Уначы 22 сакавіка Расея абстраляла Украіну дронамі, крылатымі і балістычнымі ракетамі. Траплянні былі ў Харкаве, Дняпры, Запарожжы, Хмяльніцкай і Вінніцкай вобласцях. Пад удар трапіла дамба ДнепраГЭС. Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка назваў гэты абстрэл самай маштабнай атакай на ўкраінскую энергетыку за апошні час.
«На жаль, траплянні ёсць і па найбуйнейшай ГЭС Украіны – ДнепраГЭС у Запарожжы. Нелюдзі не супакоіліся, разбурыўшы Кахоўскую ГЭС, і цяпер спрабуюць стварыць новую экалагічную катастрофу, цынічна ўдарыўшы па гідразбудаваннях ДнепраГЭС і грэблі», – пракаментавалі абстрэлы ва «Укргідраэнерга».
У выніку абстрэлу на станцыі ўзнік пажар, было сур’ёзна пашкоджанае абсталяванне ГЭС. Генеральны дырэктар кампаніі – дастаўца электраэнергіі «Yasno» Сяргей Каваленка заявіў, што наступствы атакі будуць не вельмі добрыя. Паводле «Укргідраэнерга», пагрозы прарыву грэблі няма, сітуацыя на станцыі пад кантролем.
У Палтаўскай, Днепрапятроўскай і Сумскай вобласцях уводзяць графікі вымыкання святла. У Днепрапятроўскай вобласці назіраюцца перабоі з водазабеспячэннем. Экстранныя адключэнні электраэнергіі ўведзеныя таксама ў Адэсе і Данецкай вобласці. Паводле кіраўніка Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алега Кіпэра, у горадзе абясточаныя 53 тысячы абанентаў. Энергетыкі працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння.
«Вораг здзяйсняе самую маштабную атаку на ўкраінскую энергетыку за апошні час. Мэта – не проста пашкодзіць, а паспрабаваць ізноў, як і летась, выклікаць маштабны збой у працы энергасістэмы краіны. На жаль, ёсць траплянні і пашкоджанні аб’ектаў генерацыі, сістэмы перадачы і размеркавання электраэнергіі ў розных вобласцях. Акрамя таго, праз абстрэлы абясточаная адна з электралініяў, якая сілкуе ЗАЭС», – пракаментаваў абстрэлы міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка.
Падчас абстрэлаў дамбы ракета трапіла таксама ў тралейбус, якім ехалі работнікі станцыі, паведаміў дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка:
«Расейская ракета трапіла ў тралейбус, які рухаўся праз дамбу. У тралейбусе былі людзі. Звычайныя цывільныя людзі, якія ехалі на працу і з працы. Калі цяпер Расея ганарыцца сабой і спрабуе супрацьпаставіць свой тэрарызм ударам па Белгарадзе – вось ён сапраўдны тэрарызм».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што за ноч на 22 сакавіка Расея запусціла па Украіне больш за 60 дронаў «Shahed» і амаль 90 ракетаў розных тыпаў:
«Мэты расейскіх тэрарыстаў свет бачыць максімальна дакладна: электрастанцыі і лініі дастаўкі энергіі, грэбля ГЭС, звычайныя жылыя дамы, нават тралейбус. Расея ваюе супраць звычайнага жыцця людзей… У расейскіх ракетаў няма затрыманняў, як у пакетаў дапамогі нашай дзяржаве. У «шагэдаў» няма нерашучасці, як у некаторых палітыкаў. Важна разумець цану затрыманняў і адкладзеных рашэнняў».
Марыя Міхалевіч belsat.eu