Беларускія футбольныя клубы даведаліся пра сваіх супернікаў ў еўрапейскіх турнірах сезону 2023-2024


20 чэрвеня ў штаб-кватэры Звязу Еўрапейскіх футбольных Асацыяцыяў УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне першых кваліфікацыйных раўндаў усіх трох асноўных клубных турніраў, што праводзяцца пад эгідай гэтай арганізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Традыцыйна лёсаванне правялі глава аддзелу клубных спаборніцтваў і календара немец Tobias Hedtstück ды старэйшы менеджар УЕФА па спаборніцтвах брытанец Tom Barlow. 

Ад Беларусі, якая ўпершыню засталася без чэмпіёна і срэбнага прызёра паводле вынікаў мінулага, 32-га чэмпіянату краіны у лёсаванні Лігі чэмпіёнаў УЕФА браў бронзавы прызёр турніру – барысаўскі БАТЭ. Нагадаем, што падчас мінулага чэмпіянату «Шахцёр» (Салігорск) выгуляў залатыя медалі, а «Энергетык-БДУ» з Менску срэбныя ўзнагароды, але абодва клубы 11 траўня гэтага года былі пазбаўленыя прызавых месцаў з-за арганізацыі дамоўленых матчаў. 

Супернікам БАТЭ сталі пераможцы албанскай Суперлігі – футбалісты каманды «Партызані» са сталіцы краіны – Тыраны. Паводле клубнага рэйтынгу УЕФА на гэты год, у які ўключаныя 423 еўрапейскія дружыны, «партызаны» займаюць 260-ю пазіцыю, а БАТЭ значна вышэй – на 107-м месцы, застаючыся самым рэйтынгавым клубам Беларусі. 

Першы двубой 11 ці 12 ліпеня павінен адбыцца ў Албаніі. Дзе пройдзе гульня ў адказ – пакуль невядома. Як нагадвае афіцыйны сайт «жоўта-сініх», паводле рашэння выканкамаму УЕФА ўсе беларускія прадстаўнікі, якія ўдзельнічаюць у еўракубках, не могуць прымаць сваіх супернікаў на хатніх стадыёнах, а на выбраных нейтральных арэнах мусяць гуляць без заўзятараў. Пра месца правядзення двубою ў адказ паміж БАТЭ і «Партызані» будзе абвешчана дадаткова.

Сёння ж адбылося лёсаванне і Лігі Канферэнцый УЕФА. У трэцім паводле ранжыру  турніры нашую краіну рэпрэзентуюць сталічнае «Дынама» (чацвёртая каманда паводле вынікаў мінулага сезону і лідар цяперашняга чэмпіянату) ды «Нёман» з Горадні. 

Гарадзенцы сталі толькі 9-мі летась у чэмпіянаце краіны, але еўракубкавую ліцэнзію атрымалі дзякуючы выхаду ў паўфінал Кубка краіны. Менчукам у супернікі дастаўся сараеўскі «Жэлезнычар» з Босніі і Герцагавіны. Гарадзенцам – «Вадуц» з Ліхтэнштэйну. Першыя двубоі стартавага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Канферэнцый УЕФА «Дынама» і «Нёман», таксама як і БАТЭ, павінныя будуць згуляць на палях супернікаў 13 ліпеня. 

Сустрэчы ў адказ на стадыёнах, якія беларускія клубы назавуць пазней, – праз тыдзень, 20 ліпеня. Летась, як, на жаль, і ў 2021 годзе, ніводны беларускі клуб не здолеў мінуць ужо стартавыя для сябе раўнды еўратурніраў. Магчыма сёлета ўзровень супернікаў дазволіць прасунуцца хоць крыху далей.

Аляксандр Пуціла belsat.eu 

Стужка навінаў