Арменія замарозіла свой удзел у АДКБ


Прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ўдзел краіны ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы замарожанае. Таксама падчас размовы з журналістамі французскага тэлеканалу «France 24» палітык адзначыў, што Азербайджан рыхтуе напад на Арменію.

Прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян.
Фота: primeminister.am

Нікол Пашыньян адзначыў, што ўдзел ягонай краіны ў АДКБ, у якой дамінуе Масква, замарожанае. Прэм’ер падкрэсліў пры гэтым, што пытанне захавання расейскай вайсковай базы ў Арменіі не стаіць на парадку дня.

Таксама армянскі прэм’ер адзначыў, што азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў не хоча мірнай дамовы, заснаванай на ўзаемным прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці, а імкнецца захапіць новыя тэрыторыі ў Арменіі, выдаткоўваючы мільярды еўраў на ўзбраенне. Як сцвярджае армянскі лідар, афіцыйны Баку лічыць сённяшнюю Арменію «заходнім Азербайджанам».

Акрамя таго, Пашыньян сказаў, што і з боку Масквы не сціхае прапаганда, скіраваная супраць яго. Гэтак, некалькі месяцаў таму Расея «адкрыта заклікала армянскае насельніцтва зрынуць улады» ў краіне.

Пашыньян адзначыў, што ён асабліва занепакоены выпадкам выкрадання расейскімі салдатамі ў Арменіі расейскага дэзерціра Дзмітрыя Сетракова, які адмовіўся ад удзелу ў вайне супраць Украіны. Паводле прэм’ера, Арменія не можа трываць незаконныя дзеянні на сваёй тэрыторыі і папярэдзіў: у гэтага выпадку будуць наступствы, калі патрабаванні Ерэвану застануцца без адказу. Грамадзяніна РФ Дзмітрыя Сетракова затрымала ў Арменіі расейская вайсковая паліцыя і даставіла на тэрыторыю расейскай вайсковай базы ў Гюмры.

Нагадаем, што ў лістападзе 2023 года Нікол Пашыньян не прыехаў на пасяджэнне АДКБ у Менску, яшчэ раней ён папярэджваў, што ягоная краіна можа выйсці з арганізацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў