У Беларусі больш за 84 запраўкі маральна і тэхнічна састарэлі


У Беларусі больш за 84 аўтазапраўкі маральна і тэхнічна састарэлі і патрабуюць рэканструкцыі і перааснашчэння. Каб паправіць сітуацыю, Саўмін прыняў дзяржаўную праграму развіцця заправак. Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

АЗС «Беларусьнафта» на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Беларусі існуе 840 АЗС агульнага карыстання. Паводле звестак дзяржпраграмы, больш за 10% заправак пабудаваныя 10 і больш гадоў таму. Адзначаецца, што такія АЗС ужо маральна і фізічна састарэлі, патрабуюць рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. Праграмай запланавана, што з 2023 па 2025 год будуць рэканструяваныя 24 дзейсных і пабудаваныя 8 новых АЗС, 10 старых станцый выведуць з эксплуатацыі.

Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў заказчыкаў. Як зыходзіць з дакументу, на большасці з 32 аб’ектаў рэканструкцыі і будаўніцтва АЗС заказчыкам выступае РУП «Беларуснафта».

Паведамляецца таксама, паказальнік забяспечанасці насельніцтва легкавымі аўтамабілямі складае 324 адзінкі на 1000 насельніцтва, а сярэднясутачныя аб’ёмы рэалізацыі нафтапрадуктаў на адну АЗС перавышаюць 10 тон. Прыводзяцца звесткі Белстату, паводле якіх у 2021 годзе ва ўласнасці грамадзянаў знаходзілася 3 759 459 транспартных сродкаў.

Дзяржаўная праграма развіцця сеткі АЗС у Беларусі ў 2023-2025 гадах зацверджана пастановай Савету міністраў РБ № 264 ад 19 красавіка 2023 года. 22 красавіка дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля яго апублікавання.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў