З Украіны пераехала фірма, што рэжа дрот. У Расеі кажуць пра ўцёкі вытворцаў


Чарговы наступ з боку Расеі на Украіну. Гэтым разам – у інфармацыйным і прапагандысцкім полі. Акрамя дзясяткаў тысяч уцекачоў, паводле расейскіх медыяў, усход Украіны пакідаюць цяпер і вытворцы. Нібыта працаваць спакайней у расейскай глыбінцы. Першыя ж асацыяцыі: ці не грузавікі белага канвою вывезлі ў Расею цэлае прадпрыемства? Але праўда – яшчэ інакшая. Луганскі машынабудаўнічы завод імя Пархоменкі застаецца на сваім месцы. А ў матэрыяле вядзецца пра невялікую фірму, якая распрацоўвае… аўтамат для рэзкі дроту.

Але акрамя тэлевізійных войнаў ёсць і сапраўдны тэатр ваенных дзеянняў.

{movie}Непатрэбная вайна|right|18126{/movie}

ЛЕАНІД МАЦЮХІН, ПРЭС-САКРАТАР АТА:
“Паблізу паселішча Пабеда разгарнулі штаб батальённа-тактычнай групы ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. У паселішчы Амвросіеўка зайшлі пяць БТРаў, адзін “КамАЗ” з жывою сілаю. Таксама з тэрыторыі Расеі праз паселішча Дзібраўка збоку Дмітраўкі праследавала калона з шасці “Градаў”, васьмі “КамАЗаў” і двух “Уралаў” з жывою сілаю”.

Пацвердзіла ж прысутнасць расейскіх жаўнераў у канфлікце затрыманне дзесяці дэсантнікаў Свірскай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сілаў РФ. Паводле маладзёнаў, яны нават і не ведалі, што рушаць праз тэрыторыю Украіны, дый мінаць мяжы не мелі намеру.

ІВАН РАМАНЦАЎ, ЗАТРЫМАНЫ РАСЕЙСКІ ДЭСАНТНІК:
“Але нам няма чаго дзяліць, і цяпер мы ўсведамляем, што насамрэч усё не гэтак, як падаецца ў тэлебачанні. Але як гэта патлумачыць тым, хто глядзіць тэлебачанне? Я не ведаю, ды і нам асабліва не дадуць нічога сказаць”.

УЛАДЗІМІР ЗАВАСЦЕЕЎ, ЗАТРЫМАНЫ РАСЕЙСКІ СЯРЖАНТ:
“Нам не трэба яго [канфлікту]. Мы ўсе людзі, мы хрысціяне. Там няма чаго дзяліць. Навошта?”

Паводле ўкраінскага боку, дэсантнікі не ваеннапалонныя, але затрыманыя. Калі Расея іх не прызнае, іх могуць судзіць за ўдзел у тэрарыстычнай групоўцы і мінанніе са зброяй у руках мяжы. Бацькі ж хлапцоў у Расеі звяртаюцца да кіраўніцтва Крамля.

ВОЛЬГА ПАЧТОЕВА, МАЦІ ЗАТРЫМАНАГА ДЭСАНТНІКА:
“Прэзідэнт, міністр абароны, военачальнікі, маё дзіця, Пачтоеў Ягор Валер’евіч, цяпер у палоне на ўкраінскай тэрыторыі. Я Хрыстом Богам вас малю, аддайце мне маё дзіця!”

Але на ўкраінскім фронце ваюе ўсё больш расейцаў. І гэтага ўжо не схаваць. Жорсткія баявыя дзеянні не сціхаюць. Страты нясуць абодва бакі. Камітэт салдацкіх мацярок у Стаўрапольскім краі склаў спіс ажно з чатырохсот параненых і забітых расейскіх жаўнераў. МЗС Украіны заклікае расейскі бок прызнаць відавочнае:

ЯЎГЕН ПЭРЭБЫЙНІС, ПРЭС-САКРАТАР МЗС УКРАІНЫ:
“У тым, што Расея наўпрост уцягнутая ў гэты канфлікт, думаю, ні ў каго на свеце ўжо няма сумневаў. Таму тое, што кіраўніцтва гэтай краіны працягвае аспрэчваць відавочныя рэчы, з кожным днём апускае імідж і давер да расейскіх уладаў да пункту незвароту”.

На гэтым фоне краіна пачынае рыхтавацца да яшчэ адной буйной баталіі – выбарчай. На 26 кастрычніка прызначылі сёння выбары ў Вярхоўную Раду. І гэтая палітычная кампанія абяцае быць далёка не мірнай. Буйны раскол адбыўся ў партыі «Бацькіўшчына», з якой сышлі амаль усе ключавыя палітыкі, у тым ліку і Арсеній Яцэнюк, Аляксандр Турчынаў, Арсэн Авакаў.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары