«Коммерсантъ»: Лукашэнка і Мазепін не дамовіліся


Аляксандр Лукашэнка і намеснік старшыні рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Дзмітрый Мазепін на сустрэчы 18 красавіка ў Менску не змаглі дамовіцца наконт аднаўлення працы супольнага трэйдару. Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкаю на свае неназваныя крыніцы.

У Менску адбылася першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з уладальнікам «Уралхіму», намеснікам старшыні рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Дзмітрыем Мазепіным. Гэта першыя афіцыйныя перамовы кіраўніцтва кампаніі з уладамі Беларусі з моманту змены акцыянераў «Уралкалію» ў канцы 2013 года.

Лукашэнка назваў сустрэчу «ў нейкай ступені гістарычнаю пасля таго, што адбылося ў адносінах з былым акцыянерам». Бакі прыйшлі да высновы, што разрыў агульнага трэйдынгу «Уралкалію» з «Беларуськаліем» і падзенне коштаў на калій не пайшлі на карысць ні кампаніям, якія рэзка знізілі прыбытак у 2013 годзе, ні рынку.

Але крыніцы выдання «Коммерсантъ», знаёмыя з сітуацыяй, адзначаюць, што ніякай канкрэтнай пастановы на сустрэчы не прынялі і варыянтаў далейшае супрацы не абмяркоўвалі. Паводле іх, гэта была «дэкларацыя пра намеры», якая мусіла прадэманстраваць пацяпленне адносінаў пасля змены акцыянераў. Перамовы пра аднаўленне супольнага трэйдынгу, калі яны будуць, пройдуць на рабочым узроўні паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем».

Крыніца выдання на рынку адзначыла, што асноўнае патрабаванне расейскай кампаніі да новага трэйдару – яго рэгістрацыя ў Расеі ды раздзяленне доляў у продажы парытэтна вытворчасці (гэта значыць, прыблізна 65 % супраць 35 % на карысць «Уралкалію»). У 2013 годзе вытворчасць «Уралкалію» склала 10 млн т., «Беларуськалію» – прыблізна 6,5 млн т.

Крыніцы сумняюцца, што найбліжэйшым часам пачнуцца актыўныя перамовы наконт стварэння трэйдару, «пакуль высокі сезон продажу ды на рынку ёсць попыт, кампаніі могуць працаваць і асобна». Адзін з суразмоўцаў выдання адзначае, што пытанне можа актывізавацца адносна другога паўгоддзя 2014 года, калі будзе зразумела, што Беларусь не можа прадаць сваіх аб’ёмаў.

У ліпені 2013 года расейская кампанія «Уралкалій» абвесціла пра выхад са складу супольнага з Беларуссю ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) у сувязі з тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю «Беларуськалію» ў абыход БКК.

6 сакавіка 2014 года Лукашэнка заявіў, што Беларусь не пойдзе на стварэнне супольных кампаніяў для продажу калійных угнаенняў у Маскве: «Мы гатовыя аж да аднаўлення нашае супрацы, як гэта было ў лепшыя гады. Але такая кампанія будзе створаная (калі будзе), толькі ў Менску. Ніякіх замежных кампаніяў мы ствараць не будзем, мы навучаныя горкім вопытам працы».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў