Жырыноўскі: Расея мусіць захапіць Казахстан


Лідар расейскай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі лічыць, што Расея мусіць захапіць Казахстан, бо там «культывуюць русафобскія настроі».

Пра гэта палітык сказаў у інтэрв’ю радыё «Эхо Москвы». «Ва ўсіх новых падручніках ў Казахстане – усюды антырасейскія настроі. Хоць Расея Казахстан не заваёўвала, а прыйшла на дапамогу, бо казахаў выразалі джунгары (продкі сучасных калмыкаў і уйгураў – belsat.eu). І расейская армія выгнала джунгараў у Кітай – вось там яны сядзяць», – распавёў Жырыноўскі 27 жніўня.

«Казахскія ўлусы (адміністрацыйныя адзінкі ў былой імперыі Чынгіс-хана – belsat.eu) звярнуліся да расейскага цара, прасілі, у нагах валяліся: «Ратуйце нас, казахаў, а то ўсіх выражуць джунгары». Расейскі цар накіраваў армію, вызваліў Паўночны Казахстан», – сказаў расейскі палітык.

Па яго словах, у Казахстане шмат гарадоў з расейскімі назвамі: Сямірэчча, Усць-Каменагорск, Арцём’еўск, Сяміпалацінск. Але, сказаў Жырыноўскі, з прэтэнзіямі да Казахстану давядзецца пачакаць. «Пакуль пачакаем. Давайце з Украінай разбярэмся. Казахстан – чалец Мытнага саюзу», – заявіў ён.

У пятніцу 29 жніўня Уладзімір Пуцін заявіў, што прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў «стварыў дзяржаву на тэрыторыі, на якой дзяржавы не было ніколі».

«Эксперты лічаць, што цяперашні выпуск Жырыноўскага на арэну звязаны з тым, што ў Крамлі незадаволеныя тым, што Казахстан і Беларусь не сталі падтрымліваць у Менску Расею ў яе вялікадзяржаўных памкненнях. Пры гэтым, варта нагадаць, што Жырыноўскі заўсёды выступаў у ролі нефармальнай рупара Крамля, агучваючы пазіцыі, якія з дыпламатычных меркаванняў не могуць выказаць першыя асобы», – падае сайт dsnews.ua.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net, dsnews.ua

Глядзі таксама
Каментары