ЗША і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт за два тыдні да маскоўскага расстрэлу


Вечарам 22 сакавіка перад канцэртам гурту «Пікнік» у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбылася масавая страляніна, гучалі выбухі. Было забіта не менш за 12 чалавек, параненыя не менш за сотню. Шэраг краінаў два тыдні таму папярэджваў, што нешта такое можа здарыцца.

Абнаўляецца
Тэракт на канцэрце ў Маскве: загінулі мінімум 40 чалавек. Ідзе штурм будынка
2024.03.22 20:49

На сайце амбасады Злучаных Штатаў у Расеі 8 сакавіка з’явілася паведамленне пра магчымыя тэракты ў Маскве. Пазней падобныя папярэджанні выдалі Злучанае Каралеўства, Латвія, Канада, Нямеччына, Паўднёвая Карэя, Чэхія і Швецыя.

У папярэджанні пра тэракт пісалі, што цягам наступных 48 гадзінаў – 8 і 9 сакавіка – неназваныя экстрэмісты плануюць атакаваць буйныя сходы ў Маскве, у тым ліку канцэрты. Ні 8-га, ні 9-га тэрактаў у Маскве не адбылося.

Але «Новая Газета Еўропа» тады адзначала, што 8 сакавіка адным з буйных канцэртаў быў выступ праўладнага спевака Shaman у «Крокус Сіці Хол», які атакавалі 22-га.

На папярэджанні Уладзімір Пуцін 19 сакавіка адказаў, што гэта «нагадвае шантаж і намер застрашыць, дэстабілізаваць грамадства».

Пажар на даху ГЦ «Крокус Сіці Хол» пад Масквой, Расея. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Sergei Vedyashkin / Moscow News Agency / AP / East News

Прадстаўнік амерыканскага Белага дому Джон Кірбі на брыфінгу 22 сакавіка казаў, што толькі даведаўся пра тэракт, выказаў спачуванні блізкім ахвяраў і згадаў, што аб магчымасці тэрактаў папярэджвалі раней. Ён таксама адзначыў, што ЗША не мелі папярэдняй інфармацыі аб менавіта тым тэракце, што адбыўся 22 сакавіка. На пытанне аб магчымай датычнасці Украіны Кірбі адказаў, што на гэты момант не мае ніякіх звестак аб прыкметах датычнасці Украіны ці ўкраінцаў да атакі.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што маскоўскі расстрэл – «свядомая правакацыя спецслужбаў Пуціна, пра якую папярэджвала міжнародная супольнасць».

Расейскія ўлады на момант публікацыі не называлі падазраваных у арганізацыі тэракту. Адказнасці на сябе на момант публікацыі ніхто не ўзяў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў