Дзясяткі тысячаў асобаў узялі ўдзел у дэманстрацыях у Ізраілі. Пратэсты трываюць 20 тыдняў


Дзясяткі тысячаў асобаў выйшлі 20 траўня на дэманстрацыі супраць судовай рэформы ў Ізраілі. У Тэль-Авіве ўдзельнікі скандавалі «Ізраіль – амаль дыктатура!», перадае агенцтва Reuters. Пратэсты не сціхаюць 20 тыдняў.

Акцыя супраць судовай рэформы. Тэль-Авіў, Ізраіль. 20 траўня 2023 года.
Фота: Ilan Rosenberg / Reuters / Forum

Дэманстрацыі адбыліся па ўсёй краіне. Reuters піша, што ўдзельнікаў было дзясяткі тысячаў. Ізраільскія медыі паведамляюць пра 100 тысячаў дэманстрантаў. Паліцыя свае падлікі пакуль не абнародавала.

Пратэстоўцы скандавалі «Ізраіль – амаль дыктатура!», кіраўніка ўрада Бэньяміна Нэтаньягу называлі «ворагам дэмакратыі» ды «прэм’ер-міністрам злачыннасці».

Пратэсты не сціхаюць, нягледзячы на замарожванне судовай рэформы 27 сакавіка. Урад Нэтаньягу сэнс зменаў тлумачыць неабходнасцю балансу ўлады. Крытыкі рэформы ўпэўненыя, што яна пагражае дэмакратыі.

Сярод новаўвядзенняў, што прапануюцца, – кантроль урада над прызначэннем суддзяў Вярхоўнага суда і магчымасць ухвалення парламентам законаў, што скасаваў суд.

Hавiны
У Ізраілі пятнаццаты тыдзень трываюць пратэсты праз судовую рэформу
2023.04.16 10:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў