Трыумф дыктатуры: на пахаванне Ігара Ледніка прыйшло не больш за 10 чалавек


22 лютага прайшло развітанне з былым сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскім актывістам і журналістам Ігарам Леднікам, які памёр у турме 20 лютага.

Ігар Леднік.
Фота: «Радыё Свабода»

Аднак на пахаванні было зусім мала людзей, нават паплечнікаў з партыі прыехала зусім мала.

«На развітанне з Ігарам Леднікам прыйшло ўсяго 7 чалавек. Яшчэ двое ў машыне з чырвонымі нумарамі назіралі за працэдурай развітання. Страх – гэта тое пачуцце, якое скавала беларускае грамадства на ўсіх узроўнях і не дае магчымасці нешта зрабіць без наступстваў. Нават развітацца з чалавекам, які аддаў сваё жыццё за свае прынцыпы і перакананні, і за гэта не апынуцца на сутках. Трыумф дыктатуры», – напісала ў сваім тэлеграм-акаўнце Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, дала каментарр выданню «Позірк»: «Людзі настолькі запужаныя, што нават паплечнікі па партыі не рызыкнулі паехаць праз пагрозу [затрымання]».

Нагадаем, што Ігар Леднік памёр у турме на 64-м годзе жыцця, у яго спынілася сэрца.

Актывіста затрымалі 12 красавіка 2022 г. і асудзілі на 3 гады зняволення паводле артыкулу 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя». У турме стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасць 2-й групы праз праблему з сэрцам.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў