людзей у месцах пазбаўлення волі, вы, як праваабаронца, ініцыявалі б найперш?

– Найперш – медыцына і праца. Вось гэтыя 2 рублі 40 капеек заробку на месяц – што гэта як не здзек? І ўмовы ўтрымання. Трэба вынесці накладанне спагнанняў з паўнамоцтваў адміністрацыі, бо яна злоўжывае гэтым правам.  Што датычыць палітычных, ужывае да іх ярка выяўленую дыскрымінацыю.

Леанід Судаленка.
Фота: Leanid Sudalenka / Facebook

Я, напрыклад, адседзеў паўтара года і не атрымаў ніводнага доўгатэрміновага спаткання. Нават калі ў атрадзе быў так званы дзень адкрытых дзвярэй і хто хацеў, запрашаў блізкіх. Але не я. Таксама я не атрымаў адпачынку. Звычайныя зэкі маюць два тыдні адпачынку, сядзяць на бараку і пʼюць гарбату. Але не палітычныя.

Гэты пералік можна працягваць, прыкладаў багата. Праз тое, што быў палітвязнем, я не атрымліваў таго, што мне гарантуе нават той, існы цяпер, Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Таму мяняць трэба ўсё, цалкам усё. Увогуле ж – стаўленне дзяржавы да асуджаных.

Я хадзіў да намесніка начальніка калоніі і казаў, што ў маім прысудзе няма нормы, што я буду адбываць тэрмін без права перапіскі, але ўвесь тэрмін у калоніі я сядзеў без лістоў. Аддавалі толькі лісты ад жонкі…

Змяняць трэба ўсё, і ў вольнай Беларусі мне будзе што сказаць. Экспертныя парады на гэты конт я дам абавязкова.

– Але цяпер – эміграцыя і…

– Цяпер не эміграцыя. Не ўспрымаю гэта такім чынам. Для мяне гэта камандзіроўка, падчас якой буду займацца сваёй любімай справай, – праваабаронай, і набліжаць той час, калі мы зможам вярнуцца дахаты, каб працаваць на карысць свабоднай Беларусі.

Гутарыў Зміцер Міраш belsat.eu