Да пандэміі тыя, што шукалі жыллё, штохвіліны маніторылі той жа kvartirant.by у чаканні кватэры ад уласніка за адэкватную цану, і ў любы момант гатовыя былі бегчы на прагляд з заціснутым у кулаку першым плацяжом. Цяпер спяшацца не трэба-кватэр больш, чым кватарантаў. На мінскім рынку арэнды жылля фіксуюць анамалію: з вясны 2020-га прапанова павялічылася з 3 да 9 тысяч аб’ектаў (згодна з аналітыкай Realt.by). Праўда, цэны зніжацца не спяшаюцца. Што іх трымае і калі чакаць цэнападу?
Згодна статыстыцы Realt.by, сярэдні кошт месячнай арэнды кватэр у Менску цяпер такі:
Лічбы сярэднестатыстычныя. Паколькі самі кватэры розныя. Кватэра можа быць у доме хрушчоўскай эпохі, без рамонту, з мэбляй з 70-х, у раёне, з якога да цэнтра – 40 хвілін на аўтобусе. А можа быць дызайнерскай, у цэнтры сталіцы, каля метро і парку. Павелічэнне колькасці кватэр з элітнага сегменту (а іх у пандэмію стала больш за кошт прытоку кватэр, якія здаваліся раней на суткі) і падцягнула сярэдні цэннік да названых вышынь.
Паводле дадзеных агенцтваў нерухомасці, якія прапануюць кватэры з аплатай па факце засялення, самыя запатрабаваныя цяпер – аднапакаёвыя ад $230 з даволі свежым рамонтам, усёй неабходнай мэбляй і тэхнікай, у раёнах з развітым транспартам. Але ў рэальнасці такія ж часам «праскокваюць» і за $220 за месяц. За арэнду добрых двушак кватаранты гатовыя плаціць $ 250-270 у месяц, трохпакаёвых – ад $ 320. Зрэшты, і тут некаторыя гаспадары, якія жадаюць здаць кватэру хутка і не менш, чым на год, зніжаюць апетыты ў памерах $ 20-30 за месяц.
Агенцтвы адзначаюць, што попыт на трохпакаёвыя невысокі. Адно з тлумачэнняў – падраслі ў кошце камунальныя паслугі. Гэта значыць, памер камуналкі становіцца сур’ёзным фактарам, які ўплывае на папулярнасць здымнай кватэры.
Асобна варта згадаць «бабушатнікі» – кватэры ў старым жылфондзе, што даўно не бачылі рамонту. Іх на рынку стала менш. Уласнікі выявілі, што чарга не стаіць і такі тып жылля прыстойныя арандатары не бяруць пад увагу. Самы танны сегмент запатрабаваны іншагароднімі студэнтамі і будаўнікамі. Цэны на аднапакаёвыя «бабушатнікі» цяпер – $150-170 за месяц.
9000 кватэр, гэта ўтрая вышэй, чым было год таму – база вялікая. Акрамя кватэр, што здаваліся на содні, ёсць тры крыніцы яе папаўнення.
Першая – гэта элітныя кватэры, якія раней здаваліся доўгатэрмінова замежным грамадзянам. Гэтыя грамадзяне ў сувязі з пандэміяй і палітычнай сітуацыяй пакінулі краіну. Цяпер, адзначаюць агенцтвы, попыт нязначны, але ажывіўся – павялічыўся прыток з Расеі. У тым ліку і айцішнікаў. З Еўропы да нас працаваць па-ранейшаму не едуць.
Другая крыніца – гэта арэндныя кватэры, якія вызваліліся. З-за прасядання даходаў частка маладых сем’яў не змагла дамовіцца аб зніжках з арэндадаўцам і вярнулася на жылплошчу бацькоў. Можна меркаваць, што ў Менску на павелічэнне базы арэндных кватэр паўплываў і адток палітычна актыўных маладых людзей за межы краіны. Але на жаль, статыстычных дадзеных, якія адлюстроўваюць гэты момант, няма.
Трэцяя крыніца таксама відавочная – інвестыцыйныя кватэры. Купля нерухомасці для наступнай здачы ў арэнду – папулярны спосаб зберажэння і прымнажэння свабодных грошай. Сярод інвестыцыйных нямала такіх, што пабудаваныя (набытыя) жыхарамі рэгіёнаў пасля продажу спадчыны. Будаваліся (купляліся) яны «для дзяцей», і здаюцца, пакуль дзеці не падраслі. Людзі пралічваюць, што дзіця, хутчэй за ўсё, будзе вучыцца ў Менску, і яму тут спатрэбіцца жыллё. А пакуль расце, кватэра «працуе» – самаакупляецца.
Наўрад ці сёлета. Агенцтвы нерухомасці называюць галоўныя прычыны: даволі плаўны рост курсу долара, і не занадта рэзкае падзенне даходаў мэтавай аўдыторыі – маладых сем’яў, іншагародніх. Таксама ўплывае псіхалогія часткі арэндадаўцаў, у каго наймальнікі жылі ў кватэры некалькі гадоў і не так даўно з’ехалі – яны па некалькі месяцаў даходзяць да разумення, што кошты «ўжо не тыя, што былі два гады таму».
Што будзе з рынкам арэнды жылля сёлета? Калі долар падаражэе ці зноў знікне з абменнікаў, рынак адрэагуе – цэны пойдуць уніз крыху жвавей. Калі даходы ў валютным эквіваленце моцна не пацерпяць, тады ўлетку будзе чакацца невялікае ажыўленне попыту. Перш за ўсё, на акуратныя кватэры побач з ВНУ. Але гэты рост не пацягне павелічэння коштаў, проста запаволіць зніжэнне.
Арэндадаўцам ж агенцтвы раяць быць згаворлівымі і сачыць за рынкам, калі ўжо ўдалося займець прыстойнага і акуратнага кватаранта. І не баяцца здаваць кватэру замежным студэнтам, з Кітая ў тым ліку – яны сягоння самыя плацёжаздольныя і надзейныя, і здымаюць кватэру часцяком на ўвесь тэрмін навучання.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.