Бацькі, хавайце дзяцей. За іх бярэцца Бондарава

Даносчыца Вольга Бондарава выходзіць на новы ўзровень. Прыгатавацца беларускім дзецям. Прапагандыстка грозіць сапсаванаю будучыняй і заплямленаю біяграфіяй, прызнаннем экстрэмістамі. А з «таўром экстрэмістаў», дадае, будзе немагчыма ўладкавацца на працу, акрамя як дворнікамі ці дастаўцамі піццы. Ну а на пачатак – затрыманне ГУБАЗіКам. І садысцкі план Бондаравай. Праўда, кажа, вушамі карміць не будзе, але ногі, калі нешта пойдзе не так, могуць усё ж прастрэліць.

Вольга Бондарава гарадзенская актывістка, прыхільніца Лукашэнкі.
Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Пачалося з таго, што даносчыца ўгледзела ў песнях папулярных сярод падлеткаў выканаўцаў прапаганду ЛГБТ (без гэтага Бондарава нікуды), самагубства, гвалту, алкаголю, наркотыкаў, нецэнзуршчыны. Чаго там толькі ні знайшла і данесла ў Мінкульт. Там сказалі, што выканаўцаў больш у Беларусь не пусцяць. Ну і дзеці шчыра пачалі пісаць у чатах усё, што думаюць пра Бондараву, а пасля ейных пагрозаў кінуліся выдаляць напісанае. Але і Бондарава не лыкам шытая:

«Памачыўшыся ў штонікі, дзеткі паспехам выдаляюць свае каментары з мацюкамі, каб не стацца фігурантамі цудоўных пакаянных відэа ад ГУБАЗу. […] Дарэчы, аб выдаленых пастах: у нас усе хады запісаныя».

Ведаеце, я б падзякаваў Бондаравай. Так-так. Але зусім не за тое, што яна трымае руку на пульсе абароны беларускай маральнасці. Медаль для даносчыцы! Ды што там – ордэн. Толькі за тое, што робіць тытанічную працу, каб і яе, і ГУБАЗіК, і ўвесь лукашэнкаўскі рэжым ненавідзелі яшчэ мацней і дарослыя, і цяпер – дзеці. Дзякуючы ёй, ад маленства будуць ведаць, які твар у гэтай сістэмы, як яна вамі пагарджае, як яна труціць усё, да чаго дакранаецца.

Таму я б не перашкаджаў Бондаравай кляпаць даносы і злаваць беларусаў. Яна робіць карысную справу. Вось, напрыклад, сярод тысячы так званых добрых справаў Бондарава на гэтым тыдні ўзялася за прэзерватывы. Пайшла хіба па хлеб у краму – а тут прэзерватывы і лубрыканты на касе.

Не ведаю, ці прыкупіла сабе чаго, але заяву ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Бондарава напісала. Бо? Маральнасці засталося ў дзяржавы на тры дні.

«Нас прымушаюць інтымную блізкасць вывесці з сакральнай сферы. […] Мяняйце палавых партнёраў так часта, як мыеце рукі – дзе шмат ходзяць, там трава не расце», – напісала Вольга Бондарава.

Гэта вы пра сябе, спадарыня Бондарава? Дык сапраўды, дзе ходзіце вы, там не толькі трава не расце, там камяні замяняюцца ў попел. Барацьбы з прэзерватывамі не вытрымаў нават прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла, з якім у Бондаравай даўняя нелюбоў. Жаба пачала жэрці гадзюку. Прыдыбайла заўважыў, што няма чаго гуляць, цытую, «у цэлак-невідзімак». Бондарава абазвала яго «заднепрывадным», які «апраўдвае прастытуцыю непаўналетніх і палавыя вычварэнствы». Ды абяцала стаць на абарону інстытуту сям’і.

Толькі вось нешта ў самой абараніць свой інстытут не атрымалася. З мужам Бондарава развялася. Гэта так, рэмарка. Ну і мае шмат часу, каб змагацца з усім, што, паводле яе, не так ляжыць. Прарасейская даносчыца няспынна змагаецца з усім нацыянальным. Бел-чырвона-белы сцяг называе анучай. Дамаглася зносу помніку Ларысе Геніюш у Зэльве. На ейныя даносы адмянялі выступы і выставы.

Гэта яна ахарактарызавала выставу з карцінай Алеся Пушкіна ў Горадні як «рассаднік нацызму». Вынік сумна вядомы: крымінальная справа супраць мастака, турма і смерць за кратамі. І тут толькі некаторыя гэтак званыя дасягненні Бондаравай.

Летась яна пачала навучанне. І гэта цікава: у педуніверсітэце на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Дыпламаваная даносчыца, калі да гэтага дойдзе, яшчэ больш небяспечная. Калі ўсіх выкладчыкаў не перасаджаюць па яе даносах, то ў хуткім часе з’явіцца ў школе. Бацькі, хавайце дзяцей. За іх бярэцца рускаміраўская маралістка, даносчыца і проста камсамолка – Бондарава.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў