Кіраўніцтва «Альфы» пойдзе пад суд за невыкананне загаду


Антытэрарыстычная аперацыя ўкраінскіх сілавікоў на ўсходзе Украіны правалілася. Бяздзейнасць і здрада сталі галоўнымі прычынамі нізкай эфектыўнасці ды малой выніковасці дзеянняў сілавых структураў у барацьбе з тэрарызмам на ўсходзе Украіны. Пра гэта заявіў часовы ўкраінскі прэзідэнт Аляксандр Турчынаў. За невыкананне загадаў падчас аперацыі ды адмову страляць у антымайданаўцаў пад суд пойдуць тры камандзіры падраздзяленняў «Альфы».

Турчынаў прызнаў, што сітуацыя ў Данецкай і Луганскай вобласцях не кантралюецца Кіевам. Зараз цэнтральная ўлада намагаецца не дапусціць далейшага захопу адміністрацыйных будынкаў у Харкаўскай, Адэскай ды іншых вобласцях.

«Славянск захоплены тэрарыстычнымі групоўкамі, кантраляванымі Расеяй. Узброеныя сілы Украіны прыведзеныч ў поўную баявую гатовасць у сувязі з пагрозаю з боку Расеі», – адзначыў ён.

Кіраўнік Вярхоўнай Рады загадаў стварыць у рэгіёнах «батальёны тэрытарыяльнай абароны» ды заклікаў далучацца добраахвотнікаў, якія б дапамагалі ахоўваць мяжу, стратэгічныя аб’екты і органы ўлады.

Шырокамаштабная антытэрарыстычная аперацыя з прыцягненнем Узброеных сілаў Украіны пачалася 13 красавіка, аднак не дала неабходных вынікаў. На цяперашні момант прарасейскія сепаратысты ў Данецкай вобласці захапілі ды ўтрымліваюць каля двух дзясяткаў будынкаў, у тым ліку мэрыі, тэлецэнтры, пракуратуры, пастарункі ды службы нацыянальнай бяспекі. Пад кантролем узброеных баевікоў з георгіеўскімі стужкамі застаюцца гарадскія аддзелы міліцыі ды падраздзяленні СБУ ў Славянску, Краматорску і Горлаўцы.

Тым часам сёння у Харкаве затрымалі дваіх каардынатараў закалотаў, якія кіравалі дзеяннямі з-за мяжы. А ў Мелітопалі Запарожскай вобласці Служба бяспекі Украіны затрымала дыверсанта, які 1 траўня планаваў захоп гарадскіх адміністрацыйных будынкаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў