Чакаць пераменаў ці падавацца на ўцякацтва? Што рабіць, калі сканчаецца пашпарт, распавядае юрыстка


Беларусы працягваюць шукаць шляхі выйсця з сітуацыяў, у якія іх паставіў «пашпартны ўказ» Лукашэнкі № 278. Як лепш легалізоўвацца: праз працоўны ВНЖ – ці праз міжнародную абарону? Якія краіны ідуць насустрач беларусам, а ў якіх ёсць рызыка дэпартацыі? А дзе можна лёгка атрымаць грамадзянства беларусам, народжаным у СССР? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся з Вольгай Смалянкай, юрысткай, праваабаронцай, кіраўніцай Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend», падчас сустрэчы, зладжанай беларускім «Медыяхабам» у Батумі.

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Аліса Ганчар / Белсат

«У Міжнароднай арганізацыі міграцыі маюць адчуванне, што Грузія будзе дэпартаваць беларусаў»

Указ № 278, што забараніў беларускім пасольствам выдаваць пашпарты за мяжой, стаў сюрпрызам як для звычайных беларусаў, так і для працаўнікоў амбасадаў і консульстваў, зазначае Вольга Смалянка:

«Ва ўсялякім выпадку, у беларускім пасольстве ў Грузіі яго не чакалі, бо ішоў запіс, людзей рэгістравалі на абмен пашпартоў».

Указ стварыў праблему не толькі для беларусаў, але і для краінаў, у якіх цяпер жывуць беларусы, кажа Вольга Смалянка. Рэч у тым, што чалавек не мае права заставацца за мяжой з пратэрмінаваным пашпартам. Нават у Беларусі за гэта прадугледжаная адміністратыўная адказнасць, могуць аштрафаваць, калі своечасова не працягнеш пашпарт, кажа юрыстка. З іншай краіны ў такім выпадку могуць дэпартаваць.

«Я размаўляла тут у Грузіі з мясцовымі праваабаронцамі і з прадстаўнікамі Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ), і яны б’юць трывогу. Бо цяпер не толькі беларусам трэба думаць, што рабіць, але і іншым краінам, бо і ВНЖ, і праезныя дакументы – гэта часовая захада. Яны некалі скончацца, іх трэба будзе працягваць. А як гэта зрабіць, калі пашпарту няма? – пытаецца праваабаронца. – Вядома, цяжка сабе ўявіць, што цяпер тая ж Нямеччына пачне масава дэпартаваць беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі. А вось як будзе паводзіцца Грузія, прадказаць складана, тым больш што цяпер вельмі нестабільная палітычная сітуацыя, праз год – выбары. У МАМ кажуць, што маюць адчуванне, што Грузія будзе дэпартаваць беларусаў».

Як «пашпартны ўказ» ускладніў жыццё сем’ям з дзецьмі

У той жа час кіраўніца «Lawtrend» не думае, што Грузія дапусціць масавую дэпартацыю.

«Ім урэшце давядзецца неяк залагодзіць гэтую праблему, – кажа юрыстка. – Праезны дакумент у Грузіі цяпер выдаецца толькі тым, хто застаецца пад міжнароднай абаронай. Мы ўжо два гады кажам пра неабходнасць выдачы праезных дакументаў, напрыклад, уладальнікам ВНЖ. Але грузінскі ўрад не надта хоча залагоджваць любыя праблемы, якія тут узнікаюць у беларусаў. Таму, адпаведна, мы не можам сказаць, што здарыцца з чалавекам, у якога скончыцца пашпарт, і пра гэта даведаюцца. А даведацца могуць, дастаткова падысці на вуліцы і папрасіць прад’явіць дакументы».

Асобныя праблемы ўказ стварыў для сем’яў з дзецьмі. Рэч у тым, што дзецям пашпарт выдаецца на 5 гадоў. Ва ўзросце 14 гадоў дзіця атрымлівае дарослы пашпарт.

«Таму нават калі ў 12 гадоў дзіця атрымала новы пашпарт, ужо праз 2 гады ён будзе нядзейсны і трэба будзе атрымліваць новы, – зазначае кіраўніца «Lawtrend». – Ва ўзросце 14 гадоў дзіця можа самастойна атрымаць пашпарт. Добра, калі ёсць магчымасць бяспечна адправіць яго ў Беларусь, але тут яшчэ існуе такі момант, што да спаўнення 14 гадоў, у 13 гадоў, усе заявы і анкеты мусіць падаваць законны прадстаўнік».

Тры варыянты дзеянняў для беларусаў

Паводле Вольгі Смалянкі, у беларусаў, якія жывуць у Грузіі, цяпер ёсць прынамсі тры варыянты дзеянняў. Першы – нічога не рабіць: ці чакаць пераменаў у краіне, ці жыць з пратэрмінаваным пашпартам за мяжой і спадзявацца, што ніхто гэтага не заўважыць.

«Вельмі хацелася б спадзявацца, што да 2032, 2033 года, ці нават раней штосьці зменіцца. Але час ляціць хутка, некалі і 2023-і здаваўся далёкім. Да таго ж, мы не можам прадказаць, што здарыцца нават праз год. Таму лепш сыходзіць з таго, што цяперашняя сітуацыя – непрадказальная, і рабіць адпаведныя дзеянні», – кажа юрыстка.

Жыць з пратэрмінаваным пашпартам і спадзявацца, што ніхто не заўважыць – далёка не найлепшы варыянт, мяркуе Вольга:

«Усе мы людзі, і можа здарыцца рознае. Напрыклад, вы можаце трапіць у лякарню, дзе спатрэбяцца дакументы. Акрамя таго, з пратэрмінаваным пашпартам вы дакладна не выедзеце за мяжу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Не будзе добрым варыянтам легалізацыі і атрыманне часовага ВНЖ, бо ён раней ці пазней скончыцца.

«Дарослым часовы дазвол на жыхарства даецца на тэрмін, не даўжэйшы за тэрмін дзеяння пашпарту, – зазначае экспертка. – Датычна дзяцей, у Грузіі ёсць кейсы, калі ВНЖ давалі на большы тэрмін, напрыклад, да даты, указанай у даведцы са школы, што падаецца ў пакеце дакументаў – звычайна гэта год сканчэння дванаццаці класаў. Аднак у любым выпадку часовы дазвол на жыхарства некалі скончыцца – і яго не атрымаецца працягнуць з пратэрмінаваным пашпартам. Акрамя таго, ВНЖ будзе дзейнічаць выключна на тэрыторыі Грузіі, з ім не атрымаецца выехаць за мяжу».

Палітычны прытулак ці міжнародная абарона?

Другі варыянт таго, як цяпер можна паступіць, паводле Вольгі Смалянкі, – падацца на міжнародную абарону ў Грузіі. Пра тое, як гэта зрабіць, якія ёсць шанцы на ўхваленне заявы, якія існуюць падводныя камяні, раней распавядаў беларускі праваабаронца, які цяпер жыве ў Грузіі, Раман Кісляк.

Каментар
Што рабіць беларусам у Грузіі, калі пашпарты страчваюць тэрмін дзеяння? Распавядае праваабаронца
2023.09.14 08:11

Вольга Смалянка нагадвае, што на сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра дзесяць выпадкаў хадайніцтваў ад беларусаў наконт міжнароднай абароны ў Грузіі. Траім адмовілі, астатнія яшчэ ў працэсе разгляду. Вольга гэтак жа, як і Раман Кісляк, кажа, што з гэтых адмоваў нельга рабіць выснову, што адмаўляюць усім беларусам, тым больш што яны здарыліся неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Аднак агулам кіраўніца «Lawtrend» не вельмі аптымістычна глядзіць на перспектыву атрымання міжнароднай абароны ў Грузіі. Тым не менш, калі іншага выйсця няма, спрабаваць варта.

Паводле Вольгі Смалянкі, важна ўвогуле разумець, што такое – міжнародная абарона.

«Міжнародная абарона – гэта калі дзяржава бярэ на сябе абавязак вашай абароны. Гэта можа выглядаць па-рознаму. Могуць даць статус уцекача. Можна сустрэць таксама такі панятак, як палітычны прытулак, але яго даюць паводле пастановы нейкага органу (прэзідэнта, ураду, міністра), якія вызначаюць, што канкрэтна вам небяспечна ў вашай краіне, вы моцна пацярпелі. Таму вам даюць палітычны прытулак. Але гэта не датычыць большасці беларусаў. Наш варыянт у большасці выпадкаў – міжнародная абарона».

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

Як падацца на ўцякацтва? Інтэрв’ю важнейшае за дакументы

У Грузіі ёсць тры інстытуты міжнароднай абароны: гуманітарны статус, часовая абарона і статус уцекача. Гуманітарны статус ці часовая абарона выдаюцца масава, замацоўваюцца за жыхарамі пэўнай краіны, бо на Радзіме ім заставацца небяспечна, напрыклад, праз вайну. Гэта сёння датычыць Украіны.

Часовая абарона можа давацца, калі вы проста адчуваеце, што вам небяспечна, бо, напрыклад, вы данацілі, а за гэта ўжо процьму людзей выклікалі ў КДБ. Вас асабіста яшчэ не, але з іншых гісторыяў відаць, што могуць, таму вы ў небяспецы.

На статус уцекача можна прэтэндаваць, калі ў дачыненні вас асабіста штосьці адбылося – завялі справу, прыйшлі з ператрусам і іншае. Такі ж механізм міжнароднай абароны існуе і ў краінах ЕЗ.

У Грузіі прасіць міжнародную абарону найлепш у дэпартаменце міграцыі ў Тбілісі. Ідэальная сітуацыя, калі да заявы будуць далучаныя доказы пераследу – пратаколы, нейкія дакументы, публікацыі ў СМІ, фотаздымкі і іншае. Але ўсяго гэтага можа не быць, бо чалавек мог уцякаць з пустымі рукамі, падкрэслівае Вольга Смалянка.

«Самае галоўнае – гэта інтэрв’ю, падчас якіх будуць слухаць вашую гісторыю. Іх падчас разгляду вашай заявы будзе як мінімум два, – кажа юрыстка. – Важна добра падрыхтавацца да размовы і распавядаць пераканаўча, зразумела, аргументавана. Важна ўзгадаць, ці маеце вы дачыненне да нейкай уразлівай групы, напрыклад, ЛГБТ. Ці вы праваабаронца, журналіст. Гэта можа згуляць на вашую карысць, нават калі асабіста ў дачыненні вас нічога не адбылося».

Напісанае ў заяве на ўцякацтва пазней можна паправіць, спаслацца на хваляванне. А вось сказанае падчас інтэрв’ю паправіць немагчыма, зазначае Вольга Смалянка. Таму лепш напярэдадні сапраўды добра падрыхтавацца, пракансультавацца з юрыстамі, праваабаронцамі.

«Важна ўзгадаць і падзеі да 2020 года. Ці былі раней затрыманні, ціск. Напрыклад, вас маглі прымушаць уступаць у БРСМ – пра гэта таксама трэба казаць, бо так парушалася вашае права на свабоду сходаў і асацыяцыяў. Ці, мо, вас выключылі з універсітэту за пазіцыю, – кажа экспертка. – Добра, калі атрымаецца дадаць нейкае заключэнне ад праваабарончай арганізацыі».

Калі Грузія адмовіла, можна падавацца на міжнародную абарону ў краінах ЕЗ

Інтэрв’ю цягнецца доўга, да дзвюх гадзінаў. Пытанні могуць паўтарацца, быць інакш сфармуляванымі. Так зроблена, каб, калі вы хлусіце, злавіць вас на гэтым.

Калі чалавек падаецца на статус уцекача, разам з сабой ён можа падаваць сваіх сямейнікаў, якія перабываюць за мяжой.

У Грузіі адныя з самых працяглых тэрмінаў разгляду заяваў на статус уцекача – ад 6 да 21 месяца. І гэта можа быць вялікай праблемай, кажа Вольга Смалянка.

«Давайце ўявім сабе сітуацыю. Вы падаяцеся на ўцякацтва. Разгляд ідзе 21 месяц. І ў гэты перыяд у вас сканчаецца пашпарт. Калі вам усё ўхвалілі, вы атрымалі статус, усё добра, вы атрымліваеце жэнеўскі пашпарт і нават 45 лары (17 долараў) на месяц. Але калі вам адмаўляюць, а пашпарт ужо скончыўся, паўстае пытанне: што далей? Ці будзе дэпартацыя? Пакуль гэтага ніхто не можа сказаць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Управа ў справе замежнікаў у Варшаве.
Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum

Калі вы атрымалі статус уцекача, вы пад ніводнай нагодай не можаце паехаць у Беларусь. Як толькі вы пройдзеце мяжу, статус у вас забяруць. Таксама вы не можаце камунікаваць з дзяржаўнымі ці судовымі органамі Беларусі, уладкоўваць нейкія пытанні ў амбасадзе – усё гэта можа стаць падставай для пазбаўлення вас статусу ўцекача.

Калі Грузія адмовіла ў статусе ўцекача, а пашпарт усё яшчэ дзейнічае, можна ехаць у Еўразвяз і падавацца там. У той жа час, калі вы атрымалі адмову ў адной з краінаў Еўразвязу, такі ж вынік будзе і ў іншых.

«Грузіны самі просяць абароны ў Еўропе»

Падача на міжнародную абарону ў Еўразвязе – гэта трэці варыянт дзеянняў, якія могуць зрабіць беларусы пасля выхаду «пашпартнага ўказу». Больш за ўсіх сёння насустрач беларусам ідзе Польшча.

«Аднак тут трэба памятаць пра пэўныя нюансы, – кажа Вольга Смалянка. – Шмат хто думае, што пажыве ў Грузіі, пакуль дзейнічае пашпарт, а потым паедзе ў тую ж Польшчу прасіць міжнароднай абароны. Але трэба ўлічваць, што могуць узнікнуць пытанні, чаму вы, скажам, 7 гадоў жылі спакойна і вам нібыта нічога не пагражала, а цяпер вы пастанавілі звярнуцца па абарону. Вядома, вы можаце казаць пра тое, што Грузія – не самая бяспечная краіна. Але ўсё роўна, калі вы некалькі гадоў пражылі ў небяспечнай краіне, непазбежна паўстане пытанне –  і на яго трэба мець адказ».

Грузія насамрэч лічыцца не самай бяспечнай краінай, і на гэтым можна рабіць акцэнт. То бок калі чалавек жыў у Польшчы і пастанавіў раптам прасіць абарону ў Нямеччыне, то ён дакладна атрымае адмову. З Грузіяй шанц ёсць, мяркуе юрыстка:

«Самі грузіны просяць абарону ў Еўразвязе. Колькасць уцекачоў з Грузіі павялічваецца з кожным годам. Але трэба памятаць таксама, што вы – не грамадзянін Грузіі».

Не будзе перашкодай для атрымання міжнароднай абароны ў Польшчы нават наяўнасць ВНЖ у Грузіі. Аднак пытанні ўсё роўна могуць узнікнуць.

Трэба памятаць, што сам указ № 278 не ёсць падставай для легалізацыі за мяжой ці атрымання статусу ўцекача. Указ можа выступаць дадатковым аргументам, каб прасіць паскорыць працэдуру разгляду заявы, пакуль у вас дзейнічае пашпарт, зазначае Вольга Смалянка.

«Як будзе далей развівацца сітуацыя ў Грузіі і якім будзе стаўленне да беларусаў, цяжка сказаць. Ці будзе яно такім жа, як да расейцаў, ці не, пакуль нельга адназначна меркаваць. Так, ужо ёсць выпадкі, калі людзей не пускалі ў краіну. Так, беларусаў ужо ўносяць у базы няўезных. Пакуль не масава, аднак такія базы ёсць, гэта дакладная інфармацыя. І ў іх больш як адна-дзве асобы. І на гэтым таксама можна рабіць акцэнт пры падачы на міжнародную абарону», – кажа юрыстка.

Як у Грузіі атрымаць візу ў Еўразвяз

Каб з Грузіі выехаць у Польшчу ці Літву, патрэбная віза. На сённяшні дзень у беларусаў ёсць два варыянты візаў, што можна атрымаць у Грузіі – шэнгенскія і нацыянальныя. Цяпер найлепш выдаюць візы ў польскай амбасадзе. Нямецкая амбасада ў Тбілісі выдае шэнгенскія візы нават без ВНЖ.

У польскую амбасаду можна проста напісаць на электронную пошту, патлумачыць сваю сітуацыю, і яны даволі хутка запісваюць на падачу. Але аптымальны варыянт, кажа Вольга Смалянка, калі ёсць нейкае падтрыманне, напрыклад, ад нейкай арганізацыі, ад праваабаронцаў. Сёння дапамогу ў атрыманні польскай візы аказваюць Беларускі дом у Варшаве, Дом правоў чалавека, Беларуская дыяспара Аджарыі.

Гуманітарная віза выдаецца на год. Аднак калі сканчаецца пашпарт, візу могуць даць і на меншы тэрмін, да моманту сканчэння пашпарту. Пра ўсе сітуацыі можна размаўляць і тлумачыць у амбасадзе, кажа Вольга Смалянка. Візу ў парадку выключэння могуць паставіць у тым ліку ў пашпарт, старэйшы за 10 гадоў.

«Сёння вялізная колькасць людзей у свеце сталі ўцекачамі»

У Польшчы на падставе гуманітарнай візы можна атрымаць гуманітарны ВНЖ. Аднак, зазначае Вольга Смалянка, ён даецца толькі адзін раз. Таму трэба загадзя думаць, як вы будзеце легалізоўвацца потым і што вы будзеце рабіць, калі цягам гэтага трохгадовага ВНЖ у вас скончыцца пашпарт.

Гісторыі
«Гэта шызафрэнія!» Як указ Лукашэнкі аб пашпартах адаб’ецца на беларусах, якія зʼехалі з краіны да 2020 года
2023.09.13 09:00

Таксама пэўнасці не дае працоўны ВНЖ, бо праца можа змяніцца, яе можна згубіць. А працоўны ВНЖ даецца ў прывязцы да канкрэтнага працадаўцы, і калі ён змяняецца, пра гэта трэба паведамляць у памежную службу. Калі гэтага не зрабіць, пры выездзе паставяць забарону на заезд у Польшчу.

Калі вы хочаце атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы, вам патрэбная менавіта польская віза. Калі ў вас будзе літоўская, вас могуць перадаць Літве паводле Дублінскага пагаднення.

Паводле Вольгі Смалянкі, пытанне міжнароднай абароны апошнім часам у свеце стаіць вельмі востра.

«Вялізная колькасць людзей стала ўцекачамі. Украінцы, якія масава бягуць ад вайны, расейцы, якія таксама масава з’язджаюць, беларусы, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў. А яшчэ ёсць тыя ж сірыйцы і іншыя, – кажа юрыстка. – У гэтай сітуацыі інстытутам міжнароднай абароны трэба хутка ўключацца, адаптавацца і развівацца. І часта відаць, што, нягледзячы на Канвенцыю 1951 года, розныя іншыя дакументы, не ўсё і не заўсёды працуе. Да тых жа жэнеўскіх пашпартоў, падарожных дакументаў могуць узнікаць пытанні ў аэрапортах».

Ці можна выйсці з беларускага грамадзянства на сваё жаданне?

Пасля выхаду «пашпартнага ўказу» стане больш прашэнняў ад беларусаў наконт міжнароднай абароны, але адначасова будзе больш адмоваў, мяркуе Вольга Смалянка:

«Раней на ўцякацтва падаваліся пераважна беларусы, у якіх былі падставы для гэтага. А цяпер будуць спрабаваць у тым ліку і тыя, якія не ўцякалі ад рэпрэсіяў, а проста каб легалізавацца ў сувязі з гэтым указам аб пашпартах. І Польшчы прыйдзецца вызначацца, што з імі рабіць».

Да ўказу даволі прывабнымі для беларусаў былі так званыя візы лічбавых качэўнікаў, з якімі можна было ехаць у Іспанію, Партугалію. Але цяпер з гэтым варыянтам складаней, бо трэба думаць, што вы будзеце рабіць, калі скончыцца пашпарт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарты вольнай Беларусі.
Фота: Белсат

Вольга Смалянка распавяла пра краіну, у якой беларусам, народжаным у СССР, вельмі лёгка атрымаць грамадзянства – гэта Кыргызстан.

Пасля падпісання ўказу шмат хто з беларусаў пачаў задавацца пытаннем, як выйсці з беларускага грамадзянства. Паводле заканадаўства РБ, дзяржава можа пазбавіць грамадзянства, аднак самастойна выйсці з яго можна толькі пры наяўнасці грамадзянства іншай краіны, тлумачыць Вольга Смалянка. Стаць чалавекам без грамадзянства беларускае заканадаўства не дазваляе.

Які з пералічаных варыянтаў дзеянняў абраць – вырашаць кожнаму канкрэтнаму беларусу на падставе індывідуальнай сітуацыі. Праваабаронцы і юрысты могуць падказаць аптымальны алгарытм крокаў, аднак не змогуць вызначыць за чалавека, што лепш для яго, зазначае Вольга Смалянка. Аднак у любым выпадку экспертка раіць берагчы свае дакументы ў эміграцыі – пашпарт, візы, дазвол на жыхарства, пасведчанне кіроўцы і іншыя. Лепш за ўсё захоўваць іх у непрамакальных тэчцы ці пакеце з зіплокам. Мае сэнс таксама зрабіць копіі ўсіх дакументаў і з сабой насіць менавіта іх, а не арыгіналы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў