Колькасць уцекачоў з Украіны ў Еўропе дасягнула 10 мільёнаў


Пасля пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі колькасць уцекачоў з Украіны  дасягнула ў Еўропе 10 мільёнаў, адзначыў камісар Еўразвязу ў справе ўнутранага рынку Т’еры Брэтон.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Украіны на Цэнтральным вакзале ў польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 16 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле еўракамісара, найбольш актыўна ўцекачоў прымаюць Польшча, Вугоршчына і Чэхія. У апошняй колькасць людзей, якія прыехалі з Украіны, складае 440 тысячаў чалавек, што роўна 4 % ад усяго насельніцтва краіны.

«Гэта праблема, якая закранае ўсіх нас, яна закранае нас на поўдні Еўропы, яна закранае нас на ўсходзе», – падкрэсліў Т’еры Брэтон.

Літоўскае выданне «LRT» звяртае ўвагу на тое, што Еўракамісія збіраецца і надалей надаваць часовую абарону для ўцекачоў з Украіны, якія ратуюцца ад расейскай агрэсіі. Дзеянне механізму, які гэта прадугледжвае, будзе падоўжанае з 4 сакавіка 2024 года да 3 сакавіка 2025 года, што дасць магчымасць забяспечыць падтрыманне больш як 4 мільёнам чалавек, якія ўжо карыстаюцца абаронай Еўразвязу.

Згодна з механізмам, які набыў моц 4 сакавіка 2022 года, украінскія ўцекачы могуць карыстацца правам на пражыванне на тэрыторыі Еўразвязу, а таксама ў Швейцарыі, Нарвегіі, Ліхтэнштэйне ды Ісландыі, мець доступ да рынку працы і жылля, мець права на атрыманне адукацыі для дзяцей, а таксама на сацыяльную, медычную і іншыя віды дапамогі.

Трэба адзначыць, што 19 верасня Польшча зрабіла заяву аб тым, што далейшая фінансавая дапамога ўкраінскім уцекачам, якія жывуць на яе тэрыторыі, знаходзіцца пад пытаннем. На фоне «збожжавага крызісу», які пачаўся паміж дзвюма краінамі, польскія ўлады пакуль што не спяшаюцца працягваць на 2024 год дзеянне праграм дапамогі ўкраінскім уцекачам.

Каментар
Украінскі эксперт назваў выгоднай для дзяржавы эміграцыю жанчын і дзяцей на час вайны
2023.09.13 18:24

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў