Падатковая будзе сачыць за тымі, хто купляе валюту


Інфармацыя пра набыццё асобаю замежнай валюты будзе даступная для падатковых органаў. Гэткім чынам дзяржава хоча выяўляць тых, хто атрымлівае незаконныя даходы. Адпаведную норму плануецца ўнесці ў Падатковы кодэкс.

Да гэтага часу звесткі аб куплі замежнай валюты адносіліся да банкаўскай таямніцы фізічных асобаў. Запланаваныя змяненні ў заканадаўства звязаныя з неабходнасцю ўстанаўлення асобаў, чые фактычныя расходы перавышаюць афіцыйныя даходы. У дзяржорганах, у прыватнасці, адзначаюць, што ёсць выпадкі, калі людзі пенсійнага ўзросту купляюць буйныя сумы замежнай валюты.

Прадстаўнікі фінансавага сектара звязваюць факты набыцця насельніцтвам буйных сум замежнай валюты з дзейнасцю камерцыйных арганізацыяў і прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўваюць фізічных асобаў у якасці пасрэднікаў.

Прадстаўнікі банкаўскага сектару мяркуюць, што падатковы кантроль за купляй замежнай валюты можа быць накіраваны супраць асобаў, якія ўтойваюць ценявыя даходы.

Шукаюць «шэры бізнес»

У 2013 годзе ў Беларусі актывізавалася барацьба дзяржавы з асобамі, якія жывуць “не па сродках” (чые фактычныя расходы перавышаюць афіцыйныя даходы). У прыватнасці, летась былі ініцыяваныя змяненні ў Падатковы кодэкс, якія абавязалі банкі з 2014 года падаваць на запыт падатковых органаў звесткі аб крэдытах і дэпазітах фізічных асобаў.

У абгрунтаванні да закону аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс указвалася, што фізічныя асобы з мэтай легалізацыі “ценявых даходаў” бралі кароткатэрміновы крэдыт у банку і тым самым аргументавалі падатковай інспекцыі наяўнасць грашовых сродкаў на куплю дарагіх рэчаў. З мэтаю выяўлення такіх схемаў былі ініцыяваныя змены ў заканадаўства, якія надалі падатковым органам права атрымліваць звесткі пра крэдыты і дэпазіты фізічных асобаў.

Акрамя таго, у 2013 годзе на ўрадавым узроўні прапаноўвалася ўвесці «падатак на дармаедаў», якіх улады падазраюць у ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Разам з тым, як патлумачыла на мінулым тыдні Міністэрства фінансаў, да гэтага часу не ўстаноўлены механізм вызначэння “дармаедаў”.

МЛ / Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Стужка навінаў