Як худзее паэтка? Блог Валярыны Куставай на "Белсаце"


Стваральнікі праграмы “Фітнес-Шмітнес” цягам лета будуць весці на старонцы “Белсату” свой блог. Новыя допісы будуць з’яўляцца штосуботу. Іх можна будзе чытаць ТУТ.

Блог Валярыны.

Вага. На сёння я магу пахваліцца тым, што знаходжуся роўна пасярод шляху. Я скінула 25 «кіляў»! То бок, калі я цяпер станаўлюся на вагі, на іх – двузначная лічба.

Думаю, гэта ўжо перамога. І да канца восені паводле нашага плану – мушу скінуць яшчэ 25. Але вага – не звышзадача. Звышаздача – здаровае стромкае цела з пругкай скурай і лёгкім рэльефам мышцаў, добры настрой і эфектыўная жыццяздольнасць. І пакуль у плане фізіялогіі вынікі неверагодныя. Усё цела цвярдзее, падцягваецца, прымае тонус. Я лёгка бегаю па прыступках туды-сюды, езджу на ровары на вялікія адлегласці і ўгару, даганяю аўтобусы, цягаю валізкі і заплечнікі. У прынцыпе, я і раней не скардзілася на здароўе, але цяпер на мне рэальна можна араць…

Міф. Існуе міф, што чалаек з лішняй вагой – хворы чалавек. Не магу пагадзіцца. Паводле ўсіх аналізаў, здадзеных папярэде, – я абсалютна здаровы чалавек (цьфу-цьфу-цьфу!). У мяне нават пляскатай стапы няма. І ведаю шмат іншых асобаў, якія, маючы лішнюю вагу, вядуць рухомы лад жыцця і выпраменьваюцьь энергію. Магчыма, калісьці давядзецца за гэта паплаціцца. Карацей, я вырашыла не чакаць гэтага часу. А ўвогуле, у маіх планах – змяніць свет, прынамсі беларускі. А лягчэй гэта рабіць, калі табе нічога не замінае ў наўпростым сэнсе, то бок, калі ты лёгкі – і фізічна, і духоўна. Але пра матывы – падрабязней у наступным допісе.

Цела. Кожны новы выпуск я буду расказваць пра розныя часткі цела і пра тое, як іх паляпшаць і як канкрэтна з імі займацца. Пра вітаміны, лекі, дадаткі, кансультацыі ў лекараў. І пра кучу іншай карыснай інфармацыі. У першым жа запісе, хачу падзяліцца агульнымі вынікамі. Так я выглядала, калі скінула першыя 20 кг і яшчэ не пачынала пампаваць прэс.

Трэнер Паша сказаў, што цягліцы прэса варта пачынаць пампаваць у апошнюю чаргу, калі ўсё астатняе ўжо падцягнулася, каб у выніку не было ўпадзін у жываце, каб ён быў напяты і рэльефны.

То бок, на вагах тут на фоце атрымліваецца – 104 кг. Але у звязку з маім генатыпам, немалым ростам (182 см) і, у прынцыпе, прапарцыйнасцю, людзі ўспрымаюць мяне візуальна на 15 кг (а часам і 20) меншай, чым ёсць на самой справе – нават дактары-дыетолагі. Мы правялі эксперымент і спраўдзілі з лекарам яго здагадкі:

{movie}Дыетолаг тлумачыць Валярыне, чаму яна выглядае худзейшаю |right|16963{/movie}

Рост. Дарэчы, наконт росту. Мой рост – 182 см. Многія не вераць, што мой рост – 182 см. А не вераць, бо гэтага не адчуваюць. Мужчыны заўжды пачуваюцца вышэй за мяне, а дзяўчыны, як правіла, – нароўні. І з гэтым я сутыкалася цягам усяго жыцця. Апошнім часам асабліва часта пытаюцца пра ўсе мае параметры ў звязку з эфірамі «Фітнес-Шмітнес» і зменай тых параметраў. Рост жа застаецца нязменным. Хаця некаторыя кажуць, што да 30-ці гадоў людзі яшчэ растуць. Таму мо і яшчэ вырасту. І мне тут псіхолаг нядаўна патлумачыў, у чым штука: гэта момант псіхалагічнага камфорту і прапорцыі. Але перадусім першага. Калісьці я сустракалася з хлопчыкам, хадзіла з ім за ручку, а рост ў хлопчыка быў – 167 см. І ведаеце – ён тэарэтычна ведаў, што я за яго крыху вышэй, але не больш за тое. А практычна – я была вышэй за яго на 15 см. Сяброўкі заўжды, асабліва апошнім часам, дзівяцца, калі даведваюцца, – кажуць, што пачуваюцца аднаго росту. А кавалеры лічаць, што я ім – недзе па плячо. І таму цяпер прымяраюцца – і крыху бянтэжацца, што часам гэта яны па плячо 🙂 І тут да мяне дайшло, што калі людзям з табой утульна – то будзь ты ці паўтара метры ці два з хвосцікам – ты заўжды будзеш з імі нароўні. Думаю, гэта клёва. Самае цікавае, што ў маёй галаве тое самае адбываецца – мужчынаў я ўспрымаю практычна заўжды волатамі, а жанчын – роўнымі. Цікава, усё ж гэты эфект ідзе больш з маёй галавы на іх ці з іх галоў на маю. Ці гэта папросту псіхалагічная сумяшчальнасць як прыватная прыкмета.

Харчаванне. Як «Ойча наш» кожны павінен ведаць: у рацыёне асобы, якая трэнуецца, мусіць быць бялок. Бо ён ёсць падмуркам для будовы цягліцаў. Я бяру бялок з мяса, рыбы, яек, тварагу. Пры чым бялок яек (можна з’есці 4-6 яечных бялкоў, а вось жаўткі – не больш за адзін на суткі) – адзін з самых лёгка засваяльных прадуктаў, таму яго можна есці нават перад сном. Я шмат падарожнічаю і пераязджаю, таму часам няма магчымасці вазіць з сабой кавалачкі куркі з мульціваркі ці рыбы на пары, тады Паша параіў мне ўжываць паўпорцыі якаснага пратэіну, разведзенага вадой ці малаком (малаком – каларыйней крыху, але смачней, асабліва калі з бананчыкам – але гэта зусім ужо дысерт). Паколькі варта харчавацца па 5-6 разоў на дзень, то гэта вельмі дапамагае.

Найлепей ужываць якасны пратэін – ён дакладна не нашкодзіць і нават будзе смачным:



Відэаблог з парадамі пра пратэін ад Валярыны і Паўла:


{movie}Відэаблог Валярыны Куставай і Паўла Аракеляна. Як трэба спажываць пратэін? |right|16965{/movie}

Рэцэпт. Да слова, лепей ужываць з бялком малатлусты тварог і сыр (менш за 30 %). Звычайна такі сыр мы гатуем дома па мамчыным рэцэпце. Выдаю сакрэтны сакрэт. Трэба ўскіпяціць малако. Потым – на маленькі вагонь яго, пакрышыць туды абястлушчанага тварагу – каб было густа. Потым перамешваць, пакуль не «дойдзе». Адцадзіць. Дадаць лыжку масла, на кончыку нажа солі і цукру, перамяшаць. Пакінуць астываць. Пасля – кмену і лісьцікі базіліку па густу. Пасля ў харчовай плёнцы надаць патрэбную форму. І як будзе ледзь цёплы – пакласці даастываць у халадзільнічак. Атрымліваецца смачны хатні сыр, тлустасцю менш за 30%. Звычайна ў нас сыходзіць каля 1 літра малака на яго.

Штрафы і дысцыпліна. Спорт вельмі дысцыплінуе. Па-першае, графік трэніровак арганізоўвае тыдзень. Напрыклад, я цяпер прачынаюся а 7-й раніцы, еду чытаць лекцыі, прымаць іспыты – недзе да 14-16-й гадзіны, потым еду на трэніроўку. Яна доўжыцца ад 2 да 3 гадзінаў, пасля – вечарам спатканне, выступ ці напісанне артыкула. Яшчэ няма 12-й начы – а мяне ўжо страшэнна рубіць спаць. Дарэчы, высыпацца, калі трэнуешся, абавязкова трэба. Хаця б па 6-8 гадзінаў. Лепей – болей. Па-другое, дысцыплінуюць і правілы ўнутры залі, у якіх я праводжу штотыдзенеь у сярэднім ад 12 да 18 гадзінаў. Пачыналі мы з кароткіх трэніровак – праз дзень тры разы на тыдзень, каб прывучыць арганізм і запусціць паскарэнне метабалізму. Цяпер трэную – 3-1-2 (дзе 1 – гэта выходны, а 3 і 2 колькасць дзён з цыклічным крос-фітам – паўтаральнай трэніроўкай). І так кожны тыдзень – новая праграма. Калі я позна не кладуся спаць, пішу верш, напрыклад, ці залезу ў сацсеткі, Паша піша мне, каб клалася спаць, спачатку ўгаворвае,а потым пагражае штрафамі. За кожныя 10 хвілінаў у сеціве – 10 хвілінаў на ээліпсоідзе, напрыклад. Таксама ён увесь час са мною на тэлефоннай ці скайп-сувязі, каб спраўджваць, як я харчуюся, напрыклад, калі я за мяжой. Тое самае з кантролем над трэніроўкамі. Я ніколі Пашу не маню. Ён заўжды ведае праўды больш за ўсіх. Ён мне як святар і доктар у адной асобе. А яшчэ трэнер і харошы сябар. На «трэнях» ён вельмі строгі – дамінантны дэспат. Але заўжды прыслухоўваецца да майго стану, мерае мне пульс, правярае, як падцягваецца цела, замярае візуальна і фізічна. Усё трымае пад кантролем. Дзеўкі з нашай залі нават часам мне спачуваюць і пытаюцца, як я гэта вытрымліваю. Але пасля трэніроўкі – ён мілашка і лапачка.

Блог Паўла.

Заўсёды трэба пакідаць па-за трэніроўкай усё, што адцягвае ўвагу ад самой «трэні». Тэлефон, праблемы, кепскі настрой, жаданне патрындзець ці пазнаёміцца з кімсьці. Інакш – штраф.

Ну, дакладней, пазнаёміцца з дзяўчынай можна, але ў хвілінны перапынак паміж падыходамі і выглядае гэта так: «Прывіт. Класная банка. Ты сення вячэраеш са мной а восьмай гадзіне. Да вечара». Усе, што цягнецца даўжэй – правільна: штраф! 🙂

Валярынка заўсёды раней любіла цягнуць з сабой тэлефоны і пераступаць праз грыф штангі – плюс 10 хвілінаў аэробнай нагрузкі за кожную правіннасць. І вы не паверыце, мы больш не пераступаем праз грыф. Плюс 2-4 лішнія паўторы ў практыкаванні, калі заната шмат «трындзіцца» падчас выканання – і ўсе, цалкам засяроджаны на тэхніцы партнёр перад вамі. З тэлефонам яшчэ не канчаткова разабраліся, але працуем над гэтым.

Не шкадуйце сябе на трэніроўках, прывівайце самі сабе дысцыпліну – і вы самі заўважыце, як вас цягне адключыцца ад знешніх праблемаў, і вы зразумееце, што гэта цалкам магчыма на 1-2 гадзіны 3 разы на тыдзень. А бессэнсоўна змарнаваць час вы можаце і седзячы дома на канапе, для гэтага неабавязкова ісці ў трэнажорную залу! Усім моцы! 🙂

Відэаблог трэніроўкі-размінкі ад Паўла:

{movie}Размінка перад трэніроўкай ад Паўла Аракеляна |right|16964{/movie}

Таксама прашу адгукнуцца ўсіх пераможцаў нашых таталізатараў.



Не забывайцеся – мы на сувязі з вамі ўсё лета ў нашых сацыяльных сетках:

на “Фэйсбуку” ТУТ

ва “УКантакце” ТУТ

І мы абвяшчаем летні таталітазатар! Колькі Валярына скіне з канца вясны да сярэдзіны лета? Агучце Вашы версіі за прыз!

Дарэчы, калі ў вас ёсць пытанні да Валярыны ці Паўла – задавайце іх на старонцы «Белсату» ці ў сацыяльных сетках. Мы адкажам на іх у наступным выданні. Магчыма, вы хочаце атрымаць канкрэтную інфармацыю пра штосьці вельмі пэўнае? Пытайцеся! Кайфуйце і пампуйце разам з «Фітнес-Шмітнес»! Змяняйцеся з «Белсатам»!

belsat.eu

Стужка навінаў