Лукашэнка выказаўся аб справаздачы ICAO, назваўшы яе «фальсіфікацыяй»


У інтэрв’ю журналісту Agence France-Presse Аляксандр Лукашэнка назваў «фальсіфікацыяй» справаздачу Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) аб прымусовай пасадцы самалёта «Ryanair» у Менску ў траўні 2021 года.

Аляксандр Лукашэнка і журналіст AFP Антуан Ламброскіні.
Фота: president.gov.by

«І чаму гэтае заключэнне ICAO менавіта сёння ці ўчора зʼявілася? Якое права ICAO мае накладаць санкцыі? Ці Францыя? Якое вы маеце права? Гэта права Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Так нават рэкамендацыі такой не было», – сказаў Лукашэнка.

Таксама ён заявіў, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі па закрыцці паветранай прасторы былі ўведзены еўрапейскімі краінамі яшчэ да зʼяўлення дакументаў ці справаздач.

«Вы ж санкцыі ўвялі супраць кампаніі «Белавія» яшчэ два гады таму, без падстаў для гэтага. Вы на другі дзень усё ў адзін голас, пачынаючы ад Макрона і заканчваючы канцлерам Германіі Меркель, па ўказцы Вашынгтона пачалі крычаць: «Злачынцы, такія-сякія!» Вы яшчэ фактаў на стале не мелі», – выказаўся Лукашэнка.

Паводле яго слоў, блогер Раман Пратасевіч, які знаходзіўся на борце «Ryanair» і быў затрыманы пасля пасадкі самалёта, «спакойна жыве ў сваёй краіне і не хоча на Захад». Цяпер Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам і супрацоўнічае з уладамі.

Hавiны
ICAO апублікавала даклад аб расследаванні пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску
2022.07.20 08:46

Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 19 ліпеня завяршыла абмеркаванне інцыдэнту пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску і асудзіла «здзяйсненне акту незаконнага ўмяшання» урадам Беларусі. Рада ICAO прызнала, што пагроза бомбы была наўмысна непраўдзівай і паставіла пад пагрозу яго бяспеку, а таксама, што пагроза была даведзеная да ведаму лётнага экіпажу паводле даручэння высокапасадных урадавых чыноўнікаў Беларусі

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў