«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка


Самая брудная і адна з самых «чырвоных» зонаў Беларусі. Праз яе праходзяць усе, каго найбольш баіцца Лукашэнка. Там сядзелі кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і анархіст Ігар Аліневіч. Цяпер сядзяць Віктар Бабарыка і журналісты Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык. Чаму важных для рэжыму палітвязняў этапуюць менавіта ў Наваполацк?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: the-village.me

Цяпер – № 1. Але ў час Андрэя Саннікава (2011) калонія значылася пад № 10. Называлі яе проста дзясяткай. Прыблізна ў 2014-м зону расфармавалі і аддалі на патрэбы ЛТП № 8. Але ў 2017 годзе «ў мэтах аптымізацыі структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС» установе вярнулі статус папраўчай калоніі. На 20 кастрычніка 2022 года ў ёй адбывалі пакаранні больш за 60 палітычных зняволеных.

«Таму што туды кідаюць на хваробу і на смерць», – кажа «Белсату» адзін з вязняў былой наваполацкай дзясяткі Васіль (мужчына папрасіў змяніць імя, бо застаецца на тэрыторыі Беларусі).

«Чорная» дзясятка – «чырвоная» адзінка

Прысуджаны яму тэрмін Васіль адбываў у Наваполацку ў 2010–2012 гадах не ў палітычнай справе. Але сцвярджае, што з колішнімі палітвязнямі – былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым і анархістам Ігарам Аліневічам (у 2011-м асуджаны на 8 гадоў калоніі, у 2021-м яму прысудзілі 20 гадоў, утрымліваецца ў жодзінскай турме) спалі ў каранціне на суседніх ложках. Васіль кажа, што ўмовы і спецкантынгент, які цяпер абслугоўвае калонію, засталіся тыя ж самыя, а сама зона размяшчаецца «ў былых бараках і на тых жа плошчах» – «так што толькі лічбы змянілі».

«Рота аховы, ну, гэтыя вертухаі, якія сядзяць на вышках, і адміністрацыя – у іх жа там жытло засталося, бо там цэлы гарадок для мянтоў зрабілі. Таму якія там былі традыцыі і склад, такія яны і цяпер. З гэтага зыходжу», – кажа былы вязень наваполацкай калоніі.

Але што да «традыцыяў», ён робіць агаворку: на пачатку 2010-х гадоў зона была «чорная» і жыла паводле «вараўскіх законаў». «Сматрашчы», хоць амаль не выходзіў з ШІЗА (пазней ён быў там і забіты), але рэальна кіраваў калоніяй.

«Зэкі як бы ўзялі ўладу над адміністрацыяй, мы там галадоўкі абвяшчалі, правы свае даказвалі. І яны вымушаныя былі ісці насустрач, бо стасункі былі даволі напружаныя. Менавіта таму тую калонію № 10 і разагналі, каб зрабіць з яе ЛТП», – расказвае Васіль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага выканкаму, у 20202021 гадах у папраўчай калоніі № 1 зрабілі рамонт памяшканняў для сустрэчы са сваякамі і закупілі новую мэблю. Крыніца: vitebskjust.gov.by

Цяпер былы зняволены дзясяткі выказвае ўпэўненасць, што там «кіруюць мянты» («чорных» зонаў не засталося ў Беларусі – адны «чырвоныя»): «У Наваполацку, калі туды завезлі алкаголікаў, традыцыі «чорнай» зоны былі парушаныя. І цяпер там, натуральна, кіруюць мянты. «Па беспрадзеле», як гаворыцца».

«Трапіць у ШІЗА? Няма нічога прасцейшага»

Даведка
Зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюць палітычных вязняў. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць ссярэдзіны, як выглядае побыт за кратамі. Але пры дапамозе былых вязняў мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

«Наколькі ведаю, цяпер там вельмі распаўсюджаная «падстава»: напрыклад, могуць спецыяльна чалавека паслаць у штаб без суправаджэння, а каля штабу яго сустракае супрацоўнік і выстаўляе яму самавольнае адлучэнне з атраду. І пайшло: абмежаванне атаваркі, ШІЗА, ПКТ – па набітай траекторыі», – гаворыць Васіль.

Слава ў наваполацкай ПК № 1 сапраўды благая. Толькі на пачатку 2021 года стала вядома пра некалькі смерцяў асуджаных – 25-гадовага Андрэя Дубіка і 27-гадовага Аляксея Жука. У тым жа годзе былы вязень ПК-1 паведамляў пра выпадкі катаванняў у ШІЗА і ПКТ, якія ўжываў у дачыненні зняволеных асабіста начальнік калоніі падпалкоўнік Андрэй Пальчык, які кіруе ўстановаю з 2017 года. Праз жорсткае стаўленне зняволеныя ўскрываюцца заточкамі, а на зоне пануюць шантаж, вымагальніцтва і пагрозы.

Даведка
Арцём Хвашчэўскі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Пацвярджае гэта і былы палітычны зняволены Арцём Хвашчэўскі, асуджаны ў 2021 годзе на 1 год калоніі паводле ч. 2 арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Рэшту тэрміну – тры месяцы – ён адбываў у Наваполацку (цяпер на волі і ў небяспецы).

«Сапраўды, рэжым там вельмі строгі. Хоць, з расповедаў асуджаных, якія адбываюць там прысуд з 2017 года, раней была наагул поўная «жэсць». Калі калонію толькі адкрывалі, туды звезлі зэкаў з розных іншых калоніяў, і яны спрабавалі ўсталяваць свой рэжым. Але ў выніку іх зламалі, і было вельмі жорстка: збіванні, ШІЗА і г. д.», – кажа Арцём Хвашчэўскі.

Паводле яго, у 2021-м гэтая жорсткасць была скіраваная найперш на «палітычных». Трапіць у штрафны ізалятар (ШІЗА) было надзвычай проста. Калі нават «паводле рэжыму» робіш усё ідэальна, то складуць рапарт за тое, што нібыта «не павітаўся з начальнікам». Даводзіць адваротнае – не мае сэнсу.

«Там няма ніякіх правоў у цябе. Бачыў, як па наводцы на «палітычных» пісалі рапарты, быццам «спалі на прамзоне». Такога не аспрэчыш, бо ніхто цябе не будзе слухаць. Калі даецца загад пасадзіць у ШІЗА – цябе пасадзяць, і вельмі лёгка», – распавядае былы палітвязень.

ШІЗА за Бабарыку

У перыяд, калі Арцём быў у ПК-1 (лета 2021 года), прысуджаныя тэрміны там адбывалі каля 25 палітвязняў – у кожным атрадзе 3–4 «палітычных». Камунікаваць паміж сабою можна было хіба на прамзоне.

Даведка
Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

«Віктара Бабарыку я бачыў. Яго прывезлі перад маім выхадам, ён ужо выходзіў тады на прамзону. Але размаўляць з ім было катэгарычна забаронена – адразу ШІЗА. Проста ў дзень майго вызвалення аднаго палітвязня якраз за гэта кінулі ў ізалятар», – распавядае былы палітвязень (Ігара Лосіка і Андрэя Кузнечыка на той момант у калоніі яшчэ не было).

Факт, што ў ШІЗА можна было трапіць нават за адно слова, адрасаванае Віктару Бабарыку, пацвярджае яшчэ адзін былы вязень ПК-1 (сядзеў там у 2018–2021 гадах). Кажа, што ў ШІЗА лепш было не супраціўляцца і маўчаць, інакш – накідвалі содні да бясконцасці. Катуюць там «расцяжкамі», на якіх змушаюць стаяць гадзінамі. Не зважаюць на век і стан здароўя зняволенага.

«Назіраў жахлівую карціну, як у ШІЗА трымалі 60-гадовага дзядулю. Ён быў увесь у сіняках ад пабояў, і трымалі яго там датуль, пакуль не сышлі сляды збівання. Вельмі яго было шкада», – прызнаецца былы асуджаны.

Хто з палітвязняў утрымліваецца ў ПК-1 Наваполацку

Паводле інфармацыі праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, на 20 кастрычніка ў наваполацкай калоніі трымалі 64 палітвязняў.

  • Былы прэтэндэнт у кандыдаты на пост прэзідэнта і банкір Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў узмоцненага рэжыму. Быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, за кратамі 850 дзён.
  • Журналіст і адміністратар каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік, затрыманы 25 чэрвеня 2020 года (15 гадоў пазбаўлення волі).
  • Журналіст-фрылансэр Андрэй Кузнечык, затрыманы 25 лістапада 2021 года і асуджаны на 6 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
  • Былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Капанец (5,5 гадоў), быў затрыманы 11 жніўня 2020 года.
  • Футбольны фанат Тамаз Піпія (5 гадоў узмоцненага рэжыму).
  • Давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Гомлі Юрый Уласаў (6,5 гадоў узмоцненага рэжыму), затрыманы 6 жніўня 2020 года.
  • Уладзімір Жыхар, асуджаны на 5 гадоў за напад на амапаўца падчас Маршу герояў у Менску, ды іншыя.

«Там доўга выседзець немагчыма»

Жорсткасць наваполацкай калоніі абумоўленая не толькі нялюдскім стаўленнем адміністрацыі да асуджаных, але і самой атмасферай – экалагічным станам. Не толькі адна з самых «чырвоных», але і самая брудная калонія ў Беларусі. Размяшчаецца яна на вуліцы Тэхнічнай, 8 у прамысловым раёне Наваполацку, з усіх бакоў аточаная трубамі і звалкамі буйных хімічных прадпрыемстваў – «Нафтану» і «Паліміру».

Завод «Нафтан», предприятие, нефтеперерабатывающий завод, нефть, нефтепродукты, Новополоцк, Беларусь
Выгляд на завод «Нафтан», які месціцца ў прамысловай зоне за 4 км на паўднёвы захад ад жылых масіваў. На пярэднім плане – папраўчая калонія № 1. Наваполацк, Беларусь. 11 верасня 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Выглядае ўсё ў гэтым кантэксце як «камбінат перапрацоўвання чалавечнасці» (цытуем былога вязня Васіля). «Не, папраўлю: чалавечыны», – кажа Васіль.

«Я з сваіх адчуванняў скажу: доўга выседзець там немагчыма! Нават самі міліцыянты енчаць. Я здзіўляўся, як там выжывае мясцовае насельніцтва, таму што – ну, вобразна кажучы, увечары кладзешся спаць – нібыта нармальна, а ранкам прачынаешся – і па дошцы прайсці роўна не можаш.

Мазгі навыварат, вочы ў розныя бакі. Спачатку не разумеў, што адбываецца, бо я ж ніколі не піў, не курыў і не калоўся. Мазгі – свежыя. А потым пачаў прыглядацца да трубаў і зразумеў», – расказвае былы зняволены наваполацкай калоніі Васіль.

Ён доўга тлумачыць пра клапаны на «Нафтане», праз якія скідваюць ціск у рэзервуарах. Пар падымаецца ў неба і фармуе аблокі над Наваполацкам. А цяжкія фракцыі сцелюцца па зямлі і ідуць на зону. Гэтым і дыхаюць вязні ПК-1. Праз гэта – туберкулёз, сілікозы ды іншая немач.

«І вось таму пасылаюць туды смяротнікаў з сур’ёзнымі ці невылечнымі хваробамі. Ну і – не да пратэстаў, і не да палітыкі: пачынаеш змагацца за жыццё», – кажа Васіль.

Хто рабіў «грыль»

Васіль сцвярджае, што дзесяць гадоў таму жорсткія ўмовы былі і на «промцы», дзе працаваць узімку можна было толькі седзячы на батарэі.

«Выжыць можна было толькі ў тым выпадку, калі нагрэеш кіпяцільнікам ваду, нальеш яе ў бутэльку пластыкавую і пакладзеш пад целагрэйку. Гадзіну выжывеш, а потым зубы пачынаюць стукаць», – расказаў Васіль.

Як кажа нядаўні палітвязень Арцём Хвашчэўскі, «пытанні да якасці паветра» ў наваполацкай калоніі нікуды за дзесяць гадоў не зніклі. Як і «Нафтан» з «Палімірам» праз дарогу. Дыхаць няма чым.

«У дадатак пры мне там быў 4-ты атрад, куды адпраўлялі ў асноўным асуджаных паводле 328 («антынаркатычны» артыкул. – Рэд.). Дык вось іх прымушалі рабіць так званы «грыль». У бочцы распальвалі агонь і кідалі ў яе розную дрэнь – пластык, правады і г. д. На прамзоне пры гэтым – невыносны смурод. Калі ты троху далей, то яшчэ можна вытрымаць. А вось той, хто «загадвае» «грылем», – тых як на забой туды накіроўваюць. «Палітычных» таксама на «грыль» адпраўлялі», – дзеліцца ўспамінамі Арцём Хвашчэўскі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Арцём распавядае, што асноўны від дзейнасці на прамзоне калоніі – дрэваапрацоўка. Там і працаваў, падмятаў пілавінне. Але кажа, што замоваў летам 2021-га было мала, і зняволеным даводзілася імітаваць нейкую дзейнасць. Зіму ў цэху дрэваапрацоўкі Арцём ужо не застаў. Між тым, былы вязень Васіль згадвае, што пры поўнай загрузцы працаваць у цэху было цяжка.

«І пыл пасля распілоўвання дрэва трапляў у лёгкія – адкашляцца за ноч не паспяваеш», – успамінае Васіль.

Што да якасці харчавання, экс-палітвязень Арцём Хвашчэўскі кажа, што «ежа была нармальная»: «Можна было есці, і порцыя, як на мяне, дык дастатковая. Калі не наядаешся – проста больш хлеба ясі».

«Качагар па цеплатрасе па віно хадзіў у Полацк»

Як бываламу зняволенаму (Васіль пасля адбыцця тэрміну ў Наваполацку быў асуджаны паўторна і прайшоў яшчэ праз некалькі калоніяў), задаём Васілю традыцыйнае і «сакральнае» пытанне: «Ці можна ўцячы з наваполацкай калоніі?»

«Ведаеш, на «промцы» быў калодзеж, дык па цеплатрасе качагар хадзіў у Полацк па віно. Затарваўся і прыходзіў назад. Ці праўда? [Смяецца.] Ну, як табе сказаць, я з ім разам не хадзіў, бо не піў, але схільны верыць, што такое было. Таму што адміністрацыя праз некаторы час заліла гэты калодзеж бетонам», – расказвае Васіль.

І заўважае, што ўцякаць з калоніі ў Наваполацку дзесяць гадоў таму не было ніякага сэнсу: «А куды ты пабяжыш? Забег у магазін, наеўся і здаўся? Усё задавальненне. А калі не ў краму – то павяжуць на першым вакзале…» Але дапускае, што цяпер магло нешта змяніцца.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Па перыметры наваполацкая калонія ахоўваецца аўтаматчыкамі на вышках. Звычайна ў беларускіх калоніях вышкі размяшчаюцца ў адлегласці 50 метраў адна ад другой. Такім чынам, «каб вертухаі трымалі зрокавы кантроль паміж сабой», кажа Васіль. Абавязковыя вышкі – на рагах і каля брамаў. У сярэдзіне 2021 года ў наваполацкай калоніі трымалі больш за 900 чалавек у васьмі атрадах. Сярод іх – асуджаныя за эканамічныя злачынствы, незаконнае абарачэнне наркотыкаў, за крадзяжы і забойствы. Цяпер там каля 6 % зняволеных – гэта «палітычныя». Пра калонію расказваў у сваёй кнізе «Сем месяцаў у беларускай турме» былы палітвязень і журналіст Алесь Кіркевіч

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў