«Мне забаранілі нават размаўляць». Канцэрты Маргарыты Ляўчук на Дзень Волі адмененыя


Канцэрты спявачкі Маргарыты Ляўчук з нагоды Дня Волі канчаткова адмененыя. Прычына – паліп на галасавых звязках, напісала артыстка ў Facebook. «Фаніятарка мне забараніла нават размаўляць, не тое што спяваць», – адзначыла Ляўчук.

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

Маргарыта Ляўчук мусіла выступіць у Варшаве 25 сакавіка і на наступны дзень – у Гданьску. Варшаўскі канцэрт адменены цалкам, грошы за квіткі вернуць; у Гданьску замест яе заспяваюць Лявон Вольскі ды Крысціна Гедзік.

У сваім Facebook Ляўчук паведаміла, што ў яе на галасавых звязках знайшлі паліп, і фаніятарка «забараніла нават размаўляць, не тое што спяваць»:

«Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалася пасля словаў доктаркі, што ўсё сур’ёзна. Голас – маё жыццё. Я ўжо наплакалася і насмяялася, бо ў мяне самыя крутыя сябры і блізкія, якія ўжо другі дзень побач, за гэта ім вялікі дзякуй».

Спявачка таксама напісала, што ёсць шанец пазбегнуць аперацыі пры ўмове маўчання і выканання рэкамендацыяў доктаркі. Лекарка пры гэтым «нічога не абяцае».

Гэта ўжо другая адмена выступу Маргарыты Ляўчук. Ад пачатку канцэрт планаваўся ў Варшаве на 24 сакавіка. Аднак 18 сакавіка спявачка паведаміла, што шоу не адбудзецца на патрабаванне польскіх спецслужбаў, якія заявілі пра пагрозу тэракту. А праз два дні Ляўчук абвясціла, што канцэрт у Варшаве на Дзень Волі ўсё ж зладзіць.

Hавiны
Маргарыта Ляўчук заявіла, што яе канцэрт у Варшаве адмянілі праз пагрозу тэракту
2023.03.18 09:26

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў