За прагулы працы беларусаў адправяць у турму


У хуткім часе ў Беларусі пачнуць арыштоўваць за прагулы працы. З такою ініцыятываю выступіла Міністэрства ўнутраных справаў краіны. Што праўда, захаду ўвядуць толькі для абавязаных асобаў. Праект закону ўжо разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў хуткім часе можа набыць законную моц.

Абавязанымі асобамі называюць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. Іхныя дзеці перабываюць на выхаванні ў інтэрнатах, і дзяржава рознымі спосабамі спрабуе прымусіць гэткіх «зязюляў» калі не даглядаць сваіх нашчадкаў, то хоць плаціць за іхнае выхаванне.

{movie}За прагулы працы беларусаў адправяць у турму |right|16694{/movie}

З 2006 года ў Беларусі дзейнічае дэкрэт «Аб дадатковых захадах дзяржаўнай абароны дзяцей у няўдалых сем’ях». Афіцыйная статыстыка сцвярджае, што з 2012 года ўсе абавязаныя на працу бацькі, а гэта каля 5 тыс. асобаў, былі працаўладкаваныя. Адным з самых дзейных метадаў аказаўся арышт за ўхіленне ад працаўладкавання, але канчаткова праблему вырашыць не атрымалася. Частка нядбайных бацькоў хоць і ўладкаваныя на працу, але ўсімі спосабамі ад яе ўхіляюцца. Таму МУС вырашыла зрабіць закон больш жорсткім і ўвесці арышт таксама і за прагулы на працы.

Паводле МУС, 99 % асобаў, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных справаў – працаўладкаваныя, аднак пятая частка з іх фактычна не працуе. Таксама змены закрануць узрост пастаноўкі на ўлік няпоўнагадовых. На ўлік будуць трапляць складаныя падлеткі ажно з 10 гадоў. Калі тлумачальныя размовы не спрацуюць, ужо ў 11 гадоў падлетка могуць накіраваць у выпраўленчую ці лячэбную ўстанову.

З больш радыкальнаю ідэяй – штрафаваць усіх утрыманцаў і беспрацоўных – летась выступаў Аляксандр Лукашэнка, але ягоная ініцыятыва так і засталася нерэалізаваная, магчыма, толькі часова.



Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў