Экс-міністра абароны «ДНР» Ігара Стралкова (Гіркіна) арыштавалі на 2 месяцы


Мяшчанскі суд Масквы арыштаваў экс-міністра абароны «ДНР» Ігара Стралкова (Гіркіна) на два месяца – да 18 верасня, паведамляе РБК. Яму інкрымінуюць «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ў інтэрнэце». Гіркіну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Ігар Стралкоў (Гіркін) у судзе.
Фота: zona.media

Абвінавачанні ў адрас Стралкова звязаныя з двума пастамі, апублікаванымі ў ягоным тэлеграм-канале, паведаміў адзін з ягоных адвакатаў.

«У іх ён выказаў сваё меркаванне наконт праблематыкі, звязанай з Крымам. Пра магчымую здачу Крыму, назваўшы гэта дзяржаўнай здрадай», – распавёў адвакат. Стралкоў у судзе прызнаў, што размясціў у сваім тэлеграм-канале два паста, адзін з якіх тычыўся Крыму, другі – выплат вайскоўцам, паведамляе расейскае выданне РБК.

Таксама РБК паведамляе, што Стралкоў быў затрыманы па заяве былога супрацоўніка ПВК Вагнэра, а адна з крыніц РБК сцвярджае, што расследаванне вядзе не Следчы камітэт, а ФСБ.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Стралкоў неаднаразова выказваўся аб вайне і нярэдка крытыкаваў дзеянні расейская кіраўніцтва, у тым ліку самога Уладзіміра Пуціна.

Таксама каля суда затрымалі былога «народнага губернатара» так званай ДНР Паўла Губарава. Перад гэтым ён выйшаў на адзіночын пікет каля будынка суда з патрабаваннем вызваліць Гіркіна. Яго затрымалі пасля словаў аб тым, што ён сам удзельнічаў у ваеннай аперацыі, а «Ігар Іванавіч з першых дзён абгрунтавана крытыкаваў дзеянні Мінабароны».

Пікет Паўла Губарава. Крыніца: ostorozhno_novosti / Telegram

Падтрымаць Гіркіна да суда прыйшлі ягоныя прыхільнікі. Яны скандавалі «Позор» і «Свободу!».

Першапачаткова пра затрыманне Ігара Стралкова (Гіркіна) паведаміла ягоная жонка Міраслава Рэгінская днём 21 ліпеня. У ягонай кватэры ў Маскве правялі вобшук.

«Сёння прыклада аб 11:30 да нас прыехалі прадстаўнікі Следчага камітэту. Мяне ў гэты час удома не было. Неўзабаве, са словаў кансьержа, яны вывелі майго сужэнца пад рукі і павезлі ў невядомым кірунку, – напісала Міраслава Рэгінская. Расейскім медыям затрыманне Стралкова (Гіркіна) пацвердзілі ў СК.

Ігар Стралкоў (Гіркін) – былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР. Таксама ён адзін з трох вінаватых у збіцці малайзійскага боінгу ў Данецкай вобласці ў 2014 годзе, у выніку чаго загінулі 298 чалавек. Апошнім часам ён неаднаразова крытыкаваў кіраўніцтва РФ. Летась ужо была інфармацыя пра ягонае затрыманне, якое нібыта адбылося ў Крыме, калі Стралкоў (Гіркін) спрабаваў трапіць на Херсонскі фронт.

Hавiны
У Маскве за экстрэмізм затрымалі Ігара Стралкова (Гіркіна)
2023.07.21 16:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў