ПАРЕ падтрымала рэзалюцыю аб паляпшэнні ўмоў для беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю «Вырашэнне канкрэтных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні». «За» – 87 галасоў, «супраць» – 0, «утрымаліся» – 3. У рэзалюцыі адзначана, што асамблея ўражана стойкасцю, мужнасцю і рашучасцю беларусаў у выгнанні, якія змагаюцца за перамогу дэмакратыі ў сваёй краіне.

Галасаванне ПАРЕ за рэзалюцыю, якая тычыцца пытанняў беларусаў за мяжой.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Усяго ў рэзалюцыі ПАРЕ 42 пункты. У першым жа пункце выказваецца занепакоенасць лёсам соцень тысяч беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, паколькі ў іх не было іншага выбару, акрамя як уцячы ад рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі нейкія сумневы ў характары апошняга і заставаліся, то сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года паказалі яго сапраўдны характар, ператварыўшы Беларусь у турму пад адкрытым небам, дзе правы чалавека зведзены на нішто», – гаворыцца ў першым пункце.

Прызнаючы, што беларускі народ не можа быць прыроўнены да Лукашэнкі, асамблея лічыць, што беларусы ў выгнанні не павінны падвяргацца дыскрымінацыі праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

Асамблея падкрэслівае, што хаця большасць беларусаў хочуць вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь, важна, каб краіны, якія іх прымаюць, зрабілі ўсё магчымае для таго, каб яны маглі заставацца на законных падставах у годных умовах, якія паважаюць іх асноўныя правы, гарантаваных Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека і іншымі адпаведнымі дакументамі Рады Еўропы, да ўсталявання дэмакратычнага рэжыму ў Беларусі.

У дакуменце гаворыцца, што дэмакратычная Беларусь будзе садзейнічаць забеспячэнню бяспекі ў рэгіёне, а беларусы ў выгнанні павінны быць часткай працэсу вырашэння крызісу.

У рэзалюцыі рэкамендуецца краінам Еўропы зрабіць наступныя крокі:

  • арганізаваць выдачу гуманітарныя візы ва ўсіх пасольствах і консульствах, якія працуюць у Менску, а таксама выдаваць шматразовыя візы сваякам палітзняволеных;
  • выдаваць візы ў Еўразвязу ў краінах, куды беларусы могуць патрапіць без візы, і рабіць іх без мясцовага ВНЖ;
  • арганізаваць умовы і распрацаваць інструменты для доўгатэрміновай легалізацыі беларусаў у выгнанні, у тым ліку ў краінах-сябрах Рады Еўропы;
  • разгледзець магчымасць прызнання пашпартоў Новай Беларусі, а таксама прызнання беларускіх пашпартоў са скончаным тэрмінам прыдатнасці;
  • не патрабаваць ад беларусаў у выгнанні дакументаў, якія яны могуць атрымаць толькі ў беларускіх дзяржаўных органах.

Уздымаецца пытанне аб цяжкасцях адкрыцця рахунку ў банках для беларусаў. Асамблея вітае той факт, што шмат якія прадпрыемствы змаглі пераехаць з Беларусі, у прыватнасці, у Грузію, Літву і Польшчу, але адзначае, што цяжкасці ў гэтым захоўваюцца.

У рэзалюцыі таксама гаварыцца, што асамблея ўражаная адраджэннем цікавасці да беларускай мовы і культуры, рашуча падтрымлівае ініцыятывы грамадзянскай супольнасці. Заклікае дзяржавы-члены ЕЗ садзейнічаць стварэнню выдавецтваў на беларускай мове, выкладанню беларускай мовы і культуры ва ўніверсітэтах, распрацоўцы новых інструментаў, якія садзейнічаюць распаўсюджванню беларускай мовы і культуры сярод тых, хто знаходзіцца ў выгнанні, а таксама ў Беларусі.

«Увесь гэты працэс важны, таму што вельмі яскрава падкрэслівае беларусаў як спецыфічную групу, дзеля якой трэба ствараць умовы – выдача гуманітарных візаў і стварэнне гуманітарных калідораў, паляпшэнне ўмоваў доступу да рынку працы і адукацыі, стварэнне асаблівых працэдураў легалізацыі», – распавяла пра рэзалюцыю дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

Аднак рэзалюцыі ПАРЕ па палітычных пытаннях маюць рэкамендацыйны характар і не маюць абавязковай сілы для краін-членаў арганізацыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў