«Толькі Богу вядома, якая ў яго канчатковая мэта»


Прэм’ер-міністр Украіны – пра імперскія планы Уладзіміра Пуціна.

У інтэрв’ю NBC Арсеній Яцэнюк выказаў меркаванне, што прэзідэнт Расеі імкнецца аднавіць савецкую імперыю. «У прэзідэнта Пуціна ёсць мара аднавіць Савецкі Саюз. З кожным днём ён ідзе далей і далей. Аднаму Богу вядома, якая ягоная канчатковая мэта», – сказаў Яцэнюк у эфіры тэлеканалу NBC.

{movie}Прэм’ер -міністр Украіны пра імперскія планы Уладзіміра Пуціна|right|16008{/movie}

Кіраўнік ураду Украіны таксама адказаў на пытанне амерыканскага журналіста пра тое, што ён думае пра антысеміцкія інцыдэнты на ўсходзе краіны. «Мы маем інфармацыю, што гэтак званыя мірныя пратэстоўцы са стралковаю зброяй у руках распаўсюджвалі ўлёткі з патрабаваннем да ўсіх габрэяў зарэгістравацца. Сёння раніцаю я запатрабаваў ад Службы бяспекі Украіны без прамаруджання знайсці гэтых нягоднікаў і прыцягнуць да адказнасці», – зазначыў Яцэнюк.

Раней у Данецку ля ўваходу ў сінагогу людзі ў масках раздавалі ўлёткі з сімволікаю сепаратысцкай «Данецкай рэспублікі» ды расейскім сцягам, у якіх утрымлівалася патрабаванне да габрэяў зарэгістравацца ў адміністрацыі самаабвешчанай рэспублікі пад пагрозаю канфіскацыі маёмасці і дэпартацыі. Антысеміцкую выхадку ў рэзкай форме асудзіў дзяржсакратар ЗША Джон Керы. Абурэнне з гэтай нагоды выказаў і прэзідэнт Барак Оўбама.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў