Ціханоўская выказалася пра прысуд праваабаронцы Насце Лойцы


У Менскім гарадскім судзе 20 чэрвеня быў абвешчаны прысуд праваабаронцы Насце Лойцы – 7 гадоў пазбаўлення волі. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася пра гэты прысуд.

Праваабаронца Наста Лойка на судовым паседжанні.
Фота: sb.by

«Беларускі «суд» вынес чарговы вырак за сумленную працу і жаданне дапамагаць людзям. Сёння 7 гадоў калоніі атрымала праваабаронца Наста Лойка.

Наста працавала не толькі ўнутры Беларусі, але і ўдзельнічала ў міжнародных кампаніях правоў чалавека. Яна прадстаўляла інтарэсы беларусаў, якія пакутуюць ад дыскрымінацыі, гвалту ці пераследу, і гучна казала пра тыя праблемы, якія любіць ігнараваць рэжым. Наста была голасам тых, каго было не чуваць, і надзеяй для тых, каму была патрэбная дапамога.

Наста вельмі любіць свайго сабаку Эрыка, і цяпер яна вельмі балюча перажывае разлуку з ім. Яна напісала ліст з турмы, які нікога не пакіне абыякавым. Наста – моцная жанчына з вялікім сэрцам, але ёй, як і тысячам беларускіх палітзняволеных, патрэбныя нашыя ўвага і падтрымка», – пракаментавала прысуд Святлана Ціханоўская.

Нагадаем, Насту Лойку абвінавацілі ў распальванні варожасці да працаўнікоў міліцыі (ч. 3 арт. 130 КК РБ). Нагодаю стаў нібыта ўдзел дзяўчыны ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год, дзе сілавікам даецца крытычная ацэнка.

Суд над Настай распачаўся 13 чэрвеня. Працэс вяла суддзя Алена Шылько. Праваабаронцу затрымалі летась у кастрычніку. Наста магла з’ехаць ад пераследу, але да апошняга заставалася ў Беларусі. Яе затрымалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу, а пазней абвінавацілі ў распальванні варожасці.

Каментар
Праваабаронцы: Пераслед Насты Лойкі – асабістая помста сілавікоў
2023.06.13 18:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў