Помнік князю, які падтрымліваў «сепаратыстаў», змантавалі ў Віцебску (фота)


Конны помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду ўсталявалі ў Віцебску на Рынкавай плошчы насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы і гарадской ратушы. Альгерд вядомы тым, што падтрымліваў сепаратысцкія памкненні цвярскіх князёў, якія імкнуліся пазбавіцца залежнасці ад Масковіі.

Афіцыйна помнік князю – будаўніку віцебскіх каменных замкаў – будзе адкрыты ў абласным цэнтры 27 чэрвеня падчас святкавання 1040-годдзя гораду. Скульптуру стварыў вядомы менскі скульптар Сяргей Бандарэнка.

У 1318 Альгерд ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай, а ў 1320 пасля смерці цесця атрымаў Віцебскае княства ў спадчыну. Пасля смерці бацькі – князя Гедыміна – стаў вялікім князем літоўскім. Пры яго панаванні землі ВКЛ павялічыліся ўдвая, а старабеларуская культура пачала дамінаваць ва ўсіх сферах публічнага жыцця.

Альгерд супрацьстаяў палітыцы Маскоўскага княства, якое імкнулася аб’яднаць вакол сябе ўсходнеславянскія землі. Князь падтрымліваў сепаратысцкую барацьбу цвярскіх уладароў ды пасля смерці першай жонкі пабраўся шлюбам з князёўнай Ульянай Цвярской, каб замацаваць звяз з гэтым княствам.

Альгерд учыніў тры выправы на Маскву (1368, 1370, 1372). Аўтар «Хронікі Быхаўца» з захапленнем адзначыў уменне Альгерда паставіць свайго супраціўніка ў безвыходнае становішча і гэтак прадыктаваць яму сваю волю. У патрэбны момант вялікі князь дзейнічаў рашуча і вынаходліва. Летапісец падае, што маскоўскі князь Дзмітры Іванавіч прыслаў Альгерду агонь і шаблю з паведамленнем, што будзе ў Літве ўлетку. У адказ Альгерд перадаў маскоўскаму князю: «Я, дасць Бог, буду ў яго на Вялікдзень, і пацалую яго, як чырвоным яйкам, праз шчыт дзідаю» («Я, дасть Бог, в него буду на Велик день, а поцалую его красным яйцом через шчыт сулицою»). І сапраўды, раніцай на Вялікдзень літоўскі князь нечакана з’явіўся на Паклоннай гары пад Масквою. Захоплены знянацку маскоўскі князь мусіў прасіць літасці і міру ды адкупляцца вялікай данінай.

Супраць усталявання помніка Альгерду выступілі прарасейскія сілы ў Беларусі. Сайт imperiya.by назваў Альгерда «злодеем России и мучителем христиан».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў