«Казаць пра нейкі ўплыў Лукашэнкі, Беларусі на гэтыя перамовы не выпадае»


Дзе могуць сустрэцца і абаронцы цэласнасці Украіны і прарасейскія сепаратысты ці тыя, хто іх падтрымлівае? Ідэальнае месца для перамоваў аб сітуацыі на ўсходзе Украіны… беларуская сталіца.

ВОЛЬГА ПАПОВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Кіеў хацеў паказаць, што ён адкрыты для перамоваў дзе-кольвек. Незалежна, ці гэта будзе Беларусь як хаўруснік Расеі. Ці Еўропа, але ляцець у якую-небудзь еўрапейскую краіну прадстаўнікі Расеі не хацелі б».

Таму ўжо заўтра па прапанове ўкраінскага прэзідэнта і пры згодзе на яе кіраўніка Беларусі ў Менску адбудзецца паседжанне трохбаковай кантактнай групы. Украіну рэпрэзентуе экс-прэзідэнт Леанід Кучма, Расею – амбасадар у Кіеве Міхаіл Зурабаў і незалежны бок – прадстаўнік АБСЕ.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Прадстаўнікі гэтак званых «Луганскай ці Данецкай народных рэспублікаў» – яны могуць з’явіцца на гэтых перамовах. Нармалёвая краіна мела б пэўныя цяжкасці з прыняццем ваенных злачынцаў, а вядома, што ў Беларусь дапускаюць розную шваль».

Поўны склад удзельнікаў паседжання невядомы, але падобна, прадстаўніка афіцыйнага Менску на ім не будзе.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«У гэтых перамовах Беларусь увогуле не з’яўляецца пасярэднікам. Пасярэднікам тут, хутчэй, з’яўляецца АБСЕ. Беларусь проста прадастаўляе пляцоўку – памяшканне, месца, дзе маглі б сабрацца і абмяркоўваць. Таму казаць пра нейкі ўплыў Лукашэнкі, Беларусі на гэтыя перамовы не выпадае».

Але для кіраўніка Беларусі, які ўжо каторы год перабывае ў міжнароднай ізаляцыі, і гэта можна лічыць прарывам і доказам прызнання. Дасведчаны дыпламат і стратэг Пётр Парашэнка, робячы гэткі гонар Лукашэнку, зможа заручыцца і пэўным падтрыманнем галоўнага хаўрусніка Расеі ды адначасова развязаць актуальныя для Украіны праблемы – дамовіцца аб вызваленні палонных, захопленых сепаратыстамі, і забеспячэнні экспертам доступу да месца падзення малайзійскага «Боінга». Апроч таго, заўтрашняе паседжанне можа акрыць дарогу для сустрэчаў у будучыні, ужо на найвышэйшым узроўні.

ВОЛЬГА ПАПОВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Адназначна гэтая сустрэча будзе мець сваю сімволіку, якая заключаецца ў тым, што Беларусі можа адкрыцца шанец у будучыні адыгрываць адну з галоўных роляў у расейска-ўкраінскім канфлікце».

А разам з тым і шанец наладзіць дачыненні з Еўропаю і ЗША, якія таксама зацікаўленыя ў развязанні расейска-ўкраінскага канфлікту. Але, каб напоўніцу скарыстацца з сітуацыі, Менск мусіць таксама даказаць, што ён не стаіць на баку Масквы.

Вольга Старасціна, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў