news
Аналітыка
Саміт на фоне чутак аб распадзе. Што адбываецца з АДКБ?
Старшынства ў арганізацыі пяройдзе ад Беларусі да Казахстану.
20.11.202318:04

23 лістапада ў Менску пройдзе саміт Савету калектыўнай бяспекі АДКБ, на які збяруцца кіраўнікі дзяржаваў-чальцоў арганізацыі, у тым ліку прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. У якім стане АДКБ падыходзіць да саміту і чаго чакаць ад арганізацыі далей?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча лідараў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) у Ерэване, Арменія. 23 лістапада 2022 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

Пазітыў, які бачыць толькі Лукашэнка

20 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым. Галоўнай тэмай перамоваў стала падрыхтоўка да саміту арганізацыі, які адбудзецца на гэтым тыдні пад старшынствам Беларусі. Лукашэнка анансуе будучую сустрэчу як «вельмі адказнае мерапрыемства», якое будзе «спрыяць нарошчванню нашых намаганняў па абароне і бяспецы членаў АДКБ».

Падчас размовы з Тасмагамбетавым Лукашэнка супярэчліва пракаментаваў сітуацыю на постсавецкай прасторы: з аднаго боку ён заявіў пра «няпросты перыяд», а з іншага боку заўважыў нейкі «трэнд да заспакаення сітуацыі» ў зоне адказнасці АДКБ. У прыватнасці, Лукашэнка згадаў канфлікт Таджыкістану і Кыргызстану і супрацьстаянне Арменіі і Азербайджану. «Намеціўся пазітыў у гэтых адносінах», – падкрэсліў ён.

Што тычацца Таджыкістану і Кыргызстану, двух чальцоў АДКБ, то словы Лукашэнкі маюць пад сабой падставы. Пасля памежнага ўзброенага канфлікту ў 2022 годзе ў стасунках двух краінаў адбылася разрадка. У пачатку кастрычніку 2023 году Таджыкістан і Кыргызстан падпісалі пратакол №44 па дэлімітацыі, які, як заяўляюць бакі, мусіць вырашыць усе праблемныя пытанні, што правакуюць узброеныя сутычкі на мяжы. Цяпер актыўна працуюць тапаграфічныя ўрадавыя групы дзвюх краінаў. Па стане на пачатак лістапада былі ўзгоднены больш за 50 км таджыкска-кыргызскай мяжы, а канчаткова зацвердзіць лінію мяжы на ўсіх спрэчных участках плануецца да канца 2024 году (агулам спрэчныя ўчасткі складаюць каля 300 км).

Дэталі перамоваў захоўваюцца ў сакрэце і дасюль няма ўпэўненасці, што працэс сапраўды атрымаецца давесці да канца. Аднак у любым выпадку няма падставаў казаць пра тое, што АДКБ нейкім чынам спрыяла прагрэсу ў таджыкска-кыргызскіх стасунках, што ўскосна прызнаў і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. «Гэта не таму, што мы старшынствавалі», – адзначыў ён.

Што тычацца канфлікту Арменіі і Азербайджану, то тут словы Лукашэнкі пра «пазітыў» выглядаюць як здзек над саюзнікам па АДКБ. Летась прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян афіцыйна звярнуўся да краінаў АДКБ з просьбаю дапамагчы «аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі ды забяспечыць вывад азербайджанскіх войскаў». Аднак блок АДКБ самаўхіліўся ад гэтага канфлікту. У выніку Арменія засталася сам-насам з Азербайджанам, які ў верасні 2023 году правёў ваенную аперацыю і зліквідаваў Нагорна-Карабахскую рэспубліку. Гэта ў сваю чаргу прывяло да масавага зыходу армянскага насельніцтва рэгіёну – Нагорны Карабах пакінулі больш за 100 тысяч чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Армяне, якія ўцяклі з Нагорнага Карабаху, садзяцца на аўтобус у Арменію ў вёсцы Лісагорск на тэрыторыі рэгіёну, які кантралюецца Арзейбаджанам.
Фота: Emmanuel Dunand / AFP / East News

Мірны працэс паміж Ерэванам і Баку цяпер яўна буксуе, ніякага пагаднення бакі канфлікту дасягнуць не могуць – сарваныя некалькі раўндаў перамоваў. Прычым існуюць асцярогі, што Нагорным Карабахам справа не абмяжуецца і Азербайджан зладзіць уварванне ў Арменію, каб захапіць Зангезурскі калідор і атрымаць выхад да азербайджанскага эсклаву ў Нахічэвані. Прэзідэнт Ільхам Аліеў раней ужо пагражаў вырашыць гэтае пытанне сілай.

Такім чынам, сітуацыя ў гэтым супрацьстаянні далёкая ад «пазітыву» – прынамсі з пункту гледжання Арменіі. Пры гэтым няма ніякіх падставаў разлічваць на тое, што ў выпадку новай вайны АДКБ за Арменію заступіцца.

Дэмарш Пашыньяна

Ерэван зрабіў высновы з паводзінаў АДКБ падчас канфлікту з Азербайджанам і таму другі год запар паслядоўна сабатуе дзейнасць арганізацыі на ўсіх узроўнях. На мінулым тыдні ў Ерэване заявілі, што прэм’ер Пашыньян не прыме ўдзелу і ў менскім саміце 23 лістапада. «АДКБ, насуперак сваім абавязкам, не дала належнай рэакцыі на выклікі бяспекі Арменіі, і гэта паўтаралася некалькі разоў. Пры ўсёй павазе да калег па АДКБ, незразумела, чаму мы кожны раз ходзім на гэтыя мерапрыемствы, паўтараем адно і тое ж, і кожны раз не атрымліваем належнай рэакцыі», – патлумачыў сваё рашэнне армянскі прэм’ер-міністр.

Як заявілі ў прэс-службе самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, падчас тэлефонных перамоваў Лукашэнка прапанаваў Пашыньяну не «спяшацца з рашэннямі», а сур’ёзна «абдумаць далейшыя крокі». Аднак Ерэван не дэманструе жадання змяніць сваё стаўленне да АДКБ і не звязвае ніякіх надзеяў з гэтай арганізацыяй. Імангалі Тасмагамбетаў падчас сустрэчы з Лукашэнкам 20 лістапада паведаміў, што Арменія папрасіла партнёраў па АДКБ увогуле зняць з парадку дня дакумент аб дапамозе краіне.

Кіраўніцтва Арменіі сцвярджае, што пра выхад з АДКБ пакуль няма гаворкі, адпаведнае рашэнне не прынятае. Хаця Пашыньян раней ужо дапускаў такую магчымасць. Ерэван не хавае, што дыверсіфікуе стасункі ў сферы бяспекі і шукае новых партнёраў. То бок цяпер склалася сітуацыя, калі Арменія дэ-юрэ застаецца чальцом створанага Масквой блоку АДКБ, аднак дэ-факта робіць асцярожны паварот у супрацьлеглым кірунку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімер Пуцін і Нікол Пашыньян сыходзяць з трыбуны падчас чарговай сесіі Рады калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) у Ерэване, Арменія. 23 лістапада 2023 года.
Фота: Vahram Baghdasaryan / Photolure / AP / East News

Прычым гэты паварот прадугледжвае не толькі збліжэнне з Захадам, але і актывізацыю кантактаў з Украінай. У канцы кастрычніку Арменія ўпершыню прыняла ўдзел у міжнароднай сустрэчы па ўкраінскай «формуле міру», якая адбылася на Мальце. Прычым Арменія была прадстаўлена на гэтым саміце на досыць высокім узроўні – туды паляцеў сакратар Савету бяспекі Армэн Грыгаран.

Грыгаран правёў двухбаковую сустрэчу з кіраўніком Офісу прэзідэнта Украіны Андрэем Ярмаком, які адзначыў «новы кантэкст» у двухбаковых стасункаў. Нагадаем, раней у верасні жонка прэм’ер-міністра Арменіі Анна Гакап’ян наведала Кіеў і ўпершыню з пачатку вайны перадала Украіне гуманітарную дапамогу з боку Арменіі. А ў пачатку кастрычніку сам Пашыньян упершыню сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас саміту ў Гранадзе.

У прэс-рэлізе Офісу прэзідэнта Украіны пасля перамоваў на Мальце адзначалася, што афіцыйны Кіеў высока ацэньвае далучэнне Арменіі да кола дзяржаваў, якія падтрымліваюць украінскую «формулу міру». Аднак насамрэч Ерэван публічна не заяўляў аб салідарныя з украінскім бачаннем развязвання канфлікту з Расеяй. Сам па сабе ўдзел у абмеркаванні «формулы міра» яшчэ не з’яўляецца сведчаннем таго, што тая ці іншая дзяржава стала на боку Украіны. Напрыклад, у самай першай з падобных сустрэчаў прымаў удзел Кітай, які пры гэтым ад сваіх мірных прапановаў зусім не адмаўляецца.

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Актывізацыя кантактаў Кіева і Ерэвана яўна раздражняе Маскву. Напрыканцы мінулага тыдня ўплывовы пракрамлёўскі Z-канал «Рыбарь» распаўсюдзіў інфармацыю, што Арменія нібыта збіраецца перадаць Украіне некалькі ракетных установак «Точка-У». «Рыбарь» не прыводзіць ніякіх доказаў і ў цэлым гэтае сцверджанне выглядае непраўдападобна. Аднак з’яўленне такіх укідаў добра ілюструе ўзровень узаемнага даверу паміж чальцамі арганізацыі.

Ход за Казахстанам

Фактычна галоўная мэта блоку АДКБ у цяперашняй сітуацыі – стварыць ілюзію, што ў Расеі ёсць верныя саюзнікі. Аднак пры ўсім жаданні Крамлю цяжка схаваць той факт, што АДКБ знаходзіцца ў відавочным крызісе, які ў перыяд старшынства Беларусі толькі паглыбляўся.

Раней генеральны сакратар Імангалі Тасмагамбетаў адзначаў, што асноўны прыярытэт на час беларускага старшынёўства ў АДКБ – гэта «адзінства ўнутры нашай арганізацыі». Пра адзінства шмат казаў і Лукашэнка: на ўзроўні рыторыкі ён заўсёды пазіцыянаваў сябе як прыхільнік далейшага развіцця АДКБ, неаднаразова выступаў з амбітным прапановамі. У 2022 годзе ён намякнуў, што ў арганізацыю варта вярнуць Узбекістан. Сёлета Лукашэнка заклікаў чальцоў АДКБ выпрацаваць агульныя падыходы да будучай архітэктуры бяспекі на Еўразійскім кантыненце, правесці комплексную рэвізію прававой базы арганізацыі і «жалезабятонна» прапісаць у дакументах, у якіх сітуацыях і як вайсковы блок мусіць дзейнічаць. Таксама ён прапаноўваў выпрацаваць план супольных дзеянняў у эканоміцы і «навучыцца нарошчваць» высілкі ў інфармацыйна-аналітычным ды медыйным полі. Аднак ніякіх наступстваў усе гэтыя заявы і прапановы не мелі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні АДКБ «Баявое братэрства» на палігоне Берасцейскі ў Берасцейскай вобласці, Беларусь. 6 верасня 2023 года.
Фота: Viktor Tolochko / Sputnik / East News

Пасля Беларусі старшынстваваць у АДКБ будзе Казахстан. Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, у адрозненні ад Лукашэнкі, наўрад ці будзе актыўнічаць у гэтай ролі нават на ўзроўні рыторыкі. Казахстан апошнім часам спрабуе акуратна дыстанцыявацца ад Масквы на міжнароднай арэне і звесці супрацу ў асноўным да эканамічнага складніка. Нядаўна ў медыяпрасторы пачалі распаўсюджвацца чуткі, што Казахстан разам з Арменіяй увогуле збіраецца выйсці са складу АДКБ. МЗС Казахстану гэтую інфармацыю зняпраўдзіў, але неяк няўпэўнена – з фармулёўкай «хутчэй за ўсё, не адпавядае рэчаіснасці». Год таму Казахстан зняпраўджваў аналагічны ўкід значна больш катэгарычна: «абсалютны фэйк».

Дарэчы, як і ў выпадку з Арменіяй, у пракрамлёўскіх медыях часам з’яўляюцца нічым не пацверджаныя заявы, што Казахстан нібыта аказвае Украіне вайсковую дапамогу, у сувязі з чым нават гучалі прапановы экспертаў выключыць краіну з АДКБ.

Менавіта ў такой атмасферы скандалаў, чутак і ўкідаў чальцы АДКБ падыходзяць да чарговага саміту. Як заяўляецца ў афіцыйных прэс-рэлізах, Такаеў на сустрэчы ў Менску мусіць прэзентаваць прыярытэтныя кірункі дзейнасці на бліжэйшую будучыню, а таксама будуць абмяркоўвацца «актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі».

Хутчэй за ўсё, саміт будзе мець пераважна рытуальны характар: важных рашэнняў ад яго ніхто не чакае. Спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак у інтэрвʼю «Белсату» выказаў меркаванне, што кіраўнікі краінаў АДКБ падчас сустрэчы 23 лістапада, імаверна, будуць абмяркоўваць, як арганізацыя будзе функцыянаваць далей, «але наўрад ці гэтая размова прывядзе да нейкіх глабальных вынікаў».

Аналітыка
КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы
2023.09.15 08:00

Глеб Нержын belsat.eu