Дзмітрыеў у «Валадарцы», магілёўскі прафесар у СІЗА з траўмай галавы. Рэпрэсіі 21 студзеня


Два з паловай гады ў Беларусі штодзень становіцца вядома пра новыя палітычныя рэпрэсіі, затрыманні, суды і пакаранні. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 21 студзеня.

Пікет Андрэя Дзмітрыева па зборы подпісаў каля ўнівермага «Беларусь», Менск. 9 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Лідар «Гавары праўду» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2020 Андрэй Дзмітрыеў, якога затрымалі 11 студзеня, быў пераведзены ў Следчы ізалятар № 1 на менскай вуліцы Валадарскага, паведамілі ў інстаграме палітыка. Яго па-ранейшаму абвінавачваюць у «Арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ). Яму здолелі зрабіць перадачу. Напісаць Дзмітрыеву можна на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

Магілёўскія валанцёры «Mayday» даведаліся, што загадчык кафедры гуманітарных дысцыплінаў Беларускага ўніверсітэту харчовых і хімічных тэхналогіяў, прафесар Юрый Бубноў, якога затрымалі 12 студзеня проста на кафедры, знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА, абвінавачаны ў «Паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367 КК РБ). Падрабязнасцяў справы няма, але вядома, што Бубноў у СІЗА атрымаў траўму галавы. Афіцыйная версія траўмы – упаў з нараў.

У Менску ранкам затрымалі Паўла Падабеда, якога восенню 2020 года ўжо затрымлівалі пасля акцыі пратэсту, паведамляе «Вясна». Прычыны і падрабязнасці цяперашняга затрымання невядомыя. У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка, абвінавацілі ў «Распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ) і змясцілі ў слонімскі Ізалятар часовага ўтрымання.

Днём раней, як піша «Вясна», у Менскім гарадскім судзе пакінулі без зменаў прысуд сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Артуру Смалякову і Дзіяне Чарнушынай раней прысудзілі па 2 гады калоніі, Андрусю Асмалоўскаму – 3 гады калоніі. Іхныя апеляцыйныя скаргі не задаволілі, неўзабаве іх накіруюць у калоніі. Усе тры прызнаныя палітвязнямі.

Давід Збаранскі.
Фота: з сямейнага архіву Збаранскіх

Ёсць і добрыя навіны. Палітвязень Давід Збаранскі выйшаў на волю, піша берасцейская «Вясна». Гэта першы палітвязень, які цалкам адбыў пакаранне за падзеі ў Берасці 10 жніўня 2020 года. Пратэсты ў той дзень улады назвалі «масавымі беспарадкамі», асудзілі за іх 66 чалавек. Давід Збаранскі трапіў за краты 30 лістапада 2020 года, калі яму было яшчэ 17 гадоў, а ў няволі ажаніўся.

Агулам у Беларусі цяпер 1442 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. На самой справе, палітвязняў значна больш, але праваабаронцы, якія аналізуюць кожную справу асобна і правяраюць яе на адпаведнасць азначэнню «палітвязень», проста не паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай.

Як беларускія праваабаронцы, так і замежныя арганізацыі і ўрады пастаянна заклікаюць вызваліць беларускіх палітычных зняволеных. 18 студзеня з чарговай такой заявай выступіў шэраг прадстаўнікоў краінаў Еўразвязу на паседжанні Камітэту міністраў Рады Еўропы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў