Палітвязень Алесь Бяляцкі – у шпіталі


Зняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ў выніку атручвання трапіў у шпіталь, паведаміла ягоная жонка Наталля Пінчук.

Інфармацыю пра здароўе мужа яна атрымала з ускосных крыніцаў, якім давярае, зазначыла спадарыня Пінчук.

Жонка палітвязня таксама паведаміла, што лісты ад Бяляцкага ёй прыходзяць раз на адзін-два тыдні.

Алесь Бяляцкі перабывае за кратамі ўжо больш за тысячу дзён. Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 года і асудзілі за ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо «Вясна» працуе нелегальна – улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйску, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. У 2012 годзе, а таксама ў 2013-ым і 2014-ым Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобэлеўскую прэмію міру.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў