Прысуд Насце Лойцы і знос будынку царквы «Новае Жыццё». Рэпрэсіі за 20 чэрвеня


У Беларусі штодня працягваюцца рэпрэсіі супраць жыхароў краіны, якія нязгодныя з гвалтам сілавікоў, фальсіфікацыямі выбараў і вайной. «Белсат» распавядае пра факты такіх рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 20 чэрвеня.

У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі. Ёй прысудзілі 7 гадоў калоніі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя. Прысуд вынесла Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вольга Дзіндзелевіч.

Праваабаронца Наста Лойка на судовым паседжанні.
Фота: sb.by

Супраць магілёўскага прадпрымальніка Уладзіміра Тычынскага, якога затрымалі за ўкраінскі і нацыянальны сцяг у салоне аўтамабіля, распачалі крымінальную справу. Праваабаронцы паведамляюць, што пакуль ён знаходзіўся на соднях, на яго «накапалі» падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы. 53-гадовага мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў красавіку мінулага года ён зняў перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа «экстрэмісцкаму» медыя. Цяпер Тычынскі знаходзіцца ў следчым ізалятары Магілёва.

У Менску 20 чэрвеня ў закрытым рэжыме пачалі судзіць жыхара Берасця Андрэя Цалюка, якога абвінавачваюць па васьмі крымінальных артыкулах. Справу разглядае суддзя Анжэліка Данілава. Раней сілавікі паведамлялі, што берасцеец быў затрыманы за распаўсюд асабістых дадзеных супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў і заклікі да гвалтоўных дзеянняў. Таксама ён нібыта «пакінуў больш як 2 тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў, з якіх мінімум 100 запісаў змяшчаюць у сабе прыкметы парушэнняў заканадаўства».

Заблакавалі сайт Светлагорскага тэлеканалу «Ранак» – ён перастаў адкрывацца ў Беларусі і за яе межамі. Раней, 11 чэрвеня, у Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак», імаверна, праз сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.

На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Каментар
Паўлу Севярынцу зменяць рэжым утрымання, магчыма – перавядуць у турму
2023.06.20 13:47

У Лідзе вынеслі прысуд былому супрацоўніку міліцыі, 53-гадоваму Юрыю Царэвічу. Яго абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў, які прысудзіў мужчыне тры гады «хіміі». Па матэрыялах справы, Царэвіч у «Одноклассниках», выказваючы негатыўнае стаўленне да перадвыбарнай кампаніі і да вынікаў выбараў прэзідэнта, размясціў рэпост з паклёпам у дачыненні да Лукашэнкі.

У судзе Бярозаўскага раёну асудзілі Вадзіма Говіна за абразу Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 368 КК. Суддзя Наталля Мінчанка прызначыла яму паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у сацсетцы «Вконтакте» пакінуў абразлівы каментар у бок Лукашэнкі, у якім абвінавачваў яго ў здзяйсненні злачынства супраць чалавечнасці і акце тэрарызму.

Жыхару Пінску Ягору Дашэвічу прызначылі два гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар у Telegram пад відэаролікам з выступам Лукашэнкі. Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.

Hавiны
У Менску пачалі зносіць будынак царквы «Новае жыццё»
2023.06.20 13:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў