«Пазбавяць і грамадзянства». Улады вынаходзяць новыя спосабы адпомсціць беларусам за 2020 год


У Беларусі змянілі адміністрацыйныя працэдуры, і пры продажы кватэры паводле даверанасці цяпер усё адно патрабуецца прысутнасць уласніка. Як паведаміла «Радыё Свабода» са спасылкаю на крыніцу, удзельнікі ўгоды мусяць прыйсці асабіста ў Агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру, каб аформіць нерухомасць. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» паразважаў пра тое, якія яшчэ захады могуць ухваліць улады, каб адпомсціць беларусам за мірную рэвалюцыю 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Улады паслядоўна ўскладняюць жыццё беларусам, якія эмігравалі пасля пратэстаў 2020 года: за мяжою цяпер не атрымаеш пашпарт, а шмат якія юрыдычныя працэдуры даступныя па даверанасцях, аформленых толькі ў Беларусі.

Паводле звестак крыніцаў, дадаткова чыноўнікі змянілі многія адміністрацыйныя працэдуры пры продажы нерухомасці. Цяпер пасля натарыяльнай угоды прадаўцу і пакупніку трэба з’явіцца асабіста ў Агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру, каб аформіць кватэру.

Усё ідзе да таго, што ўгоды з нерухомасцю ў Беларусі цалкам забароняць без прысутнасці ўласніка, мяркуюць суразмоўцы «Радыё Свабода». Яны прагназуюць, што неўзабаве ў краіне з’явіцца шмат дамоў і кватэраў, якія ніхто не прыняў у спадчыну пасля смерці ўласніка. Такая нерухомасць адыдзе дзяржаве. Змены вядуць да таго, каб можна было «адціскаць кватэры ў тых, хто выехаў за мяжу», мяркуюць крыніцы.

Hавiны
Новыя цяжкасці для мігрантаў. Кватэру можна будзе прадаць толькі пры асабістай прысутнасці
2024.02.22 14:11

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» назваў такія захады «цалкам лагічнымі для рэжыму Лукашэнкі»:

«Тыя людзі, якія Беларусь пакінулі пасля 2020 года, лічацца здраднікамі радзімы. Адпаведна, калі гэта здраднікі, яны не павінны мець ніякай сувязі з радзімаю, і ўсё, што іх звязвае з радзімаю – нерухомасць, маёмасць – гэта мусіць быць адрэзана».

Фрыдман прызнаў, што ўсялякае абмежаванне ўгодаў з нерухомасцю сапраўды моцна б’е па мігрантах, бо грошы, якія можна было б атрымаць за маёмасць у Беларусі, прыдаліся б у новай краіне. А рызыкоўная паездка на радзіму дзеля развязання праблемы можа скончыцца турмою:

«Гэта даволі моцны крок. Калі мы разглядаем пераслед людзей, каб апанентам рэжыму, якія цяпер за мяжою, значна ўскладніць іх жыццё, гэта такі сур’ёзны і, калі гаварыць цынічна, эфектыўны крок».

Фрыдман не выключае, што ўлады пойдуць на масавую канфіскацыю маёмасці – тых, каго пераследуюць завочна, хто ў спісах «тэрарыстаў і экстрэмістаў».

Hавiны
Улады прадалі трохпакаёвую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх
2023.07.27 08:43

«Гаворка пра тысячы, можа, дзясяткі тысячаў чалавек, а гэта людзі з маёмасцю, тут жа не толькі кватэры – лецішчы, машыны, розныя рэчы. Такая рабаўнічая акцыя, каб гэтую маёмасць захапіць і перадаць тым, хто ахоўвае рэжым, на каго рэжым абапіраецца – гаворка пра амапаўцаў, вайскоўцаў. Лукашэнка дакладна ведае, каму ён абавязаны ўладаю і каго ён абавязаны забяспечыць», – адзначыў аналітык.

Ён звярнуў увагу, што помсцяць усім: і каго зняволілі, і хто здолеў уцячы за мяжу.

«Палітзняволеных Лукашэнка карае, так бы мовіць, на месцы: яны ў жахлівых умовах за кратамі, паміраюць там і хварэюць. А тых, хто ўцёк і ў Беларусі не знаходзіцца, караюць такім чынам», – сказаў суразмоўца «Белсату».

Агляд
З бязвізам, але без пашпарта. Што беларусам далі ў 2023 годзе і што ў іх адабралі
2023.12.31 08:00

«Тут жа не да законаў. Калі трэба будзе – пазбавяць і грамадзянства», – мяркуе Аляксандр Фрыдман, дапускаючы, што ўлады пойдуць і на гэты крок. На ягонае меркаванне, ужо могуць быць складзеныя адпаведныя спісы асобаў на выкасаванне з беларускага грамадзянства.

«Мяркую, гэтага пазбаўлення грамадзянства пакуль няма, бо гэта апошні захад. Рэжым Лукашэнкі дзеіць паступова, у іх усё падрыхтавана. Проста пакуль справа да гэтага не дайшла. Яны ж зараз імкнуцца заклікаць людзей, каб яны вярталіся. Не вельмі прывабна будзе выглядаць, што кагосьці заклікаеш вяртацца і адначасова пазбаўляеш грамадзянства», – канстатаваў палітычны аглядальнік.

Ён пры гэтым адзначыў, што пасля пазбаўлення грамадзянства беларускія ўлады страцяць магчымасць прасіць аб экстрадыцыі «былога суайчынніка» з-за мяжы.

Аб’ектыў
Як рэжым Лукашэнкі нажываецца на сваіх апанентах?
2023.10.26 21:44

Марына Яновіч, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў