«Рэпетыцыя зрынання Лукашэнкі Масквою магчымая падчас ЧС па хакеі»


Пра магчымасці правакацыі з боку Расеі падчас чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Менску, распавяла расейская праваабаронца Вольга Захарава.

Вольга Захарава (злева) і Мар'я Пшэломец (Maria Przełomiec) падчас дыскусіі. Фота belsat.euВольга Захарава (злева) і Мар’я Пшэломец (Maria Przełomiec) падчас дыскусіі. Фота belsat.euПадчас дыскусіі на тэму ЧС па хакеі ў Беларускім доме ў Варшаве меркаванне пра магчымасць правакацыяў з боку Расеі выказала дырэктарка «Freedom files», праваабаронца з Расеі Вольга Захарава. «Падчас чэмпіянату магчымая таксама рэпетыцыя зрынання ўлады Лукашэнкі. Калі Пуцін вырашыць яго пазбавіцца, то будзе рабіць гэта падчас выбараў. Але некаторыя крокі ён можа зрабіць і раней, каб паглядзець, якая рэакцыя сілавікоў, грамадзянаў».

Правакацыяў з боку Масквы падчас чэмпіянату не выключае і экс-кандыдат на прэзідэнта, былы намеснік міністра замежных справаў Андрэй Саннікаў. «Яны будуць скіраваныя супраць тых людзей, якія будуць дэманстраваць незалежнасць нашай краіны. Я не выключаю, што будуць правакацыі і супраць замежных грамадзянаў. Гэтая сітуацыя будзе выкарыстоўвацца», – сказаў ён.

Саннікаў упэўнены, што расейская агрэсія «не скончыцца толькі на Украіне». Ён лічыць, што Лукашэнка «падрыхтаваў усё для здачы Беларусі Пуціну». «Ён гадамі рабіў ўсё, каб Беларусь сталася залежная ад Расеі, у тым ліку і праз энергетычныя рэсурсы. Краіна цяпер перабывае ў вельмі цяжкім эканамічным стане. І адбываецца яшчэ шмат чаго дрэннага».

Аднак магчымасць гвалтоўнага звяржэння Лукашэнкі, паводле Саннікава, малаверагодная. «Пуціну гэта непатрэбнае. А Лукашэнка і так будзе бараніць таталітарную ўладу, а незалежнасць здасць Расеі».

ІЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары