Прычынаю «жорсткай пасадкі» гелікоптару ў Баранавіцкім раёне магла стаць адмова тэхнікі


Днём 22 чэрвеня, каля 13:30, у Баранавіцкім раёне здзейсніў «жорсткую пасадку» расейскі вайсковы гелікоптар Мі-24. Імавернай прычынай інцыдэнту магла стаць адмова тэхнікі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси» са спасылкай на свае крыніцы, набліжаныя да Мінабароны РБ.

У Баранавіцкім раёне здзейсніў «жорсткую пасадку» расейскі вайсковы гелікоптар. Крыніца: otvinta_by / Telegram

«Пасля адмовы стала зразумела, што да аэрадрому не дацягнуць, выбралі чысты ўчастак каля трасы ды «плюхнуліся». Але з-за няроўнай мясцовасці і занадта высокай вертыкальнай хуткасці борт кульнуўся на бок», – пішуць аўтары тэлеграм-каналу са спасылкай на крыніцу.

У выніку інцыдэнту пацярпелі толькі тры члены экіпажа, якія знаходзіліся ўнутры гелікоптару. Пра іх стан не паведамляецца. Пасля інцыдэнту на месца быў аператыўна адпраўлены медычны Мі-8МТБ-5.

Паведамляецца, што гелікоптар належыць менавіта расейскім вайскова-паветраным сілам. На борце заўважылі тактычную налепку з літарай «Z» – сімвалам расейскіх вайскоўцаў у вайне з Украінай.

Раней ТАСС са спасылкай на беларускае Мінабароны паведамляла, што гелікоптар Мі-24 належыць Узброеным сілам РБ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў