Камітэт правоў чалавека ААН разгледзіць скаргу Святланы Ціханоўскай


Камітэт правоў чалавека ААН 9 чэрвеня зарэгістраваў скаргу Святланы Ціханоўскай на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў і вываз яе з краіны. Скарга была падрыхтаваная праваабарончай арганізацыяй «Respect – Protect – Fulfill» (RPF), якая рэпрэзентуе Ціханоўскую ў Камітэце. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская на форуме «GLOBSEC».
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У скарзе гаворыцца пра тое, што ўлады Беларусі парушылі права Святланы Ціханоўскай быць абранай на сумленных выбарах, а таксама права на справядлівы судовы разбор і права не падвяргацца катаванням, што праявілася ў гвалтоўным выгнанні яе з краіны.

Дзеля гэтага былі сабраныя шматлікія сведчанні таго, як улады перашкаджалі выбарчай кампаніі Ціханоўскай у 2020 годзе, а таксама пададзеныя звесткі ад ініцыятываў «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі», якія даказваюць, што вынікі выбараў, абвешчаныя ЦВК, не адпавядаюць таму, як галасавалі беларусы насамрэч.

«Рашэнне ў гэтай скарзе мае вялікае значэнне для ўсіх нас, бо яно будзе юрыдычным пацверджаннем нелегітымнасці Лукашэнкі, у адрозненне ад палітычных заяваў. А высновы Камітэту могуць быць скарыстаныя ў розных міжнародных кантэкстах, напрыклад, пры вызначэнні абавязкаў і адказнасці Беларусі, якія ўзнікаюць у выніку дзеянняў рэжыму Лукашэнкі», – сказана ў паведамленні.

Паводле юрыста RPF Мікіты Мацюшчанкава, няма сумневаў у тым, што Камітэт выявіць парушэнне правоў Святланы Ціханоўскай.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў