Сепаратысты ў Данецку захапілі ксяндза і назіральнікаў АБСЕ


Ксяндза Павэла Вітэка схапілі ў Данецку, калі той збіраўся ўзяць удзел у супольнай малітве на плошчы Канстытуцыі. Праз некалькі гадзінаў яго адпусцілі. Дзень таму на Данеччыне зніклі чацвёра назіральнікаў АБСЕ.

Апошні раз група назіральнікаў ад АБСЕ выходзіла на сувязь два дні таму: яны адпраўлялі СМС-паведамленні пра тое, што кіруюцца з Данецку ў бок Луганскай вобласці. Вядома, што зніклыя – грамадзяне Даніі, Швейцарыі, Эстоніі ды Турцыі.

Сепаратысты, што называюць сябе кіраўнікамі «Данецкай народнай рэспублікі», заяўляюць, быццам не выкрадалі назіральнікаў. Хоць на пачатку траўня менавіта данецкія сепаратысты ўтрымлівалі ў Славянску 12 вайсковых назіральнікаў АБСЕ. Тых удалося вызваліць толькі пасля ўмяшання міжнароднай супольнасці – канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пераканала Уладзіміра Пуціна «выкарыстаць увесь свой уплыў» дзеля вызвалення замежнікаў.

«Тая група, што знікла цяпер, – гэта не вайсковыя, а грамадзянскія назіральнікі. Але гэта дасведчаная каманда, яны маюць досвед перабывання ў напружаных сітуацыях», – гаворыць прадстаўнік місіі АБСЕ ўва Украіне Майкл Басьюркіў (Michael Bociurkiw).

Ксёндз Павэл Вітэк (Paweł Witek), які мае польскае грамадзянства, прыехаў у Данецк да пробашча мясцовага касцёлу. У Данецку на плошчы Канстытуцыі штодня ладзяцца супольныя малітвы за мір ува Украіне. Ксёндз Павэл сёння выправіўся на месца правядзення малітвы, але там не з’явіўся. Некаторыя медыі са спасылкаю на відавочцаў паведамляюць, што яго схапілі сепаратысты і павезлі ў захоплены будынак Службы бяспекі Украіны. Святара адпусцілі праз некалькі гадзінаў.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары