Беларусь «залівае» Польшчу соллю?

Здавалася б, абклалі Беларусь санкцыямі. Кожны чыноўнік эканамічнага блоку ўважае за свой абавязак заявіць, што практычна ўся беларуская эканоміка пакутуе ад несправядлівага ціску заходніх краінаў, але, перамагаючы гэты боль, перабудоўваецца ў бок больш дружалюбнага Усходу, і даступная нам эканамічная статыстыка гэта пацвярджае.

крама
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

І раптам, на гэтым фоне, на профільным польскім рэсурсе wnp.pl выходзіць матэрыял з вельмі кідкім загалоўкам: «Białoruś zalewa nas solą. Sytuacja jest groźna». Папросту так і напісана – маўляў, ратуйце, грамадзяне, нас заліваюць! Падыдзем крыху бліжэй, паглядзім на карціну разбурэнняў.

Для пачатку можна выдыхнуць: гаворка не ідзе пра шчыліны, па якіх падсанкцыйны «Белкалій» пастаўляе ў Еўропу ўгнаенні, хоць назва гэтай кампаніі ў матэрыяле прысутнічае. Артыкул прысвечаны пранікненню на польскі рынак каменнай і паваранай солі вытворчасці «Мазырсоль» і пагрозе з боку гэтага прадукту польскім вытворцам.

Трэба адзначыць, што Еўразвяз, уводзячы санкцыі, сапраўды зрабіў выключэнне для харчовых прадуктаў, і звыклая для пакупніка каменная і павараная соль не патрапілі пад абмежаванні. Аднак давайце разбяромся з лічбамі. У артыкуле пазначана, што раней пастаўкі беларускай солі на еўрапейскі рынак (паводле звестак Еўрастату) складалі ў 2021 годзе 774 тысячы тон, у 2022-м – 255 тысячаў тон. А за першыя 11 месяцаў 2023-га экспарт беларускай солі толькі ў Польшчу склаў больш за 64 тысячы тон. І за год можа скласці больш за 100 тысячаў тон (з прычыны росту спажывання зімой).

Наяўныя ў адкрытым доступе звесткі сведчаць пра тое, што Рэспубліка Беларусь, у якой харчовую і прыраўняныя да яе гатункі солі вырабляюць у Мазыры (і зусім няшмат у Салігорску), у названыя гады вырабляла солі крыху больш за 570 тысячаў тон усяго, і частка яе, каля 150 тысячаў тон, заставалася на ўнутраным рынку, а значыць, мы назіраем пэўную маніпуляцыю лічбамі. На жаль.

Але пераключымся з мінулага, пагаворым пра сучаснасць. Што такое гэтыя 100 тысячаў тон для сённяшняга польскага рынку? Аб’ём вытворчасці аналагічных прадуктаў у Польшчы – больш за 4 млн тон, пры гэтым краіна як імпартуе (больш за 1 млн тон у год) так і экспартуе (да 400 тысячаў тон). На фоне гэтых лічбаў давайце спытаем у саміх сябе – ці сапраўды праблема ў 100 тысячах тон мазырскай солі?

На жаль, мы маем справу з не самай карэктнай канкурэнтнай барацьбой, і не больш.

У артыкуле не прыводзяцца статыстычныя дадзеныя аб цэнавым эквіваленце беларускага экспарту солі, і гэта зразумела. Уся выручка 2022 года за тыя самыя 255 тысячаў тон склала каля 10 млн еўраў. Пры гэтым «Мазырсоль» дала справаздачу, што яна паставіла ў тым жа годзе солі на еўрапейскія рынкі крыху больш, чым на 3 млн еўра.

Гаворка ідзе аб адзінках мільёнаў еўра і згадка ў артыкуле «кашалькоў Лукашэнкі», а тым больш здагадка аб тым, што «Белкалій» можа падмешваць свой прадукт у мазырскую соль (і тым самым абыходзіць санкцыі), выглядаюць толькі спробай маніпуляцыі свядомасцю польскіх спажыўцоў, якія слаба разбіраюцца ў сутнасці таго, што адбываецца.

Што мы маем у выніку? Інфармацыя з гэтага артыкулу разбеглася па беларускіх незалежных СМІ і, з лёгкай рукі аўтараў загалоўкаў, цяпер выглядае як «палякі занепакоеныя». Між тым гаворка ідзе менавіта пра канкурэнтную барацьбу на зусім лакальным кавалачку польскага рынку.

Ці ўведзеныя санкцыі супраць беларускіх вытворцаў харчовай прадукцыі, такіх як «Мазырсоль»? Не, і гэта было свядомаю пастановаю Бруселю, якое мела мэту на фоне разгортвання вайны не пагаршаць інфляцыі. Тым больш што адзін з найбуйнейшых вытворцаў харчовай солі, «Арцёмсоль», з аб’ёмамі вытворчасці, якія немагчыма супаставіць з беларускімі (больш за 7 млн тон у год), фактычна спыніў адгрузкі, бо знаходзіцца ён у горадзе Салядары, захопленым расейскімі агрэсарамі. І гэты фактар аказвае на парадак большы ўплыў на рынак солі ў Польшчы, чым уся прамысловасць Беларусі.

Ці трэба ўводзіць санкцыі супраць беларускай харчовай солі? Гэта не эканамічнае пытанне. Гэта пытанне маральна-этычнага выбару – ці будуць польскія прадпрыемствы працаваць з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, кожнае з якіх можна (з некаторым абагульненнем) назваць «кашальком Лукашэнкі».

Выбар рабіць самім палякам, але такія публікацыі ў СМІ, у якіх маніпулююць лічбамі, зусім не дапамагаюць прымаць узважаныя рашэнні.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў